Чацвёрты год запар фестываль мастацтваў «Раство з капуцынамі» дапамагае вернікам і гасцям парафіі святога Францішка, што ў сталічным мікрараёне Новая Баравая, прасякнуцца атмасферай радасці і натхнення ў перыяд святкавання Божага Нараджэння.
Сёлета ў межах фестывалю, які распачаўся ў студзені і завяршыўся толькі пасля Грамніц, адбылося шмат розных і цікавых мерапрыемстваў, што сабралі тэленавітых і натхнёных людзей з розных галін мастацтва, аматараў і прафесіяналаў, аб’яднаных любоўю да Бога.
Адкрыць фестывальны марафон выпала гурту «Джолі Грын» (Jolly Green), які 8 студзеня выступіў перад парафіянамі з каляднай праграмай «Ціхая ноч».
Музы́кі гурта выканалі ангельскія, французскія, ірландскія і славянскія калядныя песні.
15 студзеня ў касцёле святога Францішка выступіла парафіяльная моладзь з тэатральнай пастаноўкай «Каб пачуць, што ёсць сэрца». Рэжысёрам і натхняльнікам інсцэніроўкі стала сястра Надзея Рачыцкая ASC. Падчас спектаклю гледачы мелі выдатную магчымасць праз простыя на першы погляд словы, рытмы, мелодыю знайсці адказы на складаныя і важныя духоўныя пытанні.
Дынамічным акцэнтам тэатральнай дзеі стаў танец моладзі з парафіі Найсвяцейшай Тройцы з горада Докшыцы (Віцебская дыяцэзія), у якой таксама нясуць служэнне меншыя браты капуцыны.
Каб душа напоўніцу прасякнулася Божаю глыбінёю, а думкі яшчэ вышэй узнесліся да Бога, для гасцей фестывалю прагучаў арганны канцэрт у выкананні Юрыя Габруся. Гэта быў першы у гісторыі парафіі арганны канцэрт, бо толькі за месяц да гэтага ў касцёле быў усталяваны сапраўдны духавы арган.
22 студзеня фестываль прымаў гасцей з горада Маладзечна. У першай частцы праграмы, прадстаўленай вернікамі з маладзечанскай парафіі святога Казіміра, дзе таксама нясуць служэнне капуцыны, адбыўся паказ тэатральнай пастаноўкі «Шлях да Бэтлеема», рэжысёрам якой з’яўляецца сястра Кацярына Грынчык MSF.
На высокім, амаль прафісійным узроўні былі прадуманыя сцэнаграфія, атрыбутыка, пластыка, вобразнасць спектаклю.
Уразілі шчырасцю і праўдзівасцю выканання роляў акторы — звычыйныя парафіяне. Пад кіраўніцтвам Дамінікі Гулевіч у другой частцы імпрэзы адбыўся канцэрт змяшанага хору маладзечанскай парафіі.
29 студзеня касцёл у Новай Баравой зноў прымаў гасцей. Перад вернікамі выступіў з калядным канцэртам вядомы гусляр Алесь Чумакоў, які пазнаёміў слухачоў з каляднымі спевамі з розных куткоў свету — як спяваецца ў аной з песень: «ад Дубліна да Дрысвятаў». Музы́ка выступаў на капуцынскім фестывалі ўжо трэцці год запар.
Хор парафіі святога Францішка «Transitus» таксама праславіў прыйсце ў свет Божага Сына святочным канцэртам пад назваю «Славім Нараджэнне Хрыста».
Перад вернікамі выступілі ўсе парафіяльныя музычныя калектывы: дзіцячы, моладзевы, дарослы і змешаныя харавыя склады. Тут спалучылася паэзія, танцы, спеў і нават… мастацкая гімнастыка.
5 лютага хор «Transitus» паўтарыў свой фестывальны канцэрт у сценах касцёла святога айца Піо ў Маладзечне (парафія святога Казіміра), дзе гасцінна віталі артыстаў маладзечанскія капуцыны і мясцовыя парафіяне.
Фестываль мастацтваў «Раство з Капуцынамі» запрашае ўсіх ахвотных узяць удзел у святочных мерапрыемствах у наступным 2024 годзе.
З пытаннямі можна звяртацца на адрас электроннай пошты: s.minsk.cap@gmail.com