
Арганізатары VI Сусветнага Апостальскага Кангрэса Міласэрнасці раскрылі падрабязную праграму і імёны ключавых выступоўцаў, якія прыедуць у Вільню ў чэрвені.
Падрыхтоўка да форуму, што пройдзе 7-12 чэрвеня 2026 года, выходзіць на фінішную прамую. Спіс запрошаных экспертаў дэманструе імкненне Дыкастэрыі па евангелізацыі і Віленскай архідыяцэзіі да паглыбленага аналізу ролі хрысціяніна ў сучасным свеце.
Сярод хэдлайнераў — кардынал Гжэгаж Рысь, вядомы сваім укладам у экуменічны дыялог, а таксама ксёндз Патрыс Шашэльскі, былы сакратар сусветных кангрэсаў, які дапаможа ўдзельнікам асэнсаваць гістарычную пераемнасць гэтых сустрэч.
Асаблівая ўвага будзе нададзена практычным аспектам веры: ксёндз Джэймс Малон падзеліцца вопытам місійнага адраджэння парафій, а Кевін Хайлэнд закране балючую тэму барацьбы з сучасным гандлем людзьмі.
Фундаментам Кангрэса стане багатае літургічнае жыццё. Праграма форуму не абмяжоўваецца выключна канферэнцыямі: удзельнікаў чакаюць штодзённая Эўхарыстыя, супольная малітва, тэматычныя сесіі, выставы і культурныя імпрэзы.
Менавіта праз удзел у сакрамэнтах міласэрнасць перастае быць толькі тэарэтычнай канцэпцыяй, становячыся дынамічным працэсам і жывым сведчаннем веры.
Важным элементам праграмы стане ўдзел Мэта Фрада. Ён прапануе ўдзельнікам унікальны інтэлектуальны мост: спалучэнне класічнай філасофіі святога Тамаша Аквінскага з аналізам сучасных пагроз. Праз прызму тэалагічнага разумення любові як дару, а не спажывання, ён адкрыта выкрывае шкоднасць парнаграфіі, тлумачачы, як гэтыя тэхналогіі разбураюць здольнасць чалавека да сапраўднай блізкасці і міласэрнасці.
Як нагадвае арцыбіскуп Віленскі Гінтарас Грушас, правядзенне Кангрэса на Гары Збаўцы мае глыбокі сімвалічны сэнс.
Гэта месца, дзе ў 1934 годзе быў напісаны першы абраз «Езу, давяраю Табе», пасля савецкіх турэмных гадоў вяртаецца да сваёй першапачатковай місіі — быць прасторай міру і паяднання.
Рэгістрацыя на Кангрэс адкрытая да 1 красавіка 2026 года праз афіцыйны партал https://wacomvilnius.org.
Удзел платны, што дазваляе забяспечыць арганізацыйную падтрымку гэтага маштабнага мерапрыемства.







