Пошук

07.10.2024 08:09   Тэкст і фота: Мікола Гракаў / Catholic.by

5 кастрычніка, у першую суботу Ружанцовага месяца, у Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай прайшла першая сустрэча ў межах малітоўнай падрыхтоўкі да прысвячэння Мінска-Магілёўскай Мітраполіі Божай міласэрнасці і Беззаганнаму Сэрцу Марыі з нагоды Юбілейнага года хрысціянства і 90-годдзя Вяночка да Божай міласэрнасці.

Гэтая падрыхтоўка адбываецца па ініцыятыве Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага.

За арганізацыю першай сустрэчы ў межах малітоўнай падрыхтоўкі, якая адбывалася ў дзень літургічнага ўспаміну святой Фаўстыны Кавальскай — «сакратаркі» Божай міласэрнасці, — былі адказныя духавенства і вернікі Мядзельскага дэканату, на тэрыторыі якога знаходзіцца Нацыянальны санктуарый.

Узначаліў сустрэчу Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.

Пілігрымаў, якія прыбывалі ў Будслаў з розных парафій Мядзельшчыны, з Мінска і з іншых мясцін, вітаў пробашч будслаўскай парафіі ксёндз Дзмітрый Дубовік.

Сустрэча ў святыні распачалася з выстаўлення Найсвяцейшага Сакрамэнту, перад якім адбылося набажэнства перапрашэння Беззаганнага Сэрца Марыі і Фацімскі Ружанец, што суправаджаліся разважаннямі з «Дзённіка» святой сястры Фаўстыны Кавальскай. Усе ахвотныя ў гэты час маглі прыступіць да споведзі.

Апоўдні распачалася святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Касабуцкі. Напачатку іерарх прывітаў усіх сабраных у Нацыянальным санктуарыі, перадусім дэкана Мядзельскага ксяндза каноніка Багуслава Маджэеўскага са Свіра, пробашча парафіі ў Будславе і айцоў кармэлітаў босых, якія нясуць служэнне ў парафіях Мядзельшчыны.

Генеральны вікарый архідыяцэзіі ад імя арцыбіскупа Станеўскага заахвоціў вернікаў актыўна ўключыцца ў справу падрыхтоўкі да прысвячэння Касцёла на Беларусі Божай Міласэрнасці і Беззаганнаму Сэрцу Марыі, якое адбудзецца ў Святы год Юбілею 2025-годдзя ад Нараджэння Хрыстова.

Гамілію падчас святой Імшы прамовіў ксёндз Дзмітрый Дубовік. Будслаўскі пробашч засяродзіўся ў ёй на асобе старазапаветнага праведніка Ёва, які без нараканняў падпарадкаваўся Божай волі падчас надзвычай цяжкіх выпрабаванняў, а таксама святога Францішка Асізскага, літургічны ўспамін якога адзначаўся напярэдадні. Святар заахвоціў вернікаў па іх прыкладзе, а таксама па прыкладзе святой Фаўстыны Кавальскай давяраць Божай Міласэрнасці, якая з’яўляецца светачам надзеі ў цемры нягодаў гэтага свету.

Напрыканцы святой Імшы біскуп Касабуцкі заахвоціў сабраных заўсёлы імкнуцца выконваць Божую волю і несці святло Божай праўды іншым людзям.

«У кожнага з нас ёсць сваё заданне, якое Божы Провід нам падрыхтаваў, але галоўнае нашае заданне — прыжыць гэтае жыццё так, каб увайсці ў Божае Валадарства і прывесці разам з сабою іншых людзей.

І сёння мы асабліва тут, перад іконаю нашай Будслаўскай Матулі, разважаем пра справу Божай міласэрнасці, Божай любові. <…> Нашая малітва за ўсіх людзей вельмі важная: малітва аб міласэрнасці, аб сустрэчы з Божай міласэрнасцю і аб збаўленні», — падкрэсліў іерарх.

Ён асаблівым чынам падзякаваў усім пілігірымам, якія, адклаўшы ўсе іншыя справы, скіраваліся ў Нацыянальны санктуарый, да Маці Божай Будслаўскай, каб разам распачаць шлях малітоўнай падрыхтоўкі да прысвячэння Касцёла ў нашай краіне Божай міласэрнасці.

Пасля Імшы і пасілку ўдзельнікі сустрэчы зноў сабраліся ў базыліцы, дзе айцец Андрэй Авен OCD з Мядзела прамовіў духоўную канферэнцыю, у якой звярнуў увагу на асабліва яскравыя моманты з «Дзённіка» святой сястры Фаўстыны, што найбольш поўна прадстаўляюць вялікую таямніцу Божай міласэрнасці. Над імі сабраныя працягвалі разважаць і падчас адмысловага набажэнства, падрыхтаванага вернікамі парафіі святога Мікалая, біскупа, у Свіры, якое завяршылася вяночкам і літаніяй да Божай Міласэрнасці.

На заканчэнне сустрэчы біскуп Юрый Касабуцкі паблагаславіў ваду і набытыя пілігрымамі ў санктуарыі рэлігійныя рэчы, а таксама пажадаў усім шчаслівага вяртання дадому і благаславіў у добры шлях.

Частка пілігрымаў з Будслава скіравалася ў Валкалату, суседнюю парафію на тэрыторыі Віцебскай дыяцэзіі, каб памаліцца перад раннім абразом Езуса Міласэрнага, які захоўваецца ў мясцовым касцёле.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.