«Хрысціянская малітва — гэта не чалавек з аднаго боку, які размаўляе па тэлефоне з Богам, які з другога боку: не, гэта Бог моліцца ў нас! Мы молімся Богу праз Бога», — сказаў Папа Францішак падчас катэхезы на агульнай аўдыенцыі ў сераду 6 лістапада.
Як паведаміла Польская рэдакцыя парталу Vatican News, Святы Айцец таксама адзначыў, што заступніцкая малітва — дабравольная і бескарыслівая — з’яўляецца каштоўным і неабходным заданнем у касцёльнай супольнасці перад Юбілеем 2025 Святога года.
Катэхеза ў сераду была прысвечана малітве як асвячальнаму дзеянню Духа Святога. Напачатку Папа нагадаў, што Трэцяя Асоба Святой Тройцы з’яўляецца як суб’ектам, так і аб’ектам хрысціянскай малітвы.
«Мы молімся, каб атрымаць Святога Духа, і мы прымаем Святога Духа, каб мы маглі маліцца па-сапраўднаму, гэта значыць як дзеці Божыя, а не як рабы», — сказаў Пантыфік.
Папа Францішак звярнуў увагу на аспект, які з’яўляецца найбольш важным і найбольш суцяшальным для вернікаў, а менавіта, што Святы Дух з’яўляецца Тым, хто дае нам сапраўдную малітву. Пастыр паўсюднага Касцёла ўказаў на прычыну нашай слабасці і няздольнасці маліцца. Праблема ў тым, што як людзі мы шукаем «перш за ўсё „дадаткаў“, гэта значыць уласных выгод, і зусім забываемся прасіць Валадарства Божага».
Паводле Папы, Дух Святы прыходзіць на дапамогу нашай слабасці, але робіць і штосьці значна больш важнае: Ён сведчыць і пацвярджае, што мы з’яўляемся дзецьмі Божымі і «ўкладае ў нашыя вусны нашы вокліч: „Абба!“ Ойча!“». Папа сказаў, што менавіта ў малітве Трэцяя Асоба Святой Тройцы аб’яўляецца як Параклет — наш заступнік і абаронца. «Ён не абвінавачвае нас перад Айцом, а бароніць», — звярнуў увагу Святы Айцец. Ён дадаў, што хоць Дух і пераконвае нас у тым, што мы грэшнікі, але робіць гэта для таго, каб мы зведалі радасць Божай міласэрнасці, а не каб знішчыць нас пустым пачуццём віны.
«Нават калі нашыя сэрцы нас дакараюць, Ён нагадвае нам, што Бог большы за нашыя сэрцы», — сцвердзіў Папа Францішак.