Пошук

24.01.2025 22:12   Vatican News
Ілюстрацыйнае фота: Vatican Media / Divisione Foto

24 студзеня, ва ўспамін святога Францішка Сальскага, апекуна журналістаў, Папа Францішак скіраваў пасланне на 59-ы Сусветны дзень сацыяльнай камунікацыі. Яго тэма: «З лагоднасцю дзяліцеся надзеяй, якую маеце ў сэрцах».

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, у абнародаваным у пятніцу дакуменце Пантыфік заўважыў, што аддае перавагу камунікацыі і інфармаванню, якія «не прадаюць ілюзіі ці страх», а шукаюць і распаўсюджваюць «гісторыі, прасякнутыя дабром», здольныя рабіць «свет менш глухім да воклічу апошніх».

Папа прызнаўся, што марыць, каб журналісты ўмелі заставацца лагоднымі пасярод «слоўных войнаў», якія нярэдка вядуць да сапраўдных крывавых канфліктаў; каб былі людзьмі, якія шукаюць «іскрынкі дабра — гісторыі, што робяць вялікімі сэрцы, ствараюць братэрства і нясуць надзею».

Слоўныя войны, агрэсія і супрацьпастаўленне

Папа Францішак заўважыў, што ў свеце шмат камунікацыі, якая «спараджае страх і адчай, забабоны і крыўду, фанатызм і нават нянавісць»; якая часта «спрашчае рэальнасць», зводзячы яе да слоганаў, «каб выклікаць інстынктыўныя рэакцыі» ці «выкарыстоўвае слова як лязо», распаўсюджваючы «фальшывую ці наўмысна скажоную інфармацыю», каб узбуджаць пачуцці, правакаваць, раніць.

Папа Францішак адзначыў, што ўсё гэта сведчыць пра камунікацыю, заснаваную на агрэсіі, у якой, пачынаючы ад ток-шоў і заканчваючы «слоўнымі войнамі ў сацыяльных сетках», існуе рызыка перавагі парадыгмы «суперніцтва, супрацьпастаўлення» і «маніпулявання грамадскай думкай».

Камунікацыя, якая спрыяе адкрытасці і сяброўству

Святы Айцец падкрэсліў неабходнасць пераадолення логікі камунікацыі, якая шукае ворагаў і абрынаецца на іх.

Замест гэтага Папа Францішак марыць пра «камунікацыю, якая ведае, як зрабіць нас спадарожнікамі многіх нашых братоў і сясцёр», якая адраджае «надзею ў такія цяжкія часы».

Гаворка ідзе пра камунікацыю, якая звяртаецца «да сэрца», выклікаючы «не гарачую рэакцыю закрытасці і гневу, а паставу адкрытасці і сяброўства, здольнасць засяродзіцца на прыгажосці і надзеі нават у самых, здавалася б, адчайных сітуацыях».

Умець камуканікаваць з лагоднасцю

Папа Францішак адзначыў, што натхненнем для тэмы яго Паслання сталі словы з Першага паслання святога Пятра пра тое, што хрысціяне павінны быць заўсёды гатовыя даць адказ кожнаму, хто патрабуе ад іх слова пра іх надзею. Каб хрысціянская камунікацыя адпавядала гэтаму закліку, трэба быць здольнымі «бачыць схаваныя крышынкі дабра нават тады, калі здаецца, што ўсё страчана», абвяшчаць прыгажосць Божай любові і яе навізну, а таксама ўмець камунікаваць з лагоднасцю.

«Я мару пра камунікацыю, якая не прадае ілюзій і страху, але здольная ствараць падставы для надзеі. Для гэтага мы павінны аздаравіцца ад „хвароб“ прадузятасці і самадастатковасці, пазбягаючы рызыкі казаць пра саміх сябе», — заўважыў Пантыфік.

Гісторыі надзеі

У сваім Пасланні на Дзень сацыяльнай камунікацыі Папа Францішак заахвоціў шукаць і пердаваць «гісторыі, прасякнутыя надзеяй», «гісторыі дабра», устаўляючы іх у «зморшчыны штодзённых навін».

«Як цудоўна знаходзіць такія зярняткі надзеі і рабіць іх вядомымі. Гэта дапамагае свету быць крыху менш глухім да крыку апошніх, крыху менш абыякавым, крыху менш закрытым», — сцвердзіў Папа Францішак.

Абноўлена 24.01.2025 22:12
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.