Рада Канферэнцый Біскупаў Еўропы (РКБЕ) перанесла сядзібу са швейцарскага горада Санкт-Гален у Рым.
Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, урачыстае адкрыццё новай штаб-кватэры адбылося 21 чэрвеня.
Цырымонію ўзначаліў Дзяржаўны сакратар Яго Святасці Папы Францішка кардынал П’етро Паралін. У ёй бралі ўдзел старшыня РКБЕ арцыбіскуп Віленскі Гінтарас Грушас, прадстаўнікі структур Апостальскай Сталіцы і епіскапатаў еўрапейскіх краін.
Рашэнне аб пераносе сядзібы сакратарыята Рады было прынята на пленарным пасяджэнні старшынь Канферэнцый Біскупаў Еўропы ў лістападзе 2023 года пасля кансультацый са Святым Айцом.
Прычыны для гэтага кроку ў першую чаргу гістарычныя, патлумачыў Vatican News арцыбіскуп Грушас. Ён нагадаў, што Рада Канферэнцый Біскупаў Еўропы была заснаваная ў 1971 годзе. Кантынент тады быў падзелены на два блокі, таму сядзібу арганізацыі размясцілі ў нейтральнай Швейцарыі. У Санкт-Гален, аднак, няпроста дабрацца, таму з часам узнікла патрэба ў пошуку больш адпаведнага месца для сустрэч біскупаў, куды зручней далятаць самалётам. Паколькі біскупы часта прыязджаюць у Рым, цяпер у іх будзе магчымасць часцей наведваць штаб-кватэру РКБЕ. Пры прыняцці рашэння аб пераездзе ўлічваліся таксама фінансавыя аспекты: утрымліваць сакратарыят у Швейцарыі, дзе цэны вельмі высокія, было дорага.
Новыя памяшканні Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы знаходзяцца ў самым цэнтры Рыма, непадалёк ад Пантэона, у вялікім старажытным будынку, які належыць Апостальскай Сталіцы, але выкарыстоўваецца вікарыятам Рымскай дыяцэзіі. Офіс сакратарыяту займае каля 400 квадратных метраў. Тут значна больш месца, чым было раней: ёсць вялікія пакоі для правядзення сустрэч і прыёмаў, больш магчымасцяў для рэгулярнага ўзаемадзеяння з Папам і структурамі Святога Пасаду.