Пошук

28.10.2024 12:51   Тэкст і фота: Мікола Гракаў / Catholic.by

У нядзелю 27 кастрычніка, напярэдадні свята святых апосталаў Сымона і Юды Тадэвуша, адпустовую ўрачыстасць адзначылі вернікі парафіі святога Юды Тадэвуша ў Вішневе (Гродзенская дыяцэзія, Смаргонскі дэканат).

Ужо 20 гадоў душпастырам гэтай парафіяльнай супольнасці з’яўляецца ксёндз канонік Антоній Казлоўскі, дэкан Смаргонскі, які 17 кастрычніка 2004 года цэлебраваў у вішнеўскім касцёле сваю першую Імшу ў якасці пробашча.

Павіншаваць святара і яго парафіянаў прыбыў Генеральны вікарый Пінскай дыяцэзіі біскуп Андрэй Зноска, аднакурснік ксяндза Антонія па семінарыі ў Гродне і сябра па жыцці.

Фота кс. Антонія Казлоўскага

Свой візіт у вішнеўскую парафію ён распачаў з супольнай малітвы на ранішняй святой Імшы ў Малінавай (Свінцы) — суседняй з мястэчкам вёсцы. Эўхарыстыю ў мясцовай каплічцы біскуп цэлебраваў у інтэнцыі мамы свайго сябра ксяндза Антонія, святой памяці Зоф’і, якая адышла ў вечнасць 17 чэрвеня, а на яе пахаванне сабралося больш за сто святароў з розных мясцін Беларусі.

Апоўдні маладога іерарха з радасцю віталі пры ўваходзе ў вішнеўскую святыню, размешчаную высока на маляўнічым пагорку, тутэйшыя вернікі, якія яго добра ведаюць і любяць.

Пасля ўшанавання пададзеных пробашчам рэліквій, благаслаўлення імі вернікаў і акраплення асвячонаю вадою, усе ўвайшлі ў касцёл, дзе біскупа Зноску прывіталі і павіншавалі з распачаццем пастырскага служэння ў якасці наступніка апосталаў, адным з якіх быў таксама святы Юда Тадэвуш, тытул якога носіць касцёл і парафія ў Вішневе. Роўна за сто дзён да фэсту ў Вішневе менавіта на тэрыторыі Смаргонскага дэканату было абвешчана, што Папа Францішак прызначыў ксяндза каноніка Андрэя Зноску дапаможным біскупам Пінскай дыяцэзіі, а сакрамэнт пасвячэння ў ступені епіскапату самы малады каталіцкі іерарх у нашай краіне прыняў пяцьдзясят дзён таму, і пры гэтым яму асіставаў менавіта вішнеўскі пробашч, які ў пінскай катэдральнай базыліцы ўрачыста прачытаў булу Папы Францішка.

На пачатку ўрачыстай святой Імшы, у якой бралі ўдзел святары з суседніх парафій, у тым ліку дэкан Мядзельскі ксёндз канонік Багуслаў Маджэеўскі, пробашч парафіі святога Мікалая, біскупа, са Свіра (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія), біскуп Зноска здзейсніў пасвячэнне новых келіха і патэны.

Як зазазначыў ксёндз Антоній Казлоўскі, гэтае літургічнае начынне, якое ў руках іерарха ўпершыню дакранецца да Найсвяцейшага Цела і Найдаражэйшай Крыві Хрыста, падчас кожнай Эўхарыстыі будзе нагадваць мясцовым вернікам пра біскупа Андрэя, вялікага сябра вішнеўскай парафіі.

У прамоўленай гаміліі іерарх распавёў пра тое, як выглядае яго цяперашняе служэнне на Палессі, у самай вялікай па плошчы каталіцкай дыяцэзіі Беларусі, дзе, тым не менш, вельмі няшмат вернікаў. Біскуп Зноска падкрэсліў, што Касцёл — Божая справа, і што толькі чалавечых намаганняў, нават найбольшых, недастаткова для таго, каб яго будаваць. Пастыр заахвоціў вернікаў сумленна рабіць тое, што ад іх залежыць, давяраючы Богу ўсё астатняе, і папрасіў іх аб малітоўнай падтрымцы свайго апостальскага служэння.

Віншуючы вішнеўскага пробашча з 20-годдзем служэння ў парафіі, біскуп Зноска назваў яго «залатым чалавекам», які разам са сваімі парафіянамі заўсёды падтрымліваў яго і духоўна, і матэрыяльна, хоць парафія ў Вішневе зусім невялікая, і яе вернікі — звычайныя незаможныя вяскоўцы.

Тым не менш, па словах іерарха, менавіта тут, сярод іх ён адпачывае і целам, і душою, молячыся разам з імі і слухаючы іх цудоўныя самабытныя касцёльныя спевы.

Напрыканцы цэлебрацыі ксёндз Антоній даў яшчэ адзін доказ справядлівасаці словаў біскупа пра яго добрае і шчодрае сэрца, падараваўшыя яму незвычайны гадзіннік. Хранометр выраблены мінскім гадзіннікавым заводам у лімітаванай калекцыйнай серыі.

Яго цыферблат з’яўляецца паменшанай да наручнага фармату рэплікай цыферблата гадзінніка на вежы катэдральнай базылікі святога Францішка Ксавэрыя ў Гродне, дзе пасля вучобы ў семінарыі былыя аднакурснікі разам праходзілі душпастырскую практыку.

На адваротным баку гадзінніка змешчана выява зруйнаванай у часы ваяўнічага атэізму старадаўняга гродзенскага касцёла — фары Вітаўта. Па такім гадзінніку ксёндз Антоній Казлоўскі раней ужо падараваў біскупу Аляксандру Кашкевічу і арцыбіскупу Юзафу Станеўскаму, калі яны наведвалі парафію ў Вішневе.

Святая Імша завяршылася выстаўленнем Найсвяцейшага Сакрамэнту, перад якім была прачытаная літанія да святога Юды Тадэвуша, пасля чаго біскуп Андрэй Зноска благаславіў усіх прысутных манстранцыяй з Целам Хрыста.

Пасля цэлебрацыі быў зроблены памятны фотаздымак з дзецьмі вішнеўскай парафіі, якія бралі ўдзел у суполльнай малітве з біскупам.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця