Удзельнікі руху «Сужэнскія сустрэчы» Руслан і Аліна Жук дзеляцца з чытачамі Catholic.by тым, як удзел у рэкалекцыях для сужонкаў дапамог ім пазбегчы шматлікіх памылак і разам пераадолець праблемы ў сямейным жыцці.
Aліна: Мы, Руслан і Аліна Жук, у сужэнстве больш за сямнаццаць гадоў. Выхоўваем траіх дзяцей.
Руслан: Гэта немалы тэрмін, на працягу якога былі і радасці, і гора. Сумесна мы прыйшлі да таго, што маем сёння.
Aліна: На рэкалекцыі ад «Сужэнскіх сустрэч» упершыню мы трапiлі ў маі 2025 года.
Руслан: Неяк пасля святой Імшы ў нашай парафіі да нас падыйшлі нашыя знаёмыя. У размове была закранута тэма рэкалекцый «Сужэнскіх сустрэч», ад якіх яны знаходзіліся пад вялікім уражаннем. Мы таксама вырашылі паўдзельнічаць.
Аліна: У той час мы былі стомленымі бацькамі траіх дзяцей — 15, 11 і 9 гадоў. Нам вельмі хацелася паспрабаваць аднавіць нашыя адносіны, таму з вялікай ахвотай успрынялі магчымасць прысвяціць час адно аднаму.
Фармат рэкалекцый адрозніваўся ад папярэдніх. Тым больш знаёмыя і сябры, якія ўжо іх прайшлі, нам вельмі раілі пражыць менавіта гэтыя сустрэчы. Таму нам вельмі імпанавала перспектыва паглыбіць нашыя адносіны, зрабіць іх больш якаснымі і глыбокімі.
На рэкалекцыях мы атрымалі карысныя парады і практычныя псіхалагічныя інструменты, каб будаваць свой асабісты дыялог.
Там для ўдзельнікаў была створана вельмі спрыяльная атмасфера дабрыні і узаемападтрымкі. Мы практыкаваліся весці дыялог, абапіраючыся на свае пачуцці. Зараз стараемся не толькі слухаць адзін аднаго, але і чуць, а гэта не заўсёды адно і тое ж.
Атрыманыя падчас рэкалекцый правілы дыялогу вельмі дапамагаюць нам сёння не толькі ў адносінах паміж намі як сужонкамі. Я стала заўважаць, што інтуітыўна іх выкарыстоўваю і пры размове з бацькамі, з калегамі на працы, а таксама са сваімі дзецьмі. І дагаворвацца, знаходзіць кампрамісы стала куды лягчэй.
Руслан: Рэкалекцыіі сталі асаблівым перыядам раскрыцця пачуццяў і разважанняў. Мне ўдалося сказаць сваёй каханай усё, што раней не мог ці баяўся сказаць. На працягу нашых дыялогаў нанова пражывалі розныя пачуцці — ад смутку да радасці. Плакалі, смяяліся, абдымаліся, спрачаліся, мірыліся.
Менавіта гэты час аб’яднаў нас так моцна і згуртаваў нашыя пачуцці, што і сёння хочацца вярнуцца ў тую атмасферу яднання, узрастання і ўмацавання нашай сям’і.
«Сужэнскія сустрэчы» ладзяць чарговыя рэкалекцыі для вашага сужэнства:
- 13-15 лютага: Мінскі р-н, в. Ляскоўка, вул. Карытас, 1 (каля Бараўлянаў).
Падрабязней: https://catholicminsk.by/ruh-suzhenskiia-sustrechy-zaprashaie-semi-i-duhounyh-asob-na-rekalekcyi-u-laskoucy/
- 27 лютага — 1 сакавіка: Віцебская вобл., г. Гарадок
- 6-8 сакавіка: Гродзенская вобл., Ваўкавыскі р-н, г.п. Рось, вул. Чырвонаармейская, 12, рэкалекцыйны дом «Голас Айца».
Атрымаць дадатковую інфармацыю пра «Сужэнскія сустрэчы» і запісацца на бліжэйшыя рэкалекцыі можна па тэлефоне: +375 (29) 652-11-44























