У Сант’яга-дэ-Кампастэла распачалася Еўрапейская пілігрымка моладзі, якая праходзіць на тэму: «Малады чалавек, устань і будзь сведкай. Апостал Якуб чакае цябе».
Як паведаміла 4 жніўня Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, у пілігрымцы бяруць удзел каля 12 тысяч удзельнікаў. Самая вялікая колькасць — з Іспаніі, Партугаліі і Італіі. У наступныя дні для моладзі будзе арганізавана каля 700 розных сустрэч.
«Мы хочам пераняць тое, аб чым маладыя людзі казалі нам падчас Сіноду на тэму моладзі: Касцёл павінен больш прыслухоўвацца да падрастаючага пакалення. Таму кожная раніца будзе прысвечана дзяленню досведам і цэлебрацыі ў 20-і касцёлах горада. Акрамя таго, у нас ёсць Агора Еўрапейскай пілігрымкі моладзі: больш за 100 устаноў гатовыя да дыялогу з маладымі людзьмі», — адзначыў прадстаўнік іспанскага епіскапату ксёндз Рауль Тынахэра.
Другім важным элементам стане распазнаванне паклікання. «Моладзь пытаецца аб тым, кім яна хоча стаць у будучыні, і мы ведаем, што сучасны свет складаны. Таму мы арганізавалі „Падворак паклікання“ — прастору, дзе маладыя людзі змогуць атрымаць параду», — дадаў святар.
Трэці важны аспект — зносіны.
«Моладзь хоча больш сучаснага Касцёла, і тут важная камунікацыя. Мы хочам, каб інтэгруючым элементам стала музыка, і яна будзе шырока прысутнічаць падчас гэтай пілігрымкі», — падкрэсліў ксёндз Тынахэра.
Аб правядзенні сустрэчы ў Сант’яга-дэ-Кампастэла клапоцяцца больш за 400 валанцёраў з розных дыяцэзій іспанскай Галісіі.