21 снежня, напярэдадні святаў Божага Нараджэння, супольнасць Катэхетычнага каледжа імя Зыгмунта Лазінскага ў Баранавічах (Пінская дыяцэзія) сабралася на святочную сустрэчу з нагоды калядных святаў.
Цэнтральным момантам сустрэчы стала святая Імша, якую цэлебраваў ксёндз Андрэй Рылка, канцлер курыі Пінскай дыяцэзіі, выкладчык і былы дырэктар каледжа, а таксама брат Андрэй Багдановіч OFMCap, выкладчык тэалогіі, і ксёндз Сцяпан Цэргель SVD з мясцовай супольнасці айцоў вербістаў.
На пачатку літургіі ўсіх удзельнікаў сустрэчы прывітаў брат Корнэль Консэк SVD, дырэктар навучальнай установы.
У прамоўленай гаміліі ксёндз Андрэй Рылка ўзгадаў асобу кардынала Казіміра Свёнтка, які стаяў ля вытокаў Катэхетычнага каледжа ў Баранавічах і роўна 15 гадоў таму браў удзел у першай аплаткавай сустрэчы навучэнцаў каледжа пасля яго афіцыйнай рэгістрацыі.
Святар узгадаў, як кардынал проста з аэрапорта спяшаўся паспець на сустрэчу з навучэнцамі гэтай установы, вяртаючыся з аўдыенцыі ў Папы Бэнэдыкта XVI у Ватыкане.
Іерарх па-сямейнаму дзяліўся ўражаннямі ад сустрэчы з Пантыфікам, якому апавядаў пра Катэхетычны каледж у Баранавічах як знак развіцця Касцёла ў Беларусі і як важны асяродак духоўнай фармацыі і тэалагічнай адукацыі для катэхетаў і ўсіх ахвотных свецкіх вернікаў.
Пасля святой Імшы навучэнцы каледжа падрыхтавалі святочную праграму з імправізаванай каляднай сцэнкай, у якой запрасілі усіх ўдзельнікаў сустрэчы пагрузіцца ў атмасферу сузірання таямніцы Божага Нараджэння вачыма Арханёла Габрыэля і іншых анёлаў.
Вечар завяршыўся традыцыйным дзяленнем аплаткамі, каляднай вячэрай і інтэграцыйнай забаўляльнай праграмай.
На наступны дзень навучэнцаў і іх выкладчыкаў наведаў пастыр Пінскай дыяцэзіі біскуп Антоні Дзям’янка, які ўзначаліў цэлебрацыю святой Імшы і павіншаваў усіх з надыходзячым святам Божага Нараджэння, удзяліўшы апостальскае благаслаўленне.