
26 верасня ў Катэхетычным каледжы імя Біскупа Зыгмунта Лазінскага ў Баранавічах адбылася ўрачыстая інаўгурацыя новага навучальнага года 2026-2027. Урачыстасць узначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.
Цэнтральным пунктам інаўгурацыі акадэмічнага года стала святая Імша ў капліцы Найсвяцейшай Тройцы ў Катэхетычным каледжы. Літургію ўзначаліў біскуп Антоні Дзям’янка. Звяртаючыся да сабраных студэнтаў і выкладчыкаў установы, іерарх заахвоціў цаніць той дар, якім з’яўляецца магчымасць падчас навучання ў каледжы паглыбляць веру, тэалагічныя веды і атрымліваць духоўную фармацыю.
Гамілію падчас святой Імшы прамовіў ксёндз Андрэй Рылка, канцлер курыі Пінскай дыяцэзіі, былы дырэктар Катэхетычнага каледжа.
Святар заахвоціў студэнтаў каледжа добра карыстацца дарам часу і магчымасцей, якія на іх жыццёвым шляху ставіць Божы Провід, дазваляючы чэрпаць з багатай скарбніцы навуковых ведаў і духоўнага досведу Каталіцкага Касцёла.
Пасля святой Імшы адбылася чарговая частка інаўгурацыі. З рук біскупа Пінскага сёлетнія выпускнікі каледжа атрымалі дыпломы аб паспяховым заканчэнні гэтай тэалагічнай установы. Са свайго боку лаўрэаты дыпломаў падзякавалі кіраўніцтву і выкладчыкам каледжа за атрыманую адукацыю і заахвоцілі студэнтаў-пачаткоўцаў карыстацца магчымасцю навучання ў гэтай установе з максімальнай духоўнай карысцю, якую тут можна атрымаць.
Завяршальным акордам урачыстасці стаў вельмі хвалюючы момант для студэнтаў першага курса навучання, якія з рук біскупа Антонія Дзям’янкі атрымалі студэнцкія білеты і заліковыя кніжкі, такім чынам афіцыйна далучыўшыся да вялікай духоўнай і акадэмічнай сям’і Катэхетычнага каледжа ў Баранавічах.





































































