28 верасня біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч благаславіў касцёл на станцыі Ашмяны, які стаў першай у Беларусі святыняй у гонар благаслаўлёнага Міхала Сапоцькі.
Супольнасць католікаў на станцыі Ашмяны налічвае некалькі дзясяткаў сем’яў. Рэгулярныя набажэнствы тут распачаліся напрыканцы 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Адным з першых святароў, які распачаў тут душпастырскую дзейнасць, быў кс. Юзаф Занеўскі, салезіянін. У дзень благаслаўлення касцёла святар спецыяльна прыбыў на гэтую ўрачыстасць з Масквы, дзе ўжо працяглы час нясе душпастырскае служэнне.
Вернікі са станцыі Ашмяны на працягу тыдня перад важнай падзеяй рыхтаваліся да яе, беручы ўдзел у святых місіях, якія правёў для іх кс. канонік Аляксей Раманчук, пробашч парафіі Спаслання Духа Святога ў Барысаве.
Урачыстасць благаслаўлення касцёла, якая сабрала вялікую колькасць духавенства, вернікаў і гасцей з ваколіц і здалёк, нават з-за мяжы, з Літвы, Польшчы, Расіі і Украіны, распачалася з благаслаўлення вялікага місійнага крыжа, якое здзейсніў пастыр Касцёла на Гродзеншчыне біскуп Аляксандр Кашкевіч.
Невялікі дождж, які крапіў пры гэтым з неба, быў як быццам пацвярджэннем шчодрага Божага благаслаўлення, якое сплывала ў гэты дзень на вернікаў са станцыі Ашмяны і іх руплівага душпастыра ксяндза Алега Шпеня, пробашча парафіі Апекі Маці Божай у Дайлідках – Даўкшышках (Астравецкі дэканат).
Менавіта яе філіялам з’яўляецца новая святыня на станцыі Ашмяны, хоць тэрытарыяльна яна знаходзіцца ўжо ў суседнім Ашмянскім дэканаце. Таму невыпадкова менавіта з прапановы Ашмянскага дэкана кс. каноніка Яна Пузыны быў выбраны тытул для новага касцёла, а парафія святога Арханёла Міхала ў Ашмянах, дзе пробашчам з’яўляецца ксёндз дэкан, стала ахвярадаўцам вітража над цэнтральным алтаром.
Урачыстасць благаслаўлення касцёла на станцыі Ашмяны адбывалася ў дзень літургічнага ўспаміну благаслаўлёнага Міхала Сапоцькі, які адыграў асаблівую ролю ў распаўсюджванні культу Божай Міласэрнасці. Нездарма ў вітражы над галоўным алтаром новага касцёла змешчана выява Езуса Міласэрнага.
Благаслаўлёны біскупам Кашкевічам місійны крыж ушанавалі духавенства і вернікі, пасля чаго распачалася святая Імша. На пачатку Эўхарыстыі кс. пробашч Алег Шпень прывітаў біскупа Аляксандра і папрасіў яго благаславіць святыню, што пастыр з задавальненнем здзейсніў.
У прамоўленай гаміліі іерарх асаблівым чынам засяродзіўся на Божай міласэрнасці, што з’яўляецца асабліваю праяваю блізкасці Бога да кожнага чалавека.
«Будуючы ерузалемскую святыню ў гонар адзінага сапраўднага Бога, пабожныя юдэі задаваліся пытаннем, ці можа Бог, якога не змяшчае зямля, неба і ўвесь сусвет, змясціцца ў збудаванай чалавечымі рукамі святыні.
І знаходзілі станоўчы адказ на гэтае пытанне ў Святым Пісанні, у якім Бог аб’яўляе сябе Богам міласэрным і літасцівым, блізкім і чалавекалюбным, а не суровым і недасяжным», — падкрэсліў біскуп Аляксандр.
Аб’яўленне Божай любові і міласэрнасці дасягнула сваёй паўнаты ў прыйсці на свет Езуса Хрыста: у нараджэнні Бога ў чалавечым целе, у Яго крыжовай смерці і ўваскрасенні. Але толькі ў дваццатым стагоддзі, у эпоху страшэнных сусветных войнаў і нябачанага дагэтуль разгулу зла, з’явіўся культ Божай Міласэрнасці, апосталамі якога стала сціплая, бедная сястра святая Фаўстына Кавальская і яе духоўны кіраўнік і спаведнік ксёндз Міхал Сапоцька. Дзякуючы вялікаму евангелізацыйнаму пасланню папы-славяніна святога Яна Паўла ІІ, чыя фігура разам з фігураю святой сястры Фаўстыны знаходзіцца ў прэзбітэрыі новага касцёла, культ Божай Міласэрнасці ў наш час распаўсюдзіўся ва ўсім свеце.
«Невядома, як склаўся б лёс святой сястры Фаўстыны і атрыманага ёю паслання Божай Міласэрнасці, калі б Бог не паставіў на яе шляху гэтага святара, які даў ёй наказ запісваць тое, што Езус аб’яўляў ёй пра сваю Міласэрнасць», — адзначыў іерарх. Ён дадаў, што дзякуючы адкрытасці для дзеяння Святога Духа гэтага адданага служыцеля алтара шмат чалавечых душаў змагло дасягнуць збаўлення, за што ён атрымаў у небе асаблівую ўзнагароду.
На заканчэнне Гродзенскі біскуп зазначыў, што благаслаўленне першай у Гродзенскай дыяцэзіі і ва ўсёй Беларусі святыні ў гонар благаслаўлёнага Міхала Сапоцькі з’яўляецца важнай гістарычнай падзеяй у жыцці мясцовага Касцёла.
Гэтая радасная падзея стала магчымай дзякуючы дапамозе шматлікіх дабрадзеяў і ахвярадаўцаў як з Беларусі, так і з-за мяжы.
Адным з першых дапамогу ў пабудове аказаў менавіта біскуп Аляксандр Кашкевіч: за ахвяраваныя ім сродкі ў святыні былі ўсталяваныя ўваходныя дзверы.
Але галоўная заслуга ў тым, што будынак, дзе калісьці кармілі калгаснікаў, стаў домам Божым, у якім верны люд будзе наталяць свой духоўны голад са стала Божага слова і Эўхарыстыі, належыць самаахвярнай руплівасці тутэйшых католікаў і іх адданага душпастыра ксяндза Алега. Пад яго кіраўніцтвам былую калгасную сталоўку, дзе шмат гадоў таму мясцовыя вернікі пачалі арэндаваць адзін пакой для супольных малітваў, удалося ператварыць у сапраўдны Божы дом з вежаю, увянчанаю крыжам — знакам збаўлення, які сёння пераможна ўзносіцца над станцыяй Ашмяны. Магчыма, ксёндз Міхал Сапоцька, ураджэнец даўняй Ашмяншчыны, і сам бываў на гэтай станцыі, калі вучыўся ў Ашмянах.
Цяпер жа благаслаўлёны апостал Божай Міласэрнасці назаўсёды звязаны з гэтаю мясцовасцю, дзе з’явіўся першы ў Беларусі касцёл у яго гонар, у якім з пашанаю захоўваюцца рэліквіі благаслаўлёнага Міхала Сапоцькі і дзе ў табэрнакулюме прысутнічае сам Езус, каб шчодра адорваць мясцовы люд сваёю бясконцаю Міласэрнасцю.
Асабліва шчырыя словы скіравалі ўдзячныя парафіяне матулі свайго пробашча спадарыні Рэгіне, якая выгадавала і выхавала такога цудоўнага сына і няспынна падтрымлівае і суправаджае яго сваёй матчынай апекай і малітвай.
Ва ўрачыстасці бралі ўдзел студэнты Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне на чале з ксяндзом рэктарам Віталем Вайцяхоўскім. Будучыя святары прыгожа служылі пры алтары, а пасля Імшы семінарыйны гурт «Авэ» заспяваў перад шматлікімі слухачамі.
Завяршылася ўрачыстасць святочным канцэртам і смачным шчодрым пачастункам, які тры дні гатавалі мясцовыя гаспадыні, каб хапіла на ўсіх, хто падзяліў з імі радасць благаслаўлення касцёла ў іх родным мястэчку.