Пробашч парафіі святога Юды Тадэвуша ў Вішневе (Гродзенская дыяцэзія, Смаргонскі дэканат) ксёндз Антоній Казлоўскі адсвяткаваў свой 50-гадовы юбілей, з якім святара павіншавалі святары-аднакурснікі з усіх дыяцэзій Касцёла на Беларусі і біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, віншаванне юбіляра адбылося 13 ліпеня на святой Імшы ў вішнеўскім парафіяльным касцёле.
У цэлебрацыі Эўхарыстыі, якую ўзначаліў ксёндз Антоній, узялі ўдзел амаль усе святары, якія некалі вучыліся разам з ім на адным курсе ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.
Для выпускнікоў семінарыі 2003 года збірацца разам з розных нагод стала добрай традыцыяй.
Павіншаваць сабрата прыбылі пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Начы ксёндз Аляксандр Адамовіч, пробашч парафіі Святой Сям’і ў Верцялішках ксёндз Яўген Барысюк, рэктар Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне ксёндз канонік Віталій Вайцяхоўскі, пробашч парафіі Божай Міласэрнасці ў Лідзе ксёндз канонік Андрэй Зноска; пробашч парафіі святога Яна Хрысціцеля ў Правых Мастах ксёндз Юрый Ігнатовіч, пробашч парафіі святога Міхала Арханёла ў Поразаве ксёндз Юрый Канапелька, пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Новым Двары, дэкан Шчучынскі ксёндз Юрый Кузьміч, пробашч парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі Ласкавай у Задарожжы ксёндз Эдвард Нарадоўскі, пробашч парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гродне ксёндз Аляксандр Раманоўскі, пробашч парафіі Святога Духа ў Гродне ксёндз канонік Павел Салабуда, пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Дунілавічах (Віцебская дыяцэзія) ксёндз Андрэй Таўрук, пробашч парафіі Перамянення Пана ў Крэве ксёндз Юрый Церабей, пробашч парафіі святога Антонія Падуанскага ў Рагачове і кусташ санктуарыя Маці Божай Лагішынскай (Пінская дыяцэзія) ксёндз Андрэй Шут; пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Красным (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія) ксёндз Павел Шылак.
На пачатку Імшы свайго пробашча павіншавалі вернікі вішнеўскай парафіі.
Ксёндз канонік Андрэй Зноска, які з’яўляецца кансультантам Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі па юрыдычных пытаннях, падараваў імянінніку кнігу Кодэкса кананічнага права, у перакладзе якой прымаў удзел.
Сюрпрызам для юбіляра стаў дэкрэт біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча, які прачытаў ксёндз Андрэй Зноска. Гэтым дэкрэтам біскуп прызначыў ксяндза Антонія канонікам Гродзенскага катэдральнага капітулу Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Казіміра.
Акрамя таго, у дэкрэце іерарх пажадаў юбіляру Божага благаслаўлення і шчодрасці Божых ласкаў на службе Хрыстоваму Касцёлу.
Таксама юбіляру было падаравана адмысловае адзенне каноніка.
Пасля Эўхарыстыі адбылося Фацімскае набажэнства і працэсія вакол касцёла, у якой духавенства несла фігуру Маці Божай.
На заканчэнне свята былі зроблены памятныя фотаздымкі юбіляра з гасцямі і парафіянамі.
Ксёндз Антоній, кажучы пра свой юбілей, пажартаваў: «Гэта не ўжо 50 гадоў, а яшчэ толькі 50 гадоў».
Новапрызначаны канонік падзякаваў вернікам парафіі і ўсім, хто прыбыў яго павіншаваць, а таксама цэлебраваў святую Імшу ў інтэнцыі ўсіх, хто асабіста ці пісьмова перадаў яму свае віншаванні.