Пошук

13.02.2023 07:47   Фота: Мікола Гракаў / Catholic.by

У нядзелю 12 лютага ў касцёле на станцыі Ашмяны (Гродзенская дыяцэзія, Астравецкі дэканат, парафія Дайлідкі) адбылася ўрачыстасць у гонар благаслаўлёнага Міхала Сапоцькі.

Касцёл на станцыі Ашмяны, які ў верасні 2019 года благаславіў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, з’яўляецца адзінай у Беларусі святыняй, што мае тытул нашага благаслаўлёнга земляка — спаведніка і духоўнага кіраўніка святой Фаўстыны Кавальскай, які разам з ёю стаў апосталам Божай Міласэрнасці.

Яго літургічны ўспамін адзначаецца ў Касцёле 15 лютага — у дзень яго адыходу ў дом Нябеснага Айца ў 1975 годзе.

На ўрачыстасць у гонар благаслаўлёнага Міхала Сапоцькі у касцёле, які фактычна з’яўляецца капліцай на тэрыторыі дайлідскай парафіі, сабраліся мясцовыя вернікі і госці. Цэлебрацыю Эўхарыстыі па запрашэнні пробашча парафіі ў Дайлідках ксяндза Алега Шпеня ўзначаліў куратар першага курса Міждыяцэзіяльнай духоўнай семінарыі ксёндз Павел Эйсмант. Гамілію прамовіў супрацоўнік парталу Catholic.by ксёндз Мікола Гракаў, які звярнуў увагу на найбольш адметныя рысы асобы ксяндза Міхала Сапоцькі, акалічнасці яго жыцця і служэння Богу і людзям.

Праз заступніцтва благаслаўлёнага апекуна ўдзельнікі святой Імшы — малыя і пажылыя — маліліся аб тым, каб Божая Міласэрнасць дакранулася да сэрца кожнага чалавека, каб спынілася нянавісць і войны, каб людзі навучыліся прабачаць і дапамагаць адно аднаму.

На заканчэнне цэлебрацыі адбылося ўшанаванне рэліквій благаслаўлёнага Міхала Сапоцькі, што з пашанаю захоўваюцца ў невялікім утульным касцёльчыку, які вернікі са станцыі Ашмяны разам са сваім пробашчам з любоўю і руплівасцю абсталявалі ў былой калгаснай сталоўцы.

Хоць у пасёлку на станцыі жывуць толькі некалькі дзясяткаў сем’яў, але супольнасць жывая і атыўная, што відаць нават па тым, наколькі старанна дагледжана адзіная ў нашай краіне святыня ў гонар апостала Божай Міласэрнасці.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа