Пошук

13.09.2017 13:46   Раіса Сушко / Фота: Карнэль Консэк SVD / Catholic.by

12 верасня на Крыжовай дарозе ў Мосары з’явіўся яшчэ адзін крыж. Устанавіла яго місіянерская група, якая дзейнічае пры парафіі Маці Божай Фацімскай у Баранавічах, з нагоды 25-годдзя свайго існавання.

Асвяціў крыж кс. Марат Казлоўскі, пробашч парафіі Святой Ганны ў Мосары.

Да святкавання юбілею можна падыйсці па-рознаму і пры сучасных магчымасцях людскіх зносін правесці не толькі вечарыну з урачыстымі прамовамі, а нават шоу. Але, калі па-сапраўднаму служыш місіянерскай справе, то сэнс свята ўяўляеш сабе зусім інакш, і позірк сэрца часцей за ўсё спыняецца на крыжы — сімвале жыцця.

Удзячныя Богу за магчымасць на працягу 25 гадоў актыўна падтрымліваць місіянераў, мы вырашылі ўстанавіць крыж на Крыжовай дарозе ў Мосары. Сюды, на мосарскую Кальварыю, якая створана ўжо ў нашыя часы і нашымі сучаснікамі, накіроўваюцца сотні пілігрымаў з усёй Беларусі, з замежжа, каб нешта асэнсаваць у сваім жыцці і перагледзець, суаднесці падзеі свайго жыцця з сутнасцю самога крыжа, з якога ўсё пачыналася, у якім усё працягваецца і з якім скончыцца зямное жыццё...

Наша місіянерская група нарадзілася ў 1993 годзе, калі ў Баранавічах была створана парафія Маці Божай Фацімскай, і пробашчам быў кс. Ежы Мазур SVD, сёння біскуп Элцкі (Польшча). 15 жанчын, а з імі і мужчыны, вырашылі тады маліцца за місіянераў — за тых, хто нясе Божае слова людзям, яшчэ далёкім ад Езуса.

Трэба адзначыць, што час стварэння групы супаў з часам узвядзення храма, таму наша група збіралася на малітвы спачатку на кватэры ў Ядвігі Моўчан, якая стала кіраўніком групы, а пасля — ва ўсіх жанчын па чарзе. Асабліва старанна рыхтаваліся мы да Тыдня малітваў за місіянераў, які звычайна праходзіць у трэці тыдзень кастрычніка. Падрыхтоўка ішла не толькі малітоўная; мы рыхтавалі вырабы з гіпсу — фігуркі Маці Божай, Езуса Хрыста, Святой Сям’і, анёлкаў — і на працягу тыдня выстаўлялі іх перад святой Імшой. Парафіяне любаваліся фігуркамі, выбіралі нешта для сябе і ў скарбонцы пакідалі ахвяраванні, якія ішлі на патрэбы місій.

Маліліся штодня Ружанец, удзельнічалі ў святой Імшы, а ў нядзелю маліліся тры разы — зранку, у абед і вечарам. Прычым малітву чыталі звычайна на пяці мовах: Тэрэса Крупіна — на лацінскай, сакрыстыянін Валерый Борыс — на ўкраінскай, Ядзя Шкут — на беларускай, Ядзя Аляксеева — на рускай і Яніна Гаўдзіс — на польскай.

Традыцыя жыве і сёння. Кожны аўторак збіраемся разам, каб скіраваць Богу словы малітвы: «Божа, які хочаш збавіць усіх людзей і прывесці іх да пазнання праўды, пашлі місіянераў на жніво Сваё, каб нястомнай  стараннасцю абвяшчалі праўду Твайму народу».

Кожны аўторак пасля вячэрняй службы скіроўваем Богу свае малітвы за ўсіх місіянераў, якія нясуць служэнне на місіях; молімся за семінарыстаў, каб яны сталі добрымі місіянерамі; молімся за новыя пакліканні; молімся за памерлых святароў і вернікаў. Разам з намі моліцца наш пробашч кс. Конрад Патыка, кусташ санктуарыя Маці Божай Фацімскай.

Настаў доўгачаканы вераснёўскі дзень, і, перш чым падняцца на мосарскую Кальварыю, мы накіраваліся ў касцёл святой Ганны, каб прыняць удзел у Эўхарыстыі. Падчас святой Імшы была асвечана памятная таблічка, якую належала прымацаваць да крыжа, і праз некаторы час мы апынуліся на самай высокай гары Глыбоччыны, якая, дзякуючы светлай памяці кс. Юзафа Булькі, стала месцам пілігрымак. Углядаемся ў абшар навокал, і перад вачыма разгортваецца такая натуральная прыгажосць!

Ахоплівае пачуццё вечнага існавання гэтай зямлі, гэтых нябёсаў, гэтага паветра і... Крыжа! Крыжа, на якім быў укрыжаваны Езус Хрыстус, які з’яўляецца сімвалам хрысціянскага жыцця, які падкрэслівае прысутнасць Хрыста ў нашым жыцці сёння. Вялікая колькасць крыжоў, усталяваных ад сем’яў, ад цэлых пакаленняў, якія пражывалі калісьці ў гэтай мясцовасці, ад парафій і вёсак, ад розных суполак і асобных людзей, зноў падштурхоўвае сэрца да разважання аб тым, што ёсць вечнае ў створаным Богам Сусвеце, аб сутнасці Хрыстовай веры і аб сутнасці нас саміх, хрысціян цяперашняга часу.

Перачытваем таблічкі з надпісамі, зробленымі на беларускай, польскай, рускай, літоўскай, галандскай і іншых мовах, і зноў падыходзім да «свайго» крыжа.

Праект прапанаваў брат Карнэлій Консэк SVD, ажыццяўлялі ўсёю супольнасцю. І вось стаіць ён сярод іншых крыжоў — масіўны, вялікі; нібы Сусвет, у зробленым у ім праёме зіхаціць бронзавая расліна. Расліна — гэта пульсуючае жыццё, сем яе лістоў —  гэта сем кантынентаў свету, на якіх жывуць такія ж, як і мы, людзі і таксама імкнуцца да збаўлення. Але няма іншага шляху да збаўлення, як толькі праз крыж.

Наш крыж пазначаны таблічкай ад місіянерскай групы, і на ёй надпіс: «Калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не памрэ, то застанецца адно, а калі памрэ, то прынясе багаты плён» (Ян 12, 24). Менавіта дзеля гэтага плёну наша група існуе, дзейнічае і моліцца штодня, спадзеючыся на Бога і дзякуючы Яму за магчымасць рэалізаваць наша місіянерскае пакліканне.

Абноўлена 13.09.2017 16:19
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця