Пошук

02.07.2024 15:59   Тэкст: Ганна Шаўчэнка / Фота: Pro Christo / Catholic.by

«Міласэрнасць Божая — надзея нашага збаўлення» — так называецца рэлігійны каляндар на 2025 год, які выйшаў у сталічным выдавецтве «Pro Christo».

У Каталіцкім Касцёле ва ўсім свеце і ў Беларусі 2025 год будзе юбілейным, пра што падрабязна распавядае Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ва ўступным слове да календара «Непахісная надзея на збаўленне ў Хрысце».

Папа Францішак абвясціў 2025 год Святым годам — гэта асаблівы час, калі вернікі могуць атрымаць Божае прабачэнне праз спецыяльныя адпусты.

Акрамя таго, у 2025 годзе спаўняецца 90 гадоў з таго часу, калі Езус у містычных аб’яўленнях навучыў святую Фаўстыну Кавальскую маліцца Вяночак да Божай Міласэрнасці, а таксама ў гэтым годзе будзе адзначацца 1700-годдзе Нікейскага Сабору, на якім былі акрэсленыя асноўныя догматы хрысціянства, сфармуляваныя ў Сімвале веры. Юбілей у 2025 годзе адзначыць і Пінская дыяцэзія, якая была заснаваная роўна 100 гадоў таму.

Кожны падобны юбілей — сведчанне бязмежнай Божай любові; знак таго, што, нягледзячы на цяжкія выпрабаванні і перыпетыі лёсу, «брамы пякельныя» не перамагаюць Касцёл, вера ў чалавечых сэрцах працягвае жыць і ўмацоўвацца, а Бог заўсёды гатовы прабачыць нам нашыя правіны, калі мы са скрухаю прыходзім да Яго. Для таго, каб яшчэ раз нагадаць пра гэта і паспрыяць большаму пашырэнню культу Божай Міласэрнасці, укладальнікі календара змясцілі ў ім на кожны месяц фрагменты з «Дзённіка» святой Фаўстыны Кавальскай. Яны стануць для карыстальнікаў крыніцаю натхнення ў малітоўным жыцці, у медытацыі, у перажыванні святочных і звычайных дзён літургічнага года.

У календары таксама падаецца інфармацыя пра атрыманне поўных адпустаў на працягу Юбілею 2025 года: умовы адпустаў акрэсленыя ў дэкрэце Апостальскай пэнітэнцыярыі.

Нельга недаацэньваць гэтую вялікую Божую ласку і спрадвечную практыку Каталіцкага Касцёла, гэтую выключную магчымасць атрымаць поўнае адпушчэнне кары за грахі для сябе або ахвяраваць яго за кагосьці з памерлых.

Каляндар аздоблены выявамі прыгожых твораў сакральнага мастатцва з усяго свету. Яркі і густоўны, ён для кожнага верніка стане цудоўным спадарожнікам у практыкаванні веры на ўвесь наступны год. Яго можна будзе набыць на фэстах у Будславе, Тракелях, Гудагаі і Браславе. Па каляндар можна звяртацца таксама да пробашчаў парафій і ў парафіяльныя кіёскі.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця