
У суботу 5 кастрычніка ў Докшыцах (Віцебская дыяцэзія) адбылося свята ў гонар 25-гадовага юбілею прысутнасці сясцёр адаратарак Крыві Хрыста ў Беларусі.
Як паведамляецца на сайце Catholicnews.by, першыя сёстры з гэтай законніцкай супольнасці прыбылі ў Беларусь з Польшчы 26 жніўня 1999 года, ва ўспамін Маці Божай Чэнстахоўскай.
Першым і адзіным месцам іх працы ў нашай краіне стала парафія Найсвяцейшай Тройцы ў Докшыцах.
Першымі сёстрамі гэтай кангрэгацыі, якія распачалі несці тут пастаяннае служэнне, былі сястра Эва Півоньска ASC і сястра Маргарыта Аўгустын ASC. Раней у Докшыцы прыязджала таксама сястра Іна Бальцэвіч ASC, якая першая з Беларусі ўступіла ў гэтую супольнасць, што была заснаваная ў Італіі святой Марыяй дэ Маціяс.

4 жніўня 2001 года распачалося будаўніцтва новага дома сясцёр. Такім чынам, да душпастырскай працы дадаліся яшчэ будаўнічыя клопаты.
Але сёстры паспяхова спраўляліся, нягледзячы на цяжкасці. Дапамагалі таксама ім у гэтым меншыя браты капуцыны, якія нясуць служэнне ў докшыцкай парафіі.
Харызма адаратарак Крыві Хрыста глыбока закаранёная ў таямніцы смерці і ўваскрасення Езуса: у радасці і надзеі сёстры сведчаць перад светам аб жывой прысутнасці любові Хрыста, якая надае сэнс людскому цярпенню і робіць яго вызваляючым і ажыўляючым. Місія адаратарак у Касцёле — гэта супрацоўніцтва з Хрыстом у справе збаўлення.

Святкаванне ў Докшыцах распачалося ўрачыстай святой Імшой, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. У ёй бралі ўдзел браты капуцыны на чале з кусташам Беларускай кустодыі Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў братам Алегам Шэндам OFMCap, прадстаўніцы кіраўніцтва кангрэгацыі адаратарак, сёстры з іншых манаскіх супольнасцяў, а таксама вернікі і госці парафіі.
«Якім бы пакручастым ні быў чалавечы лёс, кожны з нас мае шмат нагодаў, каб быць удзячным. Удзячным Богу, іншым людзям, акалічнасцям. Хрысціянскі звычай удзельнічаць у таямніцы Хрыста, Ягонай смерці і ўваскрасення — гэта годны спосаб выказваць удзячнасць Богу.
Асаблівай нагодай з’яўляецца тое, што збіраемся ў гэтай святыні, каб скласці падзяку Усемагутнаму за тое, што адносна невялікая, але вельмі працавітая супольнасць сясцёр адаратарак святкуе 25-годдзе сваёй дзейнасці ў Беларусі», — сказаў на пачатку ўрачыстасці брат Алег Шэнда.

Біскуп Буткевіч у прамоўленай гаміліі падкрэсліў, што менавіта «Божая прадбачлівасць і Яго ласка вяла сясцёр праз гэты няпросты час, бо гэта быў час адраджэння, вяртання таго жывога Касцёла, які быў спрагнёны Божай ласкі і спрагнёны паслугі сясцёр, навучання, апекі духоўнай і пастырскай». Пастыр дыяцэзіі падзякаваў Богу за такі «эксклюзіў» на Віцебшчыне: адзіную супольнасць сясцёр адаратарак Крыві Хрыста ў Беларусі, якая знаходзіцца ў Докшыцах.
У працэсіі з дарамі да алтара законніцы прынеслі свае 25 гадоў паслугі і працы як знак удзячнасці за ўсе ласкі, што атрымалі на працягу гэтага часу, удзячнасць за ўсіх сясцёр, якія неслі тут сваё служэнне дзеля хвалы Найдаражэйшай Крыві і збаўлення душаў.
Брат Алег Шэнда ад імя ўсіх сабратоў капуцынаў падзякаваў сёстрам за супольную працу і руплівасць на беларускай зямлі. «Для Беларусі важным з’яўляецца тое, што адаратаркі — гэта саўдзельніцы адраджэння, будавання, аднаўлення Касцёла ў Беларусі, у Докшыцах. Першыя крокі сясцёр былі спалучаныя з простымі бытавымі складанасцямі. Прыехаўшы ў практычна пустое месца, у першы вечар, магчыма, трэба было проста знайсці лыжку, каб размяшаць цукар у гарбаце. І такіх дробязяў было шмат, але сёстры прыйшлі не займацца дробязямі, а каб быць побач з людзьмі. Я думаю, у Докшыцах няшмат тых людзей, якія не ведаюць сясцёр, — сказаў кусташ капуцынаў і з усмешкай дадаў: — Магчыма, пробашча не ведаюць, бо часцей змяняюцца, а сёстры ёсць заўсёды, для ўсіх і ўсюды, і заўсёды, працавітыя, радасныя і з усмешкай».

Дзеці і моладзь, парафіяне і запрошаныя госці выказвалі шчырыя словы віншаванняў і падзякі сёстрам за іх адданую працу і прысутнасць у Докшыцах.
Пасля ўрачыстага бласлаўлення наймалодшыя парафіяне пад кіраўніцтвам сясцёр прадставілі сцэнку пра пакліканне і служэнне заснавальніцы адаратарак святой Марыі дэ Маціяс, а пасля ўвазе гасцей была прапанавана відэапрэзентацыя пра дзейнасць сясцёр у докшыцкай парафіі за апошнія 25 гадоў.
Працяг святкавання адбыўся на прыкасцёльнай тэрыторыі. Усіх запрошаных чакаў пачастунак, гульні і танцы, а таксама можна было набыць памятныя падарункі з урачыстасці.

Сястра Маргарыта Аўгустын адна з першых прыехала ў Докшыцы. Яна ўжо на працягу 25-і гадоў нясе служэнне ў гэтай парафіі і духоўна выгадавала не адно пакаленне дзяцей і моладзі. «Каталіцкі Веснік» паразмаўляў з сястрой Маргарытай пра тое, як было тады, калі яна ехала ў невядомае, што змянілася і як цяпер сябе адчувае сярод беларускіх людзей.
«Калі Бог скіраваў мяне ў Беларусь, канечне, першы раз было хваляванне, як гэта будзе, але, тым не менш, глыбока ў сэрцы было тое, што Бог мяне вядзе і што гэта менавіта Ён хоча, каб мы былі на беларускай зямлі. Калі мы прыехалі, парафія нас сустрэла з вельмі адкрытым сэрцам. Вернікі запэўнілі сясцёр, каб не думалі, што яны так проста прыехалі, а іх вымалілі ў Бога: „Мы два гады маліліся, каб у нас былі сёстры“, — казалі людзі. Цяпер, праз 25 гадоў, я бачу, што гэтая парафія сапраўды такая цёплая і добрая. Не скажу, што ніколі не было цяжкасцяў: яны былі. Мы нездарма адаратаркі Хрыста; мы павінны яднацца з Езусам, які на крыжы пераносіць цяжкасці дзеля збаўлення чалавека», — заўважыла сястра Маргарыта.

Адзначаючы 25 гадоў сваёй прысутнасці ў нашай краіне, сёстры адаратаркі вельмі ўдзячныя Богу нават за самае найменшае дабро, якое ім зрабілі, працягнуўшы руку падтрымкі ў патрэбе, дзеля дапамогі ў служэнні.
Прысутнасць сясцёр для парафіі ў Докшыцах з’яўляецца сапраўдным скарбам.
Тут праводзяцца шматлікія сустрэчы, рэкалекцыі, канікулы з Богам для дзяцей. Сёстры сваёй прысутнасцю ўзбагачаюць докшыцкую парафію.

















































































