У нядзелю 23 ліпеня пры крыніцы святога Якуба, што ў вёсцы Тракелі на тэрыторыі парафіі Апекі Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дайлідках (Гродзенская дыяцэзія, Астравецкі дэканат), адбылася традыцыйная адпустовая ўрачыстасць.
Урачыстую цэлебрацыю святой Імшы на палявым алтары ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Падчас урачыстасці пастыр Касцёла на Гродзеншчыне адзначыў вялікія заслугі ў душпастырскім служэнні мясцовага пробашча, ксяндза Алега Шпеня. Менавіта пад яго кіраўніцтвам на падставе сабраных з дапамогай біскупа Кашкевіча архіўных матэрыялаў мясцовымі вернікамі было адноўлена старадаўняе месца культу — крыніца святога Якуба. Акрамя таго, руплівы святар разам з вернікамі са станцыі Ашмяны са старой калгаснай сталоўкі зрабіў першы ў Беларусі касцёл у гонар благаслаўлёнага Міхала Сапоцькі, які біскуп Кашкевіч благаславіў 28 верасня 2019 года.
На знак прызнання вялікіх заслугаў перад Касцёлам на Гродзеншчыне, біскуп Аляксандр Кашкевіч сваім дэкрэтам прызначыў ксяндза Алега Шпеня канонікам Гродзенскага катэдральнага капітулу Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Казіміра.
Крыху раней гэтую годнасць атрымаў яшчэ адзін шматгадовы пробашч — душпастыр парафіі святога Юды Тадэвуша ў Вішненве (Смаргонскі дэканат) ксёндз Антоній Казлоўскі.