
Секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі прапануе пераклад на беларускую мову Дактрынальнай ноты «Una caro» (Адно цела) пра каштоўнасць сужэнства як выключнага саюзу і ўзаемнай прыналежнасці.
У гэтым дакуменце прадстаўленыя «найважнейшыя тэксты Настаўніцкага Інстытута Касцёла і шэраг аўтараў ад старажытнасці да нашых дзён: тэолагаў, філосафаў і паэтаў», а таксама вялікая «колькасць разважанняў, якія падкрэсліваюць еднасць сужэнцаў, узаемнасць і ўсеабдымнае значэнне сужэнскіх адносінаў. Такім чынам, розныя тэксты складаюць прыгожую мазаіку, якая, несумненна, узбагаціць нашае разуменне манагаміі» (UC Прадмова).
«Нота сканцэнтравана выключна на першай істотнай уласцівасці сужэнства — на еднасці, якую можна вызначыць як унікальны і выключны саюз паміж адной жанчынай і адным мужчынам, іншымі словамі, як узаемную прыналежнасць, якую нельга падзяліць з іншымі» (UC 5).
«Дадзеная праца мае на мэце ўзбагаціць разважанні і вучэнне аб сужэнстве аспектам, які дагэтуль яшчэ недастаткова распрацаваны. Адначасова яна можа даць сужэнскім групам і рухам разнастайны і карысны матэрыял для вывучэння і абмеркавання» (UC Прадмова). «Хочацца спадзявацца, што гэтая Нота пра каштоўнасць манагаміі (…) можа быць карыснай таксама для сужэнцаў, заручаных пар і маладых людзей, якія думаюць пра шлюб, каб яны маглі лепш зразумець багацце хрысціянскага бачання сужэнства» (UC 10).
✠ Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB
Старшыня Камісіі Божага Культу
і Дысцыпліны Сакрамэнтаў
пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі






