Сёлета іспанскі горад Сант’яга-дэ-Кампастэла — адно з самых папулярных месцаў пілігрымак у Еўропе — наведалі больш за 243 тысячы пілігрымаў з усяго свету.
Гэтую лічбу падало Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ паводле ацэнак аўтаномнай супольнасці Галісія, што на паўночным захадзе Іспаніі.
Як удакладніў Хасэ Мэрэлес, адказны за турызм у рэгіёне, у параўнанні з перыядам з 1 студзеня па 15 ліпеня мінулага года колькасць ппілігрымаў у Сант’яга-дэ-Кампастэла сёлета павялічылася на 15%. Паводле Мерэлеса, улады рэгіёну Галісія чакаюць, што з надыходам Святога, 2025 года і Года святога Якуба ў 2027 годзе колькасць пілігрымаў, якія накіроўваюцца ў гэты іспанскі горад, будзе расці.
«Сант’яга-дэ-Кампастэла сёння мае вялікае значэнне не толькі ў рэлігійным, але і ў сацыяльна-культурным плане для ўсяго рэгіёну Галісія», — сказаў Мэрэлес, нагадаўшы, што аслабленне паломніцкага руху ў Сант’яга-дэ-Кампастэла назіралася толькі падчас пандэміі каранавірусу ў 2020 і 2021 гадах.
У 2022 годзе, пасля зняцця санітарных абмежаванняў у Іспаніі і Партугаліі, з’явілася больш ініцыятываў, якія спрыяюць пілігрымкам у Сант’яга-дэ-Кампастэла.
Важнай падзеяй для павелічэння колькасці пілігрымаў у гэтым іспанскім горадзе сталі Сусветныя дні моладзі, што адбываліся ў Лісабоне з 1 па 6 жніўня 2023 года. Для многіх моладзевых груп, якія ўдзельнічалі ў гэтым мерапрыемстве, горад святога Якуба быў этапам іх падарожжа ў сталіцу Партугаліі.
Лічыцца, што ў катэдры Сант’яга-дэ-Кампастэла знаходзяцца рэліквіі святога Якуба Большага, аднаго з дванаццаці апосталаў Езуса Хрыста. Гэта адно з самых папулярных рэлігійных месцаў у Еўропе, куды на працягу стагоддзяў кіруюцца шматлікія пілігрымы. За ўвесь 2023 год сюды прыбыла рэкордная колькасць пілігрымаў — амаль 500 тысяч.