Пошук

20.05.2024 16:48   Тэкст: Дар’я Шур / Фота: Ганна Клімовіч / Catholic.by

11 і 12 мая пры парафіі святога Арханёла Міхала ў Навагрудку праходзіў першы ў Беларусі хрысціянскі хакатон — спаборніцтва спецыялістаў са сферы інфармацыйных тэхналогій.

Паколькі ў праграмаванні і наогул у сферы ІТ шырока выкарыстоўваецца англійская мова, дэвіз першага падобнага ў нашай краіне мерапрыемства гучаў: code – pray – joy (з англ.: пішы код, маліся, радуйся).

Хакатон — гэта спаборніцтва, дзе спецыялісты са сферы інфармацыйных тэхналогій аб’ядноўваюцца ў каманды, каб вырашыць пэўную праблему або прыдумаць новае рашэнне за абмежаваны час.

У мерапрыемстве ўзялі ўдзел 42 чалавекі: прадстаўнікі розных хрысціянскіх канфесій і спецыяльнасцяў свету ІT, якія падчас хакатону ў камандах працавалі над ідэямі і прататыпамі (першай версіяй) хрысцінякіх лічбавых праектаў.

Удзельнікаў чакала насычаная праграма, якая распачалася ў пятніцу са знаёмства і… начной экскурсіі па касцёле святога Архангела Міхаіла. У суботу і нядзелю каманды працавалі над праектамі, слухалі канферэнцыі ад спікераў, а таксама атрымлівалі зваротную сувязь ад ментараў. Фармат хакатону прадугледжваў працу ў начны час; а паколькі мерапрыемства было хрысціянскім, у яго межах адбылося таксама начное малітоўнае чуванне перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам і адарацыя.

У нядзелю адна з каманд нават паспела зрабіць CustDev — тэставанне праекту і збор першых водгукаў, паколькі аўдыторыяй іх распрацоўкі з’яўляюцца дзеці, якія рыхтуюцца да Першай Камуніі. Акурат у нядзелю ў навагрудскай парафіі святога арханёла Міхала маленькія вернікі ўпершыню прыступалі да Камуніі. Дзеці і іх бацькі з радасцю прынялі ўдзел у праекце ўдзельнікаў хакатону.

Ключавой падзеяй стала прэзентацыя праектаў, калі ўдзельнікі падзяліліся вынікамі сваёй працы за два дні хакатону.

Каманды прадставілі ідэі і прататыпы праектаў:

  • ўэб-сайт «Калекцыя.бай» — агрэгатар каталіцкіх актыўнасцяў: рэкалекцый, пілігрымак, сустрэч, дзе арганізатары могуць дадаць анонс праз чат-бот;
  • чат-бот «Helper Здесь» для пошуку валанцёраў у парафіях;
  • ўэб-сайт «Позірк Боскі» — інфармацыйны партал, дзе можна даведацца пра святыні Беларусі, спланаваць тур і нават трапіць на 2D экскурсію анлайн;
  • ўэб-дадатак «Бог на связи» для духоўна-псіхалагічнай дапамогі і азнаямлення з Евангеллем у форме гульні;
  • Android-дадатак «Хто хоча на Неба?» — вiктарына для замацавання ведаў па Катэхiзiсу Каталiцкага Касцела;
  • мабільны дадатак «Споведзь» для фармавання ўсвядомленага падыходу да сакраменту паяднання;
  • чат-бот «Christian Compass» для пошуку адказаў на базавыя пытанні хрысціянскай веры;
  • ўэб-сайт «ProВibli» для вывучэння Бібліі праз загадкі;
  • ўэб-сайт «Ангельские сердца» — валанцёрскі маркетплэйс.

Каманды добра падрыхтаваліся і прадставілі цікавыя і карысныя праекты, таму журы было вельмі няпроста вызначыць пераможцу. Праекты ацэньваліся паводле такіх крытэраў, як карыстальніцкі досвед, тэхнічная выканальнасць, прэзентацыя праекту, арыгінальнасць ідэі і гэтак далей. У выніку першае месца было прысуджана камандзе Carlo Club з мабільным дадаткам «Хто хоча на Неба?», якое ў фармаце віктарыны-гульні дапамагае дзецям замацоўваць веды па Катэхiзiсу Каталiцкага Касцёла.

Прыз сімпатый гледачоў падзялілі паміж сабой дзве каманды, якія набралі аднолькавую колькасць галасоў: праект «ProВibli» і праект «Бог на связи». Прыз арганізатараў атрымала каманда з чат-ботам «Christian Compass». Мерапрыемства закончылася віншаваннямі і музычным афтэр-парці, дзе ў духу адзінства, радасці і любові, удзельнікі дзяліліся ўражаннямі і адпачывалі.

Каманда арганізатараў дзякуе камандзе парафіі святога Арханёла Міхала ў Навагрудку, а асабліва пробашчу ксяндзу Юрыю Жэгарыну і вікарыю ксяндзу Паўлу Аляскевічу за дапамогу ў арганізацыі і пастырскую апеку падчас хакатону.

«Няхай Пан Бог шчодра благаславіць усіх, хто малітвай, словам, служэннем, прысутнасцю і ахвяраваннямі дапамог у арганізацыі мерапрыемства!» — жадаюць арганізатары.

  • Сачыць за навінамі хрысціянскай супольнасці IT-спецыялістаў можна ў сацыяльнай сетцы інстаграм ТУТ>>>
Абноўлена 21.05.2024 08:51
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця