Пошук

10.02.2023 10:47   Паводле: msj.by / Catholic.by

З 3 па 5 лютага ў рэкалекцыйным доме «Голас Айца» пры дыяцэзіяльным санктуарыі Езуса Журботнага ў Росі (Гродзенская дыяцэзія, Ваўкавыскі дэканат) адбыліся рэкалекцыі для мужчын.

Удзельнікі рэкалекцый, арганізаваных супольнасці «Мужчыны святога Юзафа», з дапамогай дасведчанага духоўнага кіраўніка ксяндза Андрэя Рылкі з Пінскай дыяцэзіі разважалі над пытаннем «Навошта Пан даў мне жыццё?» Натхненнем для іх былі словы святога апостала Паўла з яго Паслання да Рымлянаў (гл. Рым 5, 17–18).

У духоўных практыкаваннях узялі ўдзел 23 чалавекі з Ваўкавыска, Гродна, Ліды, Мінска і Росі.

На пачатку рэкалекцый удзельнікі атрымалі заданне шукаць адказы на пытанні: «Навошта я жыву? Дзеля чаго варта жыць? Як навучыцца жыць? Як навучыцца жыць не марна? Як навучыцца распазнаваць Божы план адносна сябе, каб не пражыць, толькі спрабуючы?»

Дзеля гэтага ксёндз Андрэй прапанаваў звярнуцца да Бібліі, а перад тым, як пачаць чытаць Божае слова, папрасіць:

«Ойча нябесны, пакажы мне праўду, рэчаіснасць, каб рспазнаць, дзе ёсць рэальнае дабро і карысць, а дзе — зло і небяспека».

Паводле святара, Божая праўда прасвятляе розум і становіцца прыладаю, каб адкрываць дабро.

Падчас працы над сабою мужчыны вывучалі прыклад канкрэтнай асобы са Святого Пісання, прарока Майсея, і тое, якім чынам у яго жыцці рэалізоўваўся план Створцы.

«У гісторыі Майсея нас цікавіць не столькі тое, што адбывалася, а чаму і навошта так адбывалася. Паглядзім, як Майсей пражыў сваё жыццё і як яго жыццё паўплывала на ўсю Божую задуму, глабальны план збаўлення чалавецтва», — адзначыў духоўны кіраўнік. Ён дадаў, што гісторыя Майсея — гэта, у пэўнай сутпені, гісторыя жыцця кожная чалавека, бо кожнаму неаднойчы даводзіцца трапляць у такія сітуацыі, калі трэба выбіраць.

На заканчэнне рэкалекцый іх удзельнікі выказалі падзяку ксяндзу Андрэю Рылку за праведзеныя духоўныя практыкаванні, за мудрасць і шчырасць, з якімі ён абвяшчаў Божае Слова, а таксама пробашчу парафіі ў Росі ксяндзу Чэславу Паўлюкевічу і яго дружнай камандзе за аказаную гасціннасць.

Абноўлена 10.02.2023 11:08
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.