Ватыканская астранамічная абсерваторыя выдала спецыяльнае паведамленне ў сувязі з абнародаваннем НАСА першых фотаздымкаў сусвету, зробленых арбітальным тэлескопам «Джэймc Уэб».
«Выявы галактык, якія ўтварыліся неўзабаве пасля Вялікага выбуху, зробленыя касмічным тэлескопам „Джэйм Уэб“, з’яўляюцца захапляльным прадвесцем таго, аб чым мы можам даведацца ў будучыні дзякуючы гэтай прыладзе», — гаворыцца ў спецыяльнай заяве, падпісанай дырэктарам абсерваторыі езуітам Гаем Кансалманьё, на якога спасылаецца Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News.
Па словах папскага астранома, веды, дзякуючы якім быў створаны тэлескоп «Джэймс Уэб», — гэта «спроба выкарыстаць інтэлект, якім надзяліў нас Бог, каб зразумець логіку сусвету, бо свет не функцыянаваў бы, калі б не быў лагічны». Езуіт дадаў, што свет «з’яўляецца Божай справай, аб’яўленай нам Богам, і мы можам бачыць у ім адначасова Яго незвычайную моц і Яго любоў да прыгажосці».
Асабліва ўзрадавала брата Гая Кансалманьё адкрыццё першых прыкмет вадзяной пары ў атмасферы адной з экзапланет, што адбылося «праз 150 гадоў пасля таго, як айцец Анджэло Сэкі паставіў прызму перад аб’ектывам свайго тэлескопа на даху касцёла святога Ігнацыя ў Рыме і зрабіў першыя спектральныя вымярэнні атмасферы планет нашай сонечнай сістэмы».
Ватыканскі астраном падкрэсліў, што здымкі з тэлескопа «Джэймс Уэб» з’яўляюцца «каштоўнай і неабходнай ежай для чалавечага духу, бо не адным хлебам жыве чалавек, асабліва ў наш час». Брат Кансалманьё таксама з задавальненнем адзначыў, што большасць вучоных, якія ўдзельнічалі ў праектаванні і будаўніцтве тэлескопа «Джэймс Уэб», з’яўляюцца яго сябрамі.
Касмічны тэлескоп «Джэймс Уэб» — арбітальная інфрачырвоная абсерваторыя, пабудаваная ў 2007–2021 гг. У касмічную прастору ён быў запушчаны ў снежні 2022 г.