Пошук

29.03.2023 09:33   Паводле: Vatican News / Catholic.by
Працоўная група праекту Spei Satelles. Фота: polito.it

Улетку ў касмічную прастору будзе запушчаны нанаспадарожнік Spei Satelles, або «Ахоўнік надзеі». Невялікая прылада занясе ў бязмежны космас кнігу, прысвечаную малітве Папы Францішка на пустой плошчы Святога Пятра падчас пандэміі.

Пра гэта 28 сакавіка паведаміла Польская рэдакцыя парталу Vatican News.

Твор Святога Айца, які будзе запушчаны ў космас, называецца «Чаму вы спалохаліся? Усё яшчэ не маеце веры?». Аўтар кнігі — ксёндз Лусіё Руіс, сакратар Дыкастэрыі па сродках масавай камунікацыі. Аўтар патлумачыў, што яго натхніла пасланне, дадзенае Папам Францішкам церпячаму чалавецтву тры гады таму.

«Мы працуем над гэтай ініцыятывай больш за два гады, — кажа ксёндз Руіс. — Наша мэта ў тым, каб перанесці надзею па-за межы таго, што мы добра ведаем, і магчы казаць пра надзею, а таксама абудзіць надзею ў чалавецтве. Мы хочам адчыніць дзверы, пачаўшы ад таго, што Папа Францішак даў нам у той вечар, а менавіта ад веры і даверу Езусу», — падкрэсліў святар.

Нанаспадарожнік будзе запушчаны ў космас з Каліфорніі 10 чэрвеня. Перад гэтым Папа яго благаславіць.

Рэалізацыя гэтай ініцыятывы стала магчымай дзякуючы супрацоўніцтву, між іншым, з Турынскім політэхнікумам, а таксама Італьянскім касмічным агенцтвам. Яго кіраўнік Джорджо Сакочча адзначыў, што позірк на Зямлю з арбіты можа нас многаму навучыць, дадаўшы, што з перспектывы космасу на нашай планеце не відаць ніякіх межаў.

«Цяпер тэхналогія з’яўляецца часткай штодзённага жыцця, кожнай хвіліны дня, і чаму б яе не выкарыстаць для службы веры — таму, што ў нас найбольш духоўнае? — кажа навуковец. — У касмічнай сферы мы прызвычаіліся да таго, што не бачым ніякіх межаў, калі глядзім на Зямлю з яе арбіты. Межы ствараем мы самі, чалавечыя істоты. Мы ствараем і ахоўваем іх слушна, але часам абараняем іх проста шалёна. Хто ведае: можа, позірк з перспектывы неба дапамагае зразумець, што зямля — асаблівая і належыць усім».

Абноўлена 29.03.2023 09:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа