Пошук

29.10.2024 13:10   Тэкст: Кацярына Ваяводская / Фота: Iрына Дзердзей, Яўгенiя Раткевiч, Анастасiя Кардаш / Catholic.by

Сямейным уiк-эндам з 18 па 20 кастрычнiка завяршылiся сёлетнія рэкалекцыi руху сужэнскай духоўнасці Equipes Notre-Dame.

Гэта быў апошнi, трэцi тур рэкалекцый на тэму «Эўхарыстыя ў сужэнскім жыцці».

18 сем’яў з розным вопытам сумеснага жыцця прыехалi ў Баранавiчы, каб духоўна «перазагрузiцца» i напоўнiцца.

Адзiн з удзельнiкаў рэкалекцый ахарактарызаваў сустрэчу так: «Гэта быў сплаў маладосцi i вопыту». Сужэнствы вельмi ўдзячныя ксяндзу Юрыю Пракапюку i сястры Паўле Бобэр MSF за глыбокiя канфeрэнцыi, чулыя парады, гумар; дзiцячым анiматарам Яўгенii Раткевiч, Анастасii Кардаш i Алесi Меляшкевiч за працу з дзецьмi, а таксама сем’ям — за адкрытасць i шчырасць.

Рух Équipes Notre-Dame (END, з франц. «Суполкі Маці Божай») з’яўляецца рухам сужэнскай духоўнасці.

Яго мэта — дапамагаць сужонкам на шляху да святасці, карыстаючыся ласкамі сакрамэнту сужэнства. На Беларусі рух дзейнічае ў Баранавічах, Барысаве, Ганцавічах, Лагойску, Мінску, Негарэлым, Нясвіжы, Пінску і іншых мясцінах.

Пазнаёміцца з дзейнасцю руху сужэнскай духоўнасці Équipes Notre-Dame (END) можна на сайце end.of.by.

Некаторыя ўдзельнікі рэкалекцый падзяліліся сваімі ўражаннямі.

Валерый i Святлана Шумейка, г. Нясвiж:

Вялікі дзякуй за арганізацыю рэкалекцый. Усё адбылося, як было патрэбна Богу. Дзякуем ксяндзу Юрыю і сястры Паўле за плённыя канферэнцыі, пасля якіх можна было паразважаць у цішіні над сабой і сваім жыццём, абмеркаваць з сужонкам розныя жыццёвыя пытаннi, на якія натхніў Дух Святы. Рэкалекцыі адбыліся на хвалу Пану. Гэта быў цудоўны плённы час, каб перазагрузіцца і аднавіць свае сужэнскія і сямейныя адносіны.

Франц Доўнар, п. Негарэлае:

Мы з жонкай удзельнічалі ў рэкалекцыях ужо шмат разоў. Кожныя рэкалекцыі — асаблівыя і перажываюцца па-рознаму. Чарговыя прынеслі нам свой плён і вялікі духоўны зарад. Нам вельмі спадабаліся канферэнцыя ксяндза Юрыя і лекцыя сястры Паўлы. Вельмі кранула адарацыя з медытацыяй, падчас якой можна было пабыць сам-насам з Панам Богам, паглядзець на сябе і на сужонку з іншага боку. За час, праведзены на рэкалекцыях, мы прааналізавалі свае адносіны з жонкай і наогул усё сваё сямейнае жыццё. Вялікі дзякуй арганізатарам рэкалекцый, ксяндзу Юрыю, сястры Паўле і ўсім сем’ям за іх духоўныя сведчанні.

Сужэнства Васiль Цімашчук i Галiна Руткоўская, г. Пiнск

Наша сям’я была на рэкалекцыях упершыню, паколькі Статут руху мы прынялі толькі ў мінулым годзе, хоць сябрамі «энд»-аўцаў былі ўжо даўно. Ехалі з радасцю і надзеяй, што атрымаем шмат карыснага. Так і сталася. Хоць наш сямейны стаж складае амаль 44 гады, але нам удалося як бы збоку паглядзець на сябе і ўбачыць тое, што можа зрабіць нашыя адносіны лепшымі: не толькі слухаць адно аднаго, але і чуць, а таксама заўсёды прабачаць, не чакаючы, хто першым зробіць гэты крок. Дзякуем усім за цёплую атмасферу падчас рэкалекцый. Хвала Пану!

Вадзім і Ірына Валошыны, г. Пінск

Мы ўзялі ўдзел у рэкалекцыях упершыню і цяпер разумеем, што гэта не ў апошні раз. На час рэкалекцый мы аддаліліся ад штодзённага жыцця і занурыліся ў атмасферу, у якой асаблівым чынам зблізіліся адно з адным, разам свядома паразважалі над Божым словам, прааналізавалі свой сужэнскі шлях, пазнаёміліся з адкрытымі і добразычлівымі сужэнскімі парамі — аднадумцамі. Час, праведзены на рэкалекцыях, праляцеў хутка і з карысцю. Праграма была насычанай, цікавай і нязмушанай. Спадабаліся канферэнцыі і медытацыя. Асабліва кранулі сведчанні сужэнскіх пар.

Ліля Гарбунова, п. Новая Мыш

Рэкалекцыі далі мне магчымасць больш глыбока ўвайсці ў тэму Эўхарыстыі. Разважаючы, за што я дзякую Богу, акрамя як за жыццё, за любоў, за сям’ю, за адпушчэнне грахоў, я зразумела самае галоўнае: важна дзякаваць Богу за Яго ахвяру, якую Ён прынёс дзеля нас, паслаўшы нам свайго Сына. Калі б не Езус Хрыстус, не Яго ахвяра на крыжы, у чалавека не было б ніякага шанцу атрымаць жыццё вечнае. Менавіта таму для мяне Эўхарыстыя — гэта найперш падзяка Богу за тое, што Ён прыходзіць да нас падчас кожнай Імшы, каб збавіць усіх, хто просіць дапамогі.

 

Абноўлена 30.10.2024 11:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.