Пошук


7 верасня ў катэдральнай базыліцы Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пінску адбылося біскупскае пасвячэнне ксяндза каноніка Андрэя Зноскі, якога ў ліпені Папа Францішак прызначыў дапаможным біскупам Пінскай дыяцэзіі.

Галоўным пасвячаючым біскупам стаў Апостальскі нунцый арцыбіскуп Антэ Ёзіч, які завяршае сваё служэнне ў Беларусі і перад тым, як скіравацца на новае месца служэння ў Грузіі і Арменіі, узначаліў абрады пасвяэння маладога беларускага біскупа.

Яму асіставалі біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка і Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Ва ўрачыстасці ў галоўнай святыні Пінскаай дыяцэзіі ўзялі ўдзел таксама біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Уладзімір Гуляй, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, біскуп Казімір Велікаселец з Гомеля, які доўгі час быў дапаможным біскупам Пінскай дыяцэзіі.

На пасвячэнне ў Пінск сабраліся духавенства і вернікі мясцовага Касцёла, а таксама шматлікія госці, у тым ліку прадстаўнікі дыпламатычных місій Венгрыі і Італіі.

Многія прыбылі за сотні кіламетраў, перадусім з роднай Бярозаўкі і з Ліды, дзе ксёндз Андрэй Зноска да атрымання біскупскай намінацыі быў пробашчам парафіі Божай Міласэрнасці ў новым мікрараёне Маладзёжны.

Урачыстую святую Імшу, падчас якой адбывалася пасвячэнне, канцэлебравалі каля васьмі дзясяткаў святароў з розных мясцін Беларусі, у тым ліку і Грэка-Каталіцкай Царквы на чале з архімандрытам Сяргеем Гаекам, Апостальскім адміністратарам для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі. У асісце служылі семінарысты Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, якую ў свой час скончыў таксама біскуп намінат.

Пачэснае месца ў першых лаўках касцёла занялі мама і тата Андрэя Зноскі, Марыя і Чэслаў, а таксама яго старэйшая сястра Ганна.

На пачатку цэлебрацыі сабраных у старадаўняй пінскай святыні, дзе раней нёс служэнне і прыняў біскупскаае пасвячэнне легендарны пастыр, Сведка веры і першы ў сучаснай гісторыі Беларусі кардынал Казімір Свёнтэк, прывітаў яго наступнік, біскуп Дзям’янка, па просьбе якога быў прызначаны дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі.

Пра гэта было ўзгадана ў намінацыйнай буле, якая, у адпаведнасці з практыкай Касцёла, была абвешчана прысутным.

Пераклад на беларускую мову гэтага дакумента Папы Францішка, якім ён прызначыў ксяндза Андрэя Зноску дапаможным біскупам Пінскай дыяцэзіі і тытулярным біскупам Скардоны, прачытаў адзін з асістуючых святароў, ксёндз канонік Антоній Казлоўскі, дэкан Смаргонскі, пасля чаго другі асістуючы святар, ксёндз Ігар Анісімаў, пробашч парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Слоніме, паказаў замацаваны круглай свінцовай пячаткай Папы дакумент на пергамене ўсім прысутным, высока ўзняўшы яго над галавой.

Гамілію прамовіў нунцый Ёзіч.

У ёй галоўны пасвячаючы біскуп перадусім прывітаў наміната, нагадаўшы, што ў наступным годзе Пінская дыяцэзія адзначыць сотую гадавіну свайго існавання.

Прадстаўнік Папы назваў знамянальным, што біскупскае пасвячэнне адбывалася напярэдадні свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, якую вельмі шануюць жыхары гэтага мясцовага Касцёла.

Нунцый Ёзіч адзначыў, што пасвячэнне накладае на біскупаў абавязкі асвячэння, навучання і кіравання і што праз ускладанне рук і словы кансэкрацыі ім даецца ласка Святога Духа і выяўляецца сакральны характар так, што біскупы асаблівым і бачным чынам прымаюць ролю самога Хрыста, Настаўніка, Пастыра і Святара, і дзейнічаюць ад Яго асобы.

«Па гэтай прычыне мы сабраліся сёння ў гэтай катэдры, каб пасвяціць нашага брата Андрэя ў біскупы і далучыць яго да гэтай унікальнай Калегіі, якую ўзначальвае Рымскі Пантыфік як біскуп Рыма», — сказаў прадстаўнік Святога Айца, пасля чаго падрабязна растлумачыў заданне біскупа ў Касцёле.

Звярнуўшыся да прачытанага ўрыўка з кнігі прарока Ісаі, дзе той не лічыць сябе годным выконваць даручанае яму Богам прароцкае служэнне, арцыбіскуп Ёзіч сказаў, звяртаючыся да наміната: «Дарагі брат, магчыма, ты таксама адчуваеш сябе непрыдатным, не вельмі здольным, трохі баішся новай місіі, якая цябе чакае. Аднак сёння Пан, якому ты сказаў „так“, памножыў тваю сілу <…>.

Дарагі Андрэй, сёння ты прыняў новую місію да спаўнення, якую Святы Айцец Францішак даручае табе ў гэтай невядомай табе дыяцэзіі. Не бойся адказаць на кожнае пытанне, якое Езус задасць табе праз кожнага верніка і кожнага святара гэтай дыяцэзіі. Пакажы сваю любоў да ўсіх, асабліва да слабых, бедных, хворых і пакінутых. Памятай, што любоў, якой дзеляцца, ніколі не змяншаецца, як матэрыяльныя рэчы, але, наадварот, павялічваецца ўсё больш і больш, робіць большымі сябрамі і прыносіць больш еднасці», — сцвердзіў арцыбіскуп Ёзіч.

Ён заўважыў, што «мы жывем у часы, няпростыя для любой рэлігіі, сутыкаемся з культурай, якая больш не прымае традыцыйныя, хрысціянскія, маральныя і сямейныя каштоўнасці, насамрэч, часта ідзе супраць іх і часта выглядае неталерантнай і ўсё больш разбуральнай.

Па гэтай прычыне, дарагі брат, ты можаш часам адчуваць сябе незразуметым, пакінутым, табе могуць супярэчыць, але ты ніколі не павінен падаць духам, таму што закон Хрыста, укладзены ў сэрца чалавека, заўсёды перамагае», — падтрымаў новага біскупа нунцый.

Ён дадаў, што, будучы юрыстам і кананістам, біскуп Зноска запрошаны прынесці больш любові, павагі, справядлівасці, больш яснасці, клопату і блізкасці да паствы, а таксама заклікаў яго заўсёды выказваць сваю еднасць са Святым Айцом, ісці за Езусам, Добрым Пастырам, словамі і добрымі ўчынкамі памнажаючы еднасць у Хрысце паміж вернікамі гэтай дыяцэзіі. Пры гэтым высокі ватыканскі іерарх звярнуў увагу на экуменічны аспект, узгадаўшы пра старадаўні герб, які выкарыстоўвалі і перадавалі продкі біскупа Зноскі.

«Падтрымлівай добрыя адносіны з грамадзянскімі ўладамі ў павазе і супрацоўніцтве на карысць усяго беларускага грамадства», — заахвоціў арцыбіскуп Ёзіч свайго маладога сабрата, параіўшы яму ў выкананні пастырскага служэння давяраць сваёй кампетэнтнасці і досведу, набытым за гады душпастырства ў Лідзе і выкладання ў Вышэйшай семінарыі ў Гродне.

«І дэвіз, які ты абраў для свайго біскупскага служэння Salus animarum suprema lex — „Збаўленне душ — вярхоўны закон“ — няхай заўсёды будзе перад табой, таму што збаўленне душ заўсёды павінна быць найвышэйшым законам у Касцёле для кожнага біскупа, святара і свецкіх вернікаў.Калі гэты закон не прымяняецца ў любові і справядлівасці, часта ўзнікае несправядлівасць. Таму на шалях твайго герба таксама павінна быць міласэрнасць і прабачэнне, бо чалавек заўсёды можа лепш адказаць на заклік Езуса, заўсёды можа навярнуцца і вярнуцца да Яго», — падкрэсліў нунцый Ёзіч, заклікаўшы новага біскупа верыць і ўсім сэрцам вызнаваць, «што Бог ёсць любоў; што Ён можа дзейсна змяніць аблічча гэтай зямлі і прынесці мір свету, асабліва ў раёнах ваенных канфліктаў, і вечнае збаўленне для ўсіх».

Іерарх харвацкага паходжання звярнуў увагу і на тое, што Святы Айцец даручыў біскупу Зноску тытулярную дыяцэзію Скардоны, або Скрадзін — старажытны харвацкі горад, размешчаны на рацэ, чые берагі непадалёк ад Адрыятычнага мора злучае вялікі аўтамабільны мост.

«Гэтым прызначэннем Папа давярае табе важную ролю моста, які аб’ядноўвае і злучае кожны падзел і кожны бераг. Старайся ў сваім служэнні будаваць масты і духоўныя сувязі паміж установамі і людзьмі, каб кожны мог дасягнуць збаўлення», — пажадаў Андрэю Зноску арцыбіскуп Ёзіч.

«Згодна з даручаным табе біскупскім служэннем, працягвай свой шлях асвячэння. На гэтым шляху ідзі слядамі святога Андрэя Баболі, галоўнага апекуна гэтай дыяцэзіі, якога таксама называюць „апосталам Піншчыны“. Сваёй мучаніцкай смерцю ён даў нам прыклад таго, як трэба любіць Бога і іншых, як быць адважнымі і збаўляць свае душы не ваеннай сілай ці палітычнай уладай, але любоўю да Бога і людзей.

Сёння молімся разам з усім Каталіцкім Касцёлам у Беларусі, асабліва з духавенствам і свецкімі вернікамі Пінска, каб заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Божай Лагішынскай, якая, несумненна, сёння трымае цябе ў сваім сэрцы, суправаджала цябе на гэтым духоўным шляху з асаблівай мацярынскай любоўю. <…> Не забывайся пра тваіх выдатных папярэднікаў, першых дыяцэзіяльных біскупаў: Зыгмунта Лазінскага і Казіміра Букрабу, а перадусім першага беларускага кардынала Казіміра Свёнтка.

З евангельскім энтузіязмам супрацоўнічай са сваім дыяцэзіяльным ардынарыем. Ахвяруй яму сваю блізкасць, свае здольнасці і сваю любоў дзеля дабра гэтай дарагой дыяцэзіі», — такімі пажаданнямі новаму дапаможнаму біскупу Пінскай дыяцэзіі завяршыў сваю гамілію нунцый Антэ Ёзіч.

На заканчэнне святой Імшы прагучала шмат віншаванняў у адрас новапасвячанага біскупа.

Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі павіншаваў новага сабрата ад імя беларускага каталіцкага епіскапату, у складзе якога разам з ім цяпер стала дзесяць іерархаў.

Архімандрыт Гаек адзначыў прысутнасць на тэрыторыі Пінскай дыяцэзіі католікаў усходняга абраду і падараваў новаму дапаможнаму біскупу выяву Маці Божай Купятыцкай, цудадзейная ікона якой вядомая на Піншчыне з ХІІ стагоддзя і лічыцца найстаражытнейшай у Беларусі. Прысутныя на ўрачыстасці прадстаўнікі дзяржаўнай улады зачыталі віншавальныя адрасы ад старшыні Пінскага гарвыканкама Валерыя Рэбкаўца і старшыні Пінскага райвыканкама Сяргея Сазанчука.

Нарэшце, з заключнам словам да сабраных звярнуўся сам новапасвячаны біскуп Андрэй Зноска, які перадусім скіраваў просьбу да Бога аб умацаванні і накіраванні на шляху біскупскага служэння.

«Моцна веру, што Ён, які прадвызначыў і выбраў, напоўніць таксама патрэбнымі дарамі. Давяраю сябе малітвам Прачыстай Багародзіцы Найсвяцейшай Дзевы Марыі і святога мучаніка Андрэя Баболі, Апостала Палесся. Прашу таксама аб нябесным заступніцтве Слугу Божага біскупа Зыгмунда Лазінскага, асаблівага апякуна Пінскай дыяцэзіі. <…>

Дарагія сёстры і браты ў Хрысце! Вернікі Пінскай дыяцэзіі і шаноўныя госці, парафіяне з Ліды, Бярозаўкі, Пінска і іншых куткоў Беларусі! Дзякую за памяць пра мяне, за ваш прыезд, прысутнасць і малітву.

Прашу вас, прыміце мяне як біскупа і давяраю сябе вашым малітвам», — сказаў малады іерарх на самым пачатку свайго пастырскага служэння.

              

 

Абноўлена 10.09.2024 11:31
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа