Пошук

30.03.2026 06:22   Catholic.by

Фота з адкрытых крыніц

Апостальская Сталіца апублікавала пасланне Папы Льва XIV на LXIII Сусветны дзень малітвы аб пакліканнях, які будзе адзначацца 26 красавіка 2026 года. Прапануем вам пераклад гэтага дакумента, тэма якога — «Унутранае адкрыццё Божага дару».

У цэнтры паслання – Хрыстус, цудоўны, дасканалы ў любові Добры Пастыр. Спасылаючыся на Евангелле ад Яна, Папа Леў XIV звяртае ўвагу на глыбокі сэнс грэчаскага тэрміна kalós, які апісвае не толькі маральную дабрыню, але і дасканалую, прыцягальную прыгажосць. Па словах Святога Айца, Езус зачароўвае сваёй гатоўнасцю аддаць жыццё за авечак, і той, хто ўглядаецца ў Яго поглядам сузірання, выяўляе, што жыццё па-сапраўднаму цудоўнае, калі мы ідзём за Ім. Гэта прыгажосць адкрываецца не вонкавым позіркам, а праз малітву і калі мы прыслухоўваемся да сябе.

Развіваючы тэму духоўнай эстэтыкі, Папа цытуе рускага тэолага Паўла Фларэнскага: хрысціянскі подзвіг аскетыкі стварае не проста «добрага», але менавіта «выдатнага» чалавека, чыя святасць ззяе унутраным святлом. Услед за святым Аўгустынам Біскуп Рыма заклікае вернікаў не шукаць праўды па-за сабой, а вярнуцца ў саміх сябе, бо менавіта ва «ўнутраным чалавеку» жыве Пан, чый голас гучыць у цішыні сэрца.

Пакліканне — не навязаная звонку схема, а жывая задума любові і шчасця, якая нараджаецца з асабістага дыялогу з Богам. 

Адмысловая ўвага ў пасланні нададзена моладзі. Папа заклікае новыя пакаленні знаходзіць час для эўхарыстычнага пакланення, разважання над Святым Пісаннем, паўнавартаснага ўдзелу ў таямнічым жыцці Касцёла. Толькі ў такой атмасферы можна распазнаць Божы голас, які заклікае да канкрэтнага шляху, няхай гэта будзе сужэнства, святарства, пастаянны дыяканат або манаства. Прызванне — не статычная мэта, дасягнутая аднойчы, а дынамічны працэс паспявання, падобны таму, што адбываецца з галінамі на лазе. Ён патрабуе штодзённых зносін з Панам і гатоўнасці да «духоўнай падрэзкі», якая робіць жыццё плённым.

У якасці прыкладу абсалютнага даверу Богу Папа прыводзіць святога Юзафа Абранніка. Нават у моманты нявызначанасці і «цемры» Юзаф умеў спадзявацца на Божы Провід, становячыся ўзорам паслухмянасці.

Леў XIV заклікае сем'і, парафіяльныя і манаскія супольнасці, біскупаў, святароў і ўсіх вернікаў ствараць умовы, у якіх гэты давер мог бы расці, а дары Духа Святога раскрывацца і даваць плён на карысць усяго Касцёла.

Пасланне завяршаецца малітвай да Найсвяцейшай Панны Марыі, «самай уважлівай слухачкі», якая суправаджае кожнага верніка на шляху да поўнай рэалізацыі паклікання.

Абноўлена 30.03.2026 17:58
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа