Пошук

29.01.2026 21:31   Тэкст: Аляксандр Амяльчэня / Vatican News BY

Старшыня Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы (ССЕЕ) арцыбіскуп Гінтарас Грушас заклікаў вернікаў стаць будаўнікамі «Горада Міласэрнасці» падчас падрыхтоўкі да VI Сусветнага апостальскага кангрэса міласэрнасці ў Вільні.

З 7 па 12 чэрвеня 2026 года Вільня прыме VI Сусветны апостальскі кангрэс міласэрнасці (WACOM 6). Арцыбіскуп Гінтарас Грушас у інтэрв’ю парталу «EWTN News» падкрэсліў, што культура міласэрнасці накіравана на абнаўленне і прымірэнне, а не на выключэнне ці палярызацыю.

Для літоўскай сталіцы, дзе святая Фаўстына Кавальская запісвала свае візіі і дзе быў створаны першы абраз Езуса Міласэрнага, гэтая падзея мае глыбокае сімвалічнае значэнне.

Тэма Кангрэса — «Будаванне Горада Міласэрнасці» — заклікае вернікаў ствараць супольнасць не з каменю, а з любові і суперажывання.

Арцыбіскуп Грушас адзначыў, што гісторыя Літвы, пазначаная дзесяцігоддзямі савецкай акупацыі, надае асаблівую вагу тэме прабачэння. Паводле яго слоў, духоўны супраціў аказаўся мацнейшым за палітычныя рэжымы. Міласэрнасць дазволіла народу перайсці ад выжывання да абнаўлення, не дазваляючы крыўдзе вызначаць будучыню краіны. «Кожная споведзь — гэта ціхае вызваленне, сапраўдная перамога ласкі над цемрай», — дадаў іерарх, узгадваючы свой душпастырскі досвед.

Іерарх параўнаў падыходы да міласэрнасці ў розных культурах, адзначыўшы патрэбу як у актыўным служэнні, так і ў глыбокай рэфлексіі.

Праграма шасцідзённага Кангрэса ўключае літургіі, канферэнцыі, пакаянныя набажэнствы і дабрачынныя акцыі. Арганізатары чакаюць каля 6 тысяч удзельнікаў. Для арцыбіскупа Грушаса поспех форуму будзе вымярацца не колькасцю гасцей, а тым, ці здолеюць яны вярнуцца ў свае дамы і парафіі як сапраўдныя сведкі Божай любові.

Місія Вільні, паводле святога Яна Паўла II, заключаецца ў тым, каб быць горадам-пасланнікам Божай Міласэрнасці.

Менавіта сталіцы Літвы Папа родам з Польшчы даручыў заданне нанова абвяшчаць гэтае суцяшальнае пасланне свету, бачачы ў ім адзіную трывалую аснову ў часы выпрабаванняў.
 

Абноўлена 30.01.2026 01:11
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.