Пошук

29.07.2024 13:50   Тэкст і фота: Мікола Гракаў / Catholic.by

У суботу 27 ліпеня пры крыніцы святога Якуба, што ў вёсцы Тракелі на тэрыторыі парафіі Апекі Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дайлідках (Гродзенская дыяцэзія, Астравецкі дэканат), адбылася традыцыйная адпустовая ўрачыстасць.

Урачыстую цэлебрацыю святой Імшы на палявым алтары на ўскрайку вёскі ўзначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB з Магілёва.

Напачатку іерарх разам з усімі прысутнымі памаліўся літанію да святога Якуба перад яго фігурай, усталяванай на ўнікальным месцы культу, а таксама акрапіў сабраных вернікаў крынічнай вадой.

Крыніца святога Якуба — адзіная з такой назвай у Беларусі — з’яўляецца пачаткам шляху пілігрымкі з нашай краіны ў Сант’яга-дэ-Кампастэла, да рэліквій святога апостала Якуба. Вада з крыніцы з даўніх часоў лічыцца гаючай.

У спякотны ліпеньскі дзень урачыстасць сабрала пры крыніцы паўтара дзясяткі святароў і сотні вернікаў з розных мясцін Беларусі і з-за мяжы.

Усіх сабраных прывітаў пробашч мясцовай парафіі ксёндз канонік Алег Шпень, які сёлета адзначае 25-годдзе святарства.

Біскуп Яшэўскі павіншаваў святара-юбіляра і пажадаў яму ласкі Божай праз заступніцтва святога Якуба на далейшым шляху святарскага служэння.

У прамоўленай гаміліі іерарх засяродзіўся на евангельскай прыпавесці пра Добрага Самараніна, у якой Езус раскрывае сэнс найбольшай запаведзі — любіць Бога і бліжняга, а таксама тлумачыць, хто наш бліжні.

Перадусім пастыр падкрэсліў, што менавіта любоў да Бога і да бліжняга з’яўляецца сродкамі для збаўлення душы. Пры гэтым ён заўважыў, што недастаткова толькі мець любоў у душы: яе неабходна пацвярджаць знашнімі праявамі, якія таксама маюць вялікае значэнне.

«Няма сапраўднай любові да Бога без любові да бліжняга, і сапраўднай любові да бліжняга без любові да Бога», — сцвердзіў іерарх, дадаўшы, што менавіта вобраз Добрага Самараніна з’яўляецца прыкладам такой любові.

Біскуп Яшэўскі патлумачыў і больш глыбокі сэнс прыпавесці, на які звярталі ўвагу Айцы Касцёла: паранены чалавек — гэта вобраз параненага грахом чалавецтва; разбойнікі — д’ябал і яго паслугачы, а міласэрны Самаранін — сам Езус Хрыстус.

«Дарагія вернікі, будзем жа імкнуцца да сапраўднай любові да Бога і да бліжняга. Гэтая любоў патрэбная нам, каб дасягнуць вечнага жыцця. Давайце звернемся да Найсвяцейшай Маці і святога Якуба, апостала, каб атрымаць гэты вялікі дар любові ад Бога», — заахвоціў удзельнікаў урачыстасці іерарх.

Напрыканцы цэлебрацыі прадстаўнікі парафій у Дайлідках і на станцыі Ашмяны, даручаных душпастырскай апецы ксяндза Алега Шпеня, павіншавалі свайго шматгадовага пробашча з юбілеем святарства.

Ксёндз Алег Шпень са свайго боку выказаў шчырыя і кранальныя словы падзякі ўсім, хто суправаджаў яго на жыццёвым і святарскім шляху, які доўжыцца ўжо амаль чвэрць стагоддзя.

Старшыня парафіяльнай рады Казімір Варановіч звярнуўся да біскупа Аляксандра Яшэўскага, адзначыўшы, што ён з’яўляецца земляком тутэйшых вернікаў, і падзякаваў іерарху за супольную малітву.

З нагоды ўспаміну святога Крыштафа, які адзначаецца ў адзін дзень са святам святога апостала Якуба, пасля Імшы адбылося благаслаўленне кіроўцаў і транспартных сродкаў.

Удзельнікі ўрачыстасці таксама ахвотна скарысталіся магчымасцю ўзяць з сабой крынічнай вады.

Абноўлена 29.07.2024 13:54
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа