28 снежня ў Гродне прайшоў Калядны турнір па міні-футболе сярод юнакоў з каталіцкіх парафій, у якім узялі ўдзел восем каманд з трох дыяцэзій: Гродзенскай, Пінскай і Віцебскай.
Арганізатарам турніру стаў ксёндз Артур Малафей, адказны за справы спорту, дзяцей і моладзі Гродзенскай дыяцэзіі.
Перад пачаткам гульняў удзельнікі сабраліся на супольнай Эўхарыстыі ў капліцы парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне (Дзевятоўка). Цэлебрацыю святой Імшы ўзначаліў ксёндз Віктар Бохан СSsR, які таксама прамовіў гамілію. Звяртаючыся да ўдзельнікаў турніру, святар, між іншым, сказаў: «Сённяшні ўспамін святых Немаўлятаў, мучанікаў, скіроўвае нашыя думкі да разважання над нашымі планамі і амбіцыямі. За імі лёгка забыцца пра годнасць і вартасць чалавека.
Можна стацца падобнымі да Ірада і ісці да мэты нават „па трупах“, або захоўваць у жыцці спартовы прынцып Fair Play, які дазваляе нам нават пры найбольш эмацыйных спаборніцтвах шанаваць свайго бліжняга», — падкрэсліў ксёндз рэдэмптарыст.
Пасля святой Імшы ўдзельнікі турніру у духу братэрства і агульнай радасці падзяліліся аплаткай, а таксама пакаштавалі смачнай гарбаты і слодычаў. Падчас спаборніцтваў на пляцоўцы панавала вельмі цёплая і радасная атмасфера. Смачны падмацунак у перапынку паміж гульнямі дадаў маладым футбалістам сілаў. Матчы праходзілі ў бескампраміснай спартыўнай барацьбе.
Па выніках гульняў першае месца на Калядным турніры заняла зборная каманда з горада Баранавічы (Пінская дыяцэзія), у склад якой уваходзілі юнакі з парафій Маці Божай Фацімскай, святога Яна Паўла II, Божай Міласэрнасці і Маці Божай Вастрабрамскай, а таксама Узвышэння Святога Крыжа.
Месцы па выніках матчаў размеркаваліся наступным чынам:
- Баранавічы
- Германішкі
- Гродна-Дзевятоўка
- Воранава
- Глыбокае
- Гродна-Вішнявец
- Гродна, парафія святога Айца Піо
- Гродна-Паўднёвы
Узнагароду Fair Play прыз глядацкіх сімпатый і спецыяльны кубак атрымала каманда з парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі (Гродна-Паўднёвы).
У кожнай камандзе таксама быў вызначаны лепшы гулец, і ўсе яны атрымалі падарункі ад арганізатараў.
Да супольнай малітвы на святой Імшыі і да правядзення турніру далучыўся прафесійны футбаліст з клуба «Алімпія Эльблёнг» (Другая ліга Польшчы) Ян Сянкевіч, які сам паходзіць з Гродна. Менавіта ён вызначыў па выніках турніру лепшых гульцоў у камандах, а таксама ўручыў ім узнагароды.
На заканчэнне ўсе ўдзельнікі турніру атрымалі падарункі ад арганізатараў.