
На Youtube-канале «Каталіцкі партал Гродзенскай дыяцэзіі» з 2012 па 2017 гады выходзіў цыкл праграмы «Сімвал веры», якая распавядала пра асноўныя падзеі і постаці ў Гродзенскай дыяцэзіі і ўсёй Беларусі. 16 ліпеня 2013 года ўбачыў свет выпуск 25 (105), прысвечаны асвячэнню ўнікальнага абраза святога Юзафа ў парафіяльным касцёле святога Юды Тадэвуша ў Вішневе (Смаргонскі дэканат, Гродзенская дыяцэзія), якое тады здзейсніў біскуп Казімір Велікаселец OP.
У Вішневе пасля рэстаўрацыі ў Гомелі вярнулі ўнікальны абраз святога Юзафа з Дзіцяткам Езусам, напісаны ў ХІХ стагоддзі вядомым беларускім мастаком Янам Дамелем. Падчас урачыстай святой Імшы ў касцёле святога Юды Тадэвуша адноўлены алтарны абраз асвяціў тагачасны дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец.
Вядучы праграмы ксёндз Павел Салабуда ў размове з пробашчам парафіі ў Вішневе ксяндзом Антоніем Казлоўскім пацікавіўся гісторыяй аднаўлення і вяртання абраза, а таксама цяперашнім станам парафіі і душпастырствам, якое ў ёй праводзіцца.
Асаблівая ўвага была звернута на цэнтральную падзею — урачыстую святую Імшу, якую ўзначаліў біскуп Велікаселец, і асвячэнне абраза святога Юзафа.
Відэасюжэты, адмыслова знятыя і ўстаўленыя ў перадачу, набліжаюць нам дэталі гэтай падзеі. Адным з відэасюжэтаў, сёння, пасля смерці іерарха, асабліва каштоўных, з'яўляецца запіс разважання пра веру, зроблены з біскупам Казімірам Велікасельцам пасля ўрачыстасці (ад 20:21).
Даведка
Праграма «Сімвал Веры» стваралася каталіцкай відэастудыяй Гродзенскай дыяцэзіі па замове РУП РТЦ Тэлерадыёкампанія «Гродна». Праграма выходзіла ў эфір з марта 1997 года па кастрычнік 2003 года і мела 80 выпускаў. Цыкл праграм аднавіў свой паказ 81-м выпускам, які адбыўся 8 мая 2012 года, і завяршыўся 136-м выпускам, які выйшаў 11 чэрвеня 2017 года.






