23 сакавіка ў смаргонскай парафіі святога Міхала Арханёла (Гродзенская дыяцэзія), дзе нясуць служэнне святары і сёстры з законніцкай супольнасці салезіянаў, адбылася IV Аратарыяда — гэта спартовыя спаборніцтвы паміж салезіянскімі араторыямі Беларусі.
Удзельнікамі мерапрыемства сталі дзеці з 5-а па 7-ы клас, якія наведваюць араторыі пры салезіянскіх парафіях у розных мясцінах Беларусі.
Як адзначаецца на сайце Салезіянаў ксяндза Боско ў Беларусі sdb.by, распачалося спартовае свята са святой Імшы, цэлебрацыю якой узначаліў рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства ў Беларусі ксёндз Павел Шчарбіцкі SDB. У прамоўленай гаміліі дэлегат падкрэсліў, што ў кожным спаборніцтве ёсць тыя, хто перамагае, і тыя, хто знаходзіцца на апошнім месцы.
«Але часта бывае, што ў барацьбе за перамогу мы не заўважаем іншых: кожнаму важны толькі ён сам і яго першае месца.
Нам трэба імкнуцца да таго, каб спаборніцтвы нас не раздзялялі, а аб’ядноўвалі; вучыцца радавацца і сваім перемогам, і перамогам іншых», — сказаў ксёндз Павел. Ён пажадаў, каб у салезіянкіх спаборніцтвах удзельнікі здабылі дух сяброўства, і менавіта гэты дух быў галоўным лейтматывам дня.
Непасрэдна спартовыя спаборніцтвы распачаліся ў араторыі, які дзейнічае пры парафіі. Удзельнікаў Аратарыяды прывітаў адказны за душпастырства моладзі ксёндз Алег Каралёў SDB. Святар пазнаёміў прысутных з рэгламентам Аратарыяды, правёў уступную малітву і пажадаў усім поспехаў.
Напачатку юныя спартоўцы спаборнічалі ў некалькіх дысцыплінах: настольны футбол, настольны тэніс, дартс, скокі праз скакалку, шашкі і спартовыя танцы just dance.
Пасля абеду адбыўся інтэлектуальны конкурс, на якім удзельнікі адказвалі на пытанні, звязаныя з жыццём і дзейнасцю заснавальніка салезіянскага таварыства святога Яна Боско.
Напрыканцы спаборніцтваў адбыліся дзве вялікія камандныя гульні, у якіх бралі ўдзел па дзесяць чалавек з кожнага араторыя. Перамогу ў гульні «Два капітаны» ва ўпартай барацьбе атрымала каманда з Мінска. А ў спартландыі, прадэманстраваўшы значныя валявыя якасці, перамаглі гаспадары.
Апошнім пунктам праграмы ў гэты дзень сталі ўзнагароды. Ксёндз Алег Каралёў выказаў вялікую ўдзячнасць святарам са Смаргоні ксяндзам Артуру Ляшнеўскаму SDB і Міхаілу Радзевічу SDB за добра падрыхтаваную пляцоўку і ўсю лагістыку мерапрыемства; сёстрам салезіянкам, якія дбалі аб падрыхтоўцы каманд, офісу развіцця дэлегатуры, а таксама ўсёй вялікай камандзе арганізатараў, якія прычыніліся да падрыхтоўкі і правядзення Аратарыяды. Пасля кожны ўдзельнік, які дасягнуў п’едэстала, атрымаў свой медаль.
Кульмінацыйным момантам спаборніцтаў стала ўздыманне кубка камандай-пераможцам. Сёлета ім сталі гаспадары пляцоўкі — каманада смаргонскага араторыя.
Завяршыўся дзень традыцыйнымі для салезіянскай сям’і трыма малітвамі «Вітай, Марыя».