
З нагоды дзясятай гадавіны Апостальскай адгартацыі Папы Францішка Amoris laetitia Папа Леў XIV запрасіў старшынь усіх епіскапатаў свету сабрацца ў Рыме на саміт па пытаннях сям’і.
«Беручы пад увагу змены, якія пастаянна ўплываюць на жыццё сем’яў, я вырашыў склікаць у кастрычніку 2026 года старшынь Канферэнцый Біскупаў з усяго свету, каб у духу ўзаемнага слухання правесці сінадальнае распазнаванне аб кроках, якія неабходна зрабіць для абвяшчэння Евангелля сем’ям сёння, у святле Amoris laetitia і з улікам таго, што ўжо робіцца ў мясцовых Касцёлах», — заўважыў Папа.
Свой заклік Леў XIV скіраваў у пасланні з нагоды 10-годдзя постсінадальнай Апостальскай адгартацыі Францішка Amoris laetitia, якое было апублікавана 19 сакавіка 2026 года, ва ўрачыстасць святога Юзафа.
Працягваць шлях
Пантыфік нагадаў, што адгартацыя яго папярэдніка — «светлае пасланне надзеі адносна сужэнскага і сямейнага жыцця» — была «плёнам трохгадовага сінадальнага распазнавання, падтрыманага Святым годам Міласэрнасці».
«У гэтую дзясятую гадавіну мы хочам падзякаваць Пану за імпульс, дадзены даследаванням і душпастырскаму навяртанню, і папрасіць Яго аб адвазе працягваць шлях, кожны раз нанова прымаючы Евангелле, у радасці магчымасці абвяшчаць яго ўсім»,
— дадаў ён.
Каштоўнае вучэнне
Леў XIV заўважыў, што Amoris laetitia прапануе «каштоўнае вучэнне, якое мы павінны працягваць паглыбляць і сёння: біблійную надзею на любячую і міласэрную прысутнасць Бога, якая дазваляе перажываць “гісторыі кахання”, нават калі даводзіцца перажываць “сямейныя крызісы” (AL, 8); запрашэнне набыць “погляд Езуса” (AL, 60) і нястомна стымуляваць “да развіцця, умацавання і паглыблення сужэнскай і сямейнай любові” (AL, 89); заклік адкрыць для сябе, што любоў у сужэнстве заўсёды “адорвае жыццём” (AL, 165) і што яна рэальная менавіта ў сваім “абмежаваным і часовым выглядзе” (AL, 113), як вучыць нас таямніца Уцелаўлення».
«Папа Францішак сцвярджае “неабходнасць выпрацаваць новыя шляхі пастырства” і “умацаваць выхаванне дзяцей” (AL, раздзел VII), пры гэтым заклікаючы Касцёл “спадарожнічаць, распазнаваць і інтэграваць тое, што слабое” (AL, раздзел VIII), пераадольваючы спрашчэнне разумення нормы, а таксама садзейнічаць “духоўнасці, якая развіваецца ў дынаміцы адносінаў у сямейным жыцці”» (AL, 313), — напісаў Леў XIV.
Паказаць прыгажосць паклікання да сужэнства
«Каб служыць місіі абвяшчэння Евангелля сям’і маладым пакаленням, мы павінны навучыцца нагадваць пра прыгажосць паклікання да сужэнства менавіта ў прызнанні слабасці, каб абудзіць “давер да ласкі” і хрысціянскае імкненне да святасці», — дадаў Святы Айцец.
Патрэба у пастырскай увазе да сем'яў
Папа падзякаваў усім, хто служыць сем’ям у Касцёле, а таксама падкрэсліў, што намаганні ў гэтай сферы патрабуюць аднаўлення і паглыблення.
«Наш час адзначаны хуткімі зменамі, якія нават больш чым дзесяць гадоў таму прымушаюць звяртаць асаблівую пастырскую ўвагу на сем’і, якім Пан даручыў заданне ўдзельнічаць у місіі Касцёла абвяшчаць і сведчыць Евангелле»,
— падкрэсліў Леў XIV, выказваючы надзею, што тыя, каго Пан кліча да сужэнскага і сямейнага жыцця, змогуць «жыць сваёй сужэнскай любоўю ў Хрысце», а «маладыя людзі адчуюць прыцягненне да багацця сужэнскага паклікання ў Касцёле».







