Пошук

25.10.2025 11:20   Фота: Вольга Взёнтэк / Catholic.by

24 кастрычніка, напрыканцы святой Імшы з абрадам пасвячэння касцёла святога Бэнэдыкта ў Пінску, у святыню завітаў спецыяльны прадстаўнік Папы Льва XIV кардынал Клаўдыё Гуджэроці, Прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Касцёлаў, які напярэдадні прыбыў у Мінск для удзелу ў галоўных ўрачыстасцях 100-годдзя Пінскай дыяцэзіі.

Напачатку біскуп Пінскі Антоній Дзям'янка прывітаў высокапастаўленага госця, нагадваючы, што святыня, якую ён наведаў, звязана з дзейнасцю бэнэдыктынаў у Гарадзішчы. «У 1662 годзе бэнэдыктыны збудавалі там прыгожы касцёл. Сваім хараством і веліччу гэты храм не саступаў нашай катэдры. На працягу стагоддзяў манахі згодна з дэвізам заснавальніка, св. Бэнэдыкта з Нурсіі — “Маліся, працуй і нясі людзям надзею”, — перадавалі багацце сваёй духоўнасці палешукам. Святы Бэнэдыкт з’яўляецца пачынальнікам манаскага жыцця Касцёла лацінскага абраду, апекуном Еўропы

І хоць у 1944 годзе, падчас Другой сусветнай вайны, гітлераўцы ўзарвалі касцёл у Гарадзішчы і знішчылі шматвяковую спадчыну, якая пакаленнямі веруючых захоўвалася ў творах сакральнага мастацтва і архітэктуры, на памяць аб страчанай спадчыне пінчукі збудавалі касцёл пад іменем святога Бэнэдыкта.

Гэтая будоўля з’яўляецца не толькі памяццю пра мінулае, але і выразам патрэбы сучаснага грамадства ў святыні», — адзначыў пінскі ардынарый.

Вітаючы прысутных, кардынал Гуджэроці прызнаўся, што яго да іх выслаў Леў XIV, і дадаў: «Для мяне гэта вельмі кранальна — быць тут, у Беларусі. Цудоўная зямля і вельмі добры народ. Я адчуваю сябе, як дома».

Далей прадстаўнік Святога Айца, выкарыстоўваючы жывую, насычаную нечаканымі зваротамі, мову, звярнуўся з прывітальным словам да беларускіх іерархаў і падкрэсліў, што мае «вельмі цёплыя ўспаміны» з часу, калі ён быў Апостальскім нунцыем у Беларусі.

Кардынал Гуджэроці звярнуў увагу, што Пінская дыяцэзія адыграла вялікую ролю ў гісторыі Касцёла ў Беларусі. Аднак, пакідаючы далейшае разважанне аб гэтым на наступны дзень, дастойны госць звярнуўся да вернікаў, назваўшы іх «жывымі камянямі», якія біскупы і святары даглядаюць і захоўваюць.

«Мне вельмі важна паглядзець вам у вочы, каб даць вам адчуць, як моцна вас любіць Папа, наколькі Каталіцкі Касцёл сёння ганарыцца вамі і каб дазволіць вам адчуць сэрца Касцёла, якое б'ецца ва ўсім свеце»,

— так акрэсліў сваю місію іерарх.

Ён прывітаў таксама Апостальскага нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Іньяцыё Чэффаліа, падкрэсліўшы, што гэта сталы прадстаўнік Святога Айца ў краіне, і папрасіў: «Я прашу вас памаліцца за Папу. Ён сказаў мне, што ён вучыцца выконваць сваю новую “працу” і просіць вашай дапамогі, каб гэта выканаць добра (…), бо Папам быць у цяперашнім свеце нялёгка».

Кардынал Гуджэроці павіншаваў удзельнікаў урачыстасці са святам і як спецыяльны прадстаўнік Льва XIV удзяліў ім апостальскае благаслаўленне.

Абноўлена 27.10.2025 10:56
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа