Напярэдадні адкрыцця Святога года Папа Францішак падзяліўся ў сацыяльнай сетцы Х думкамі пра значэнне Юбілею.
Як паведаміла 23 снежня Беларуская рэдкцыя парталу Vatican News, Святы Айцец падкрэсліў, што Юбілеі з’яўляюцца каштоўнымі момантамі для пераасэнсавання жыцця.
«Юбілеі — каштоўныя моманты для падвядзення вынікаў нашага жыцця: як асобных людзей, так і супольнасцяў. Яны таксама з’яўляюцца нагодай для разважання і слухання таго, што кажа нам сёння Святы Дух», — напісаў у сацыяльнай сетцы Пантыфік.
24 снежня ў 19.00 (па мінскім часе — у 21.00) падчас святочнага набажэнства ў ватыканскай базіліцы святога Пятра адбудзецца ўрачыстае адкрыццё Святых дзвярэй. Падзея дасць пачатак Юбілейнаму году, прысвечанаму надзеі. Чакаецца, што на ватыканскай плошчы збяруцца каля 30-і тыс. вернікаў, якія будуць сачыць за абрадам на вялікіх экранах.
Папа Францішак прамовіць: Hæc porta Domini (Вось брамы Пана), на што вернікі адкажуць: Iusti intrabunt in eam (Справядлівыя ўвойдуць у іх).
Дзесяць дзяцей з розных краін свету паднясуць Папу кветкі, што падкрэсліць глабальны аспект святкавання Юбілею.
Сярод першых 54-х вернікаў, якія пройдуць праз Святыя дзверы, будуць прадстаўнікі ўсіх кантынентаў, у тым ліку з такіх краін як Кітай, Конга, Паўднёвая Карэя, Эрытрэя, Іран, Папуа-Новая Гвінея, Самоа, ЗША і В’етнам.
Папа спадзяецца, што Юбілей 2025 года, які будзе праходзіць пад дэвізам Peregrinantes in spem — «Пілігрымы надзеі», — стане крыніцай духоўнага абнаўлення ў свеце, які сёння пакутуе ад войнаў, беднасці і кліматычнага крызісу.