Пошук

14.05.2024 13:51   Тэкст і фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

9 мая, ва ўрачыстасць Унебаўшэсця Пана, група навучэнцаў Мінскага тэалагічнага каледжа iмя святога Яна Хрысціцеля выправілася ў вандроўку-пілігрымку па мясцінах Глыбоччыны, звязаных з гісторыяй Каталіцкага Касцёла на нашай зямлі.

Для навучэнцаў каледжа гэта ўжо не першая пілігрымка за час навучання: год таму, тады яшчэ першакурснікі, яны групай адправіліся па месцах служэння ксяндза Станіслава Жука, а пазней зладзілі байдарачны сплыў па рэках Бялыніцкага краю.

Гэтым жа разам пілігрымы наведалі невялікае мястэчка Мосар (Віцебская дыяцэзія, Глыбоцкі дэканат), звязанае са служэннем яшчэ аднаго выбітнага святара — ксяндза прэлата Юзафа Булькі, які «любіў прыроду, Бога і беларускі народ».

Навучэнцы каледжа пазнаёміся з гісторыяй і сучаснасцю мосарскай парафіі святой Ганны, дзе доўгі час быў пробашчам ксёндз Юзаф Булька, ператварыўшы касцёл і прылеглую тэрыторыю ў чароўнае месца, якое за незвычайную прыгажосць і дагледжанасць ад шматлікіх турыстаў атрымала назву «беларускі Версаль».

Халодным майскім ранкам выехаўшы са сталіцы, пілігрымы розных узростаў маліліся ў інтэнцыі падзякі за добрае заканчэння навучальнага года, за выкладчыкаў касцёльнай навучальнай установы і ў асабістых інтэнцыях, даручаючы Богу сваю вандроўку. Яе першым пунктам стаў мосарскі касцёл святой Ганны, дзе апоўдні навучэнцы каледжа ўзялі ўдзел ва ўрачыстай святой Імшы.

Ксёндз Марат Казлоўскі, цяперашні пробашч парафіі ў Мосары, у прамоўленай гаміліі засяродзіў увагу на тым, што калі мы часам адчуваем самоту, трэба перадусім запытацца ў сябе: «Можа, я згубіў Бога?..» Святар заклікаў перапрасіць Бога за тое, што часам мы адыходзім ад Яго; за тое, што спакусы гэтага свету яшчэ так часта нас аддаляюць ад дарогі да Неба, якую праклаў для нас Езус Хрыстус.

«Нам трэба пражыць нашае зямное жыццё так, каб падрыхтавацца да вечнасці, і ў гэтым няхай нам дапамагае туга па небе. Яе могуць па-рознаму называць, але туга па небе — гэта счасце. Таму мы не павінны задавольвацца толькі малым шчасцем тут, на зямлі; мы павінны прагнуць таго шчасця, якое падрыхтаваў нам Бог — поўнага, бязмежнага, вечнага», — сказаў ксёндз Марат. Святар пажадаў навучэнцам, каб добра выконвалі сваё місійнае заданне і не саромеліся абвяшчаць Добрую Навіну.

Знаёмства з мосарскай парафіяй распачалося з душпастырскай дзейнасці ксяндза Юзафа Булькі, які з 1990 па 2010 год духоўна апекаваўся гэтым кутком Глыбоччыны. Ён стаў першым у Беларусі каталіцкім святаром, якому была ўручана прэмія «За духоўнае адраджэнне». За руплівае душпастрскае служэнне Святы Айцец Ян Павел II прызначыў Юзафа Бульку Папскім прэлатам: з адпаведным дакументам можна пазнаёміца ў музеі. У 2006 годзе святар быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны. Гэтай дзяржаўнай узнагародай адзначаюць работнікаў навукі, адукацыі і культуры за прафесіяналізм і асабісты ўнёсак у развіццё культурнай спадчыны беларускага народа.

Ксёндз Булька настойліва заклікаў людзей да цвярозага ладу жыцця. Святар вёў барацьбу са шкоднай звычкай у сялянскім асяроддзі, прапануючы добрую справу замест алкагольнага дурману. Па ініцыятыве ксяндза Юзафа і пад яго наглядам тутэйшымі жыхарамі быў створаны дэндрапарк з разнастайнымі відамі раслін і кветак, са штучнымі вадаёмамі і малымі архітэктурнымі формамі.

«Народ прыгажосць любіць. Нельга, каб каля касцёла раслі бур’ян і крапіва. Калі вакол прыгожа, чалавек адчувае сябе па-іншаму, яму больш радасна на душы», — лічыў святар.

Ксяндзом Юзафам быў створаны ўнікальны антыалкагольны музей і закладзена алея цвярозасці. Шмат гадоў ў мосарскай краме нават нельга было набыць спіртныя напоі (іх проста туды не завозілі) і, як пацвердзілі мясцовыя жыхары, сапраўды, да мінулага года алкагольнай прадукцыі ў краме не было.

Пасля Імшы пілігрымы палюбаваліся хараством Мосара і наведалі этнаграфічны музей, заснавальнікам якога таксама быў ксёндз Булька. За некалькі гадоў перад сваім адыходам у вечнасць ён перадаў культурна-дэндралагічны комплекс і музейныя экспанаты ў распараджэнне Глыбоцкага гісторыка-этнаграфічнага музея.

Пілігрымы завіталі і ў парафіяльны музей Юзафа Булькі, дзе агледзелі экспанаты, звязаныя з цвярозасцю, пакой з асабістымі рэчамі святара, фотаздымкі з жыцця душпастыра і парафіі.

Наступным пунктам знаёмства з Глыбоччынай стаў касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі і кляштар францішканаў у мястэчку Удзела. Айцец Яраслаў Банасяк OFMConv пазнаёміў пілігрымаў з гісторыяй святыні і распавёў, як у парафіяльнай супольнасці адбываюцца сустрэчы супольнасці «Рыцарства Беззаганнай». Гэты міжнародны малітоўны рух быў створаны святым Максімільянам Кольбэ ў 1917 годзе з мэтай клопату пра навяртанне грэшнікаў і тых, хто яшчэ не пазнаў Хрыста, малітвы за ворагаў Касцёла і імкнення да адзінства хрысціянаў.

Цэнтрам «Рыцарства Беззаганнай» у Беларусі ўжо больш за 20 гадоў з’яўляецца менавіта мястэчка Удзела.

А трэцяй гадзіне пілігрымы памаліліся Вяночак да Божай Міласэнасці, а пасля малітвы агледзелі дакументальную фотавыставу, якая знаёміць з аднаўленнем святыні і парафіяльным жыццём.

З Удзела навучэнцы каледжа скіраваліся ў Глыбокае, дзе перад касцёлам Святой Тройцы іх сустрэў мясцовы вернік Юзаф Зелянкевіч, цікавы чалавек і краязнаўца, які пазнаёміў вандроўнікаў з гісторыяй і славутасцямі райцэнтра.

Ужо пад канец дня мінскія пілігрымы наведалі касцёл Найсвяцейшай Тройцы і кляштар Меншых Братоў Капуцынаў у Докшыцах. Яны даведаліся, што ў цэнтральным алтары докшыцкай святыні адзін за адным змешчаны два абразы.

Зазвычай тут можна бачыць выяву Маці Божай Нястомнай Дапамогі, а змешчаны за ёй абраз Найсвяцейшай Тройцы адкрываецца падчас першай нядзельнай святой Імшы пад спеў вернікаў «Тройцы спрадвечнай будзь хвала…».

Увечары ў панядзелак абраз зноў «хаваецца» за выявай Маці Божай.

У Докшыцах навучэнцаў каледжа пачаставалі смачнай вячэрай сёстры Адаратаркі Крыві Хрыста, а брат Віталій Бандаронак OFMCap удзяліў пілігрымам благаслаўленне на добрае вяртанне дадому.

Як прызналіся некаторыя ўдзельнікі вандроўкі, яна стала для іх магчымасцю не толькі крыху адпачыць, але таксама дазволіла набрацца новых духоўных сіл.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа