
11 лютага, ва ўспамін Маці Божай Люрдскай, адзначаецца Сусветны дзень хворага.
У 1992 годзе Сусветны дзень хворага быў устаноўлены святым Янам Паўлам II. Ён спадзяваўся, што гэта дапаможа прыцягнуць увагу свету да праблем, з якімі сутыкаюцца хворыя людзі. Гэта дзень, калі мы пакліканы не толькі маліцца за ўсіх тых, хто знаходзіцца ў хваробе, але таксама ўсвядоміць сваю адказнасць за іх.
Людзі, якія пакутуюць ад хваробаў, заўсёды займалі асаблівае месца ў сэрцы Яна Паўла ІІ. Ужо на пачатку свайго святарскага служэння ён часта наведваў дамы састарэлых і бальніцы для пастырскай апекі і суцяшэння.

Для Яна Паўла ІІ было важна, каб гэты дзень стаў не проста яшчэ адной нагодай для пазначэння ў календары, але каб ён меў «унутраны» эфект, фармуючы сэрцы людзей, каб яны змаглі спазнаць неад'емную годнасць кожнага чалавека.
Папа на Сусветны дзень хворага: любіць, несучы боль іншага
20 студзеня 2026 года ў Ватыкане было апублікавана пасланне Льва XIV на 34-ы Сусветны дзень хворага.
«Міласэрнасць Самаранiна — любіць, несучы боль іншага» — такую тэму выбраў Папа Леў ХIV для Сусветнага дня хворага 2026 года.
У аснове дакумента — евангельская прыпавесць пра Добрага Самараніна (Лк 10, 25-37), якую Папа назваў «заўсёды актуальным» тэкстам, неабходным для адкрыцця «прыгажосці міласэрнасці» і «сацыяльнага вымярэння спагады».

Леў XIV прапанаваў паразважаць над гэтым біблійным урыўкам у святле энцыклікі папы Францішка «Fratelli tutti», дзе «спагада і міласэрнасць не зводзяцца да простых індывідуальных учынкаў, а спаўняюцца ў адносінах: з патрабуючым братам, з тымі, хто пра яго клапоціцца, і ў першую чаргу, з Богам, які дорыць нам сваю любоў».
Не прайсці міма
Пантыфік заўважыў, што жыццё ў культуры хуткасці, адчужэння і раўнадушша, «перашкаджае нам наблізіцца і затрымацца на шляху, каб паглядзець на патрэбы і пакуты, якія нас акружаюць». Евангельская прыпавесць пра Добрага Самараніна становіцца тут асабліва актуальнай, бо расказвае пра чалавека, які «не прайшоў міма», а паклапаціўся пра параненага, у першую чаргу прысвяціўшы яму свой час.
Дар сустрэчы
«Любоў не пасіўная; яна выходзіць насустрач іншаму; мы становімся бліжнімі не ў залежнасці ад фізічнай ці сацыяльнай блізкасці, а ад рашэння любіць», — напісаў Папа, падкрэсліўшы, што хрысціяне пакліканы станавіцца бліжнімі для тых, хто пакутуе, «наследуючы прыклад Хрыста, сапраўднага Боскага Самараніна, які наблізіўся да параненага чалавецтва».
Пантыфік адзначыў, што гаворка не ідзе пра простыя філантрапічныя жэсты, але пра сапраўдны ўдзел у пакутах іншых і прысвячэнне сябе ім.
«Такая любоў абавязкова сілкуецца сустрэчай з Хрыстом, які з любові падарыў нам сябе»,
— падкрэсліў Леў XIV.
Супольная місія
Прыпавесць пра Добрага Самараніна, у якой паранены чалавек быў давераны клопату карчмара, па словах Папы, паказвае, што сапраўдная спагада выражаецца ў канкрэтных учынках, прычым не толькі індывідуальных, але і супольных.
«Я сам заўважыў падчас майго місіянерскага і біскупскага досведу ў Перу, колькі людзей праяўляюць міласэрнасць і спагаду, як самаранін і карчмар. Члены сем’яў, суседзі, медыцынскія работнікі, людзі, занятыя ў душпастырстве сферы аховы здароўя, і многія іншыя, хто спыняецца, набліжаецца, клапоціцца, прыносіць, суправаджае і аддае тое, што мае, надаюць спагадзе сацыяльнае вымярэнне. Гэта досвед, які рэалізуецца праз сетку адносін, выходзіць за рамкі простай індывідуальнай прыхільнасці», — напісаў Пантыфік, падкрэсліваючы, што клопат пра хворых павінен быць «касцёльным дзеяннем» і з’яўляецца паказчыкам «здароўя нашага грамадства».
Плён любові да Бога
Святы Айцец нагадаў пра непадзельнасць запаведзі любові да Бога і бліжняга. «Любоў да бліжняга з’яўляецца датыкальным доказам сапраўднасці любові да Бога», а «служэнне бліжняму — гэта любоў да Бога, якая праяўляецца на практыцы», — сцвердзіў Папа.
«Гэта перспектыва дазваляе нам адкрыць, што значыць любіць саміх сябе — гэта значыць аддаляць ад сябе жаданне будаваць уласную самапавагу ці адчуванне ўласнай годнасці на стэрэатыпах поспеху, кар’еры, сацыяльнага становішча ці паходжання і аднаўляць сваё належнае месца перад Богам і нашымі братамі»,
— патлумачыў Леў XIV, нагадваючы, што чалавек цалкам рэалізуе сябе менавіта ў адносінах з іншымі.
«Дарагія браты і сёстры, «сапраўдны лек для ран чалавецтва — гэта лад жыцця, заснаваны на братэрскай любові, якая мае свае карані ў любові Бога». Я горача жадаю, каб у нашым стылі хрысціянскага жыцця не было нястачы ў братэрскім вымярэнні, «самаранскім», інклюзіўным, адважным, адказным і салідарным, які мае свае глыбокія карані ў нашым адзінстве з Богам, у веры ў Езуса Хрыста. Запаленыя гэтай боскай любоўю, мы сапраўды зможам прынесці сябе ў дар дзеля дабра ўсіх, хто пакутуе, асабліва нашых хворых, пажылых і пакутуючых братоў», — запэўніў Папа.







