З 21 па 23 лістапада пры касцёле Святога Арханёла Міхала ў Навагрудку (Гродзенская дыяцэзія) адбыліся рэкалекцыі «З Духам Святым» для слухачоў Альфа-курса з трох парафій: Узвышэння Святога Крыжа ў Нароўлі (Мазырскі дэканат, Пінская дыяцэзія), Святога Андрэя Апостала і Святога Леапольда Багдана Мандзіча ў Мінску (дэканат Мінск-Усход, Мінска-Магілёўская архідыяцэзія) і Найсвяцейшых Сэрцаў Езуса і Марыі ў Фаніпалі (Стаўбцоўскі дэканат, Мінска-Магілёўская архідыяцэзія).
Некалькі дзён былі вельмі інтэнсіўнымі, напоўненыя малітвамі, абвяшчэннем Божага слова пра Асобу Духа Святога, Эўхарыстыяй, прыняццем сакрамэнту пакаяння, працай у групах і шматлікімі сведчаннямі.
Ладзіць рэкалекцыі дапамагалі святары з Навагрудка, якія ў гэтым сезоне праводзяць Евангелізацыйны А-курс у парафіі ў Нароўлі, а таксама з парафіі Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску, якія праводзяць курс у мінскай парафіі, якая знаходзіцца ў мікрараёне Уручча, і Фаніпалі.
Альфа-курс, як адзін з найбольш дзейсных спосабаў новай евангелізацыі, актыўна развіваецца ў Каталіцкім Касцёле ў Беларусі. Ён з’яўляецца адказам мясцовага Касцёла на заклікі Другога Ватыканскага Сабору і пантыфікаў канца XX і XXI стагоддзяў да ажыўлення і аднаўлення веры. Сведчаннем гэтага з’яўляюцца супольнасці, якія дзейнічаюць ужо ў многіх гарадах і меншых мясцовасцях краіны: Гродне, Віцебску, Глыбокім, Крупках, Мінску, Навагрудку, Оршы, Нароўлі і Парэччы, дзякуючы чаму Божае слова знаходзіць шлях да сэрцаў усё новых людзей.



















