Пошук

02.09.2024 11:11   Catholic.by

7 верасня ў Пінску адбудзецца пасвячэнне новапрызначанага дапаможнага біскупа Пінскай дыяцэзіі Андрэя Зноскі, тытулярнага біскупа Скардонскага. Ніжэй падаецца апісання яго біскупскага герба з падрабязным тлумачэннем усіх змешчаных у ім элементаў.

Герб біскупа Зноскі быў графічна рэалізаваны італьянскім геральдыстам Джузэпэ Куатрачокі, які раней распрацаваў гербы біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB, арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і каад’ютара Гродзенскай дыяцэзіі біскупа Уладзіміра Гуляя.

Шчыт падзелены на тры часткі: блакітнага, пурпурнага і чырвонага колеру. У першай частцы (уверсе злева) на блакітным полі змешчаны срэбраныя шалі. У другой частцы (уверсе справа) на пурпурным полі змешчана залатая разгорнутая кніга з чырвонымі грэчаскімі літарамі Альфа і Амега, над кнігай змешчана залатая зорка з васьмю праменямі. У трэцяй частцы (унізе, у падставе шчыта) на чырвоным полі змешчана выява срэбранай стралы, скіраванай угору і перакрыжаванай пасярэдзіне, з раздвоеным канцом.

Дэвіз Salus animarum suprema lex — «Збаўленне душаў — вярхоўны закон» — напісаны загалоўнымі лацінскімі літарамі чорнага колеру, размешчанымі на лунаючую стужку залатога колеру з чырвоным адваротным бокам.

Шчыт умацаваны залатым біскупскім крыжам. Над гербам змешчаны капялюш зялёнага колеру, з бакоў звешваюцца шнюры такога ж колеру з дванаццаццю кутасамі, па шэсць з кожнага боку, змешчанымі ў парадку па 1, 2, 3.

Значэнне біскупскага герба

  • Дэвіз

Дэвізам свайго служэння біскуп Андрэй Зноска абраў словы: Salus animarum suprema lex — «Збаўленне душаў — вярхоўны закон)».

Гэтыя словы зачэрпнуты з апошняга, 1752 канона дзеючага Кодэкса кананічнага права 1983 года: «<…> захоўваючы кананічную адпаведнасць і маючы на ўвазе збаўленне душаў, якое ў Касцёле заўсёды павінна быць вярхоўным законам».

Кодэкс кананічнага права з’яўляецца галоўным заканадаўчым дакументам Касцёла, павінен быць настольнай кнігай кожнага святара. Падчас навучання ў Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі будучы біскуп шмат разоў чуў гэты ўстойлівы выраз ад сваіх выкладчыкаў кананічнага права: спачылага ксяндза прэлата Ежы Лявінскага і ксяндза Юзафа Станеўскага, які пазней стаў арцыбіскупам Мінска-Магілёўскім. Словы Кодэкса з’яўляюцца парафразай вядомага выразу рымскага аратара Цыцэрона: salus populi suprema lex esto — «няхай дабро народа будзе вярхоўным законам».

Ксёндз прафесар Ежы Лявінскі часта паўтараў семінарыстам лацінскі афарызм: Maximum ius est sæpe maxima iniuria, што можна перакласці як «найбольш распрацаванае права часта можа зрабіцца найбольшай несправядлівасцю». «Менавіта таму, казаў прафесар, побач з падрабязнымі законамі і прадпісаннямі павінен заставацца пэўны абшар свабоды рухаў, дапушчэнне выключэння з правілаў, звяртанне ўвагі на акалічнасці часу і месца. Права і закон, але адкрытыя на подых Духа».

Гэтыя словы западалі ў душу і запрашалі да разважання, рэалізаванага ва ўласных правазнаўчых пошуках. Касцёльныя законы і кананічнае права маюць свой сэнс існавання выключна ў тым, каб служыць збаўленню чалавечай душы, дзеля чаго Пан наш Езус Хрыстус прыйшоў на свет, аддаў жыццё на крыжы і ўваскрос, перамогшы смерць. Як слушна звяртае ўвагу Святы Айцец Папа Францішак, касцёльнае права не мае сваёй мэтай ускладненне жыцця веруючага чалавека, а наадварот, павінна спрыяць яго ўпарадкаванню і плённасці на шляху да збаўлення душы.

  • Сімвалы ў гербе

У першай частцы шчыта на полі блакітнага колеру, якое сімвалізуе Божую ласку, вернасць, чысціню неба, змешчана выява срэбраных шаляў. З даўніх часоў шалі з’яўляюцца сімвалам справядлівасці і правасуддзя.

Жыццё біскупа Андрэя Зноскі на працягу 18-і гадоў было звязана з юрыспрудэнцыяй і судовай дзейнасцю.

Ужо будучы святаром, ён прайшоў дзённае навучанне на юрыдычным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, потым вучыўся на факультэце кананічнага права Універсітэта кардынала Стэфана Вышынскага ў Варшаве (Польшча). Шмат гадоў працаваў суддзёй у Касцёльным судзе, быў юрысконсультам пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, узяў удзел у перакладзе Кодэкса кананічнага права на беларускую мову. Шалі на блакітным полі нагадваюць аб тым, што зямная справядлівасць павінна заўсёды мець на ўвазе Божую міласэрнасць, якую нясе струмень нябеснай ласкі, а справядлівасць без міласэрнасці зробіцца бязлітасным судзілішчам.

У другой частцы шчыта на полі пурпурнага колеру, якое азначае пераможную моц, веліч і магутнасць, змешчана выява залатой кнігі Святога Пісання, над якой ззяе залатая ж васьміпраменная зорка Марыі — Ранішняй Зоркі, якая на досвітку абвяшчае прыйсце Хрыста — Сонца, якое не ведае заходу.

Божае Слова, абвешчанае Святым Духам натхнёным аўтарам і запісанае ў Бібліі, змяшчае ў сабе ўсё, што неабходна для збаўлення, усю паўнату Божага Аб’яўлення. Гэта сімвалічна азначаюць першая і апошняя літары грэчаскага алфавіта Альфа і Амега, надрукаваныя на разгорнутай кнізе.

Прапаведаванне Божага Слова з’яўляецца адным з галоўных абавязкаў біскупа, але прапаведаванне можа зрабіцца безвыніковым, калі не будзе заснавана на жыцці Божым Словам, якое трэба разважаць у глыбіні свайго сэрца: так, як гэта рабіла Святая Багародзіца Марыя.

У падставе шчыта на чырвоным полі, якое азначае адвагу, мужнасць, кроў, пралітую ў барацьбе, змешчана выява срэбранай стралы, скіраванай угору і перакрыжаванай пасярэдзіне, з раздвоеным канцом. Гэта старадаўні шляхецкі герб «Касцеша», які з сярэдзіны XVI стагоддзя ўжывае род Зноскаў. Спачатку продкі біскупа Андрэя Зноскі валодалі родавым маёнткам Зноскі каля Гальшанаў, потым, у 1665 годзе перасяліліся ў маёнтак Радзюны каля Ашмянаў, а з 1783 года жылі ў Вільні. У 1853 годзе прапрадзед біскупа Андрэя Юрый Станіслаў Зноска набыў маёнтак Залескаўшчына каля Трабаў, у якім пасяліўся і дзе нарадзіўся Чэслаў — тата біскупа.

Біскуп Андрэй з’яўляецца трэцім святаром у родзе Зноскаў: першым быў ксёндз Вінцэнт (1789–1852), канонік Брэсцкі і Віленскі, другім быў ксёндз Андрэй (1823–1895), пахаваны ў Вільні на могілках Роса. Цікава, што ў XVIII стагоддзі сям’я Зноскаў параднілася з рускімі дваранамі Бароўскімі, і з іх паходзіў Мітрафан Зноска-Бароўскі (1909–2002), праваслаўны архіепіскап Бостанскі.

Размяшчэнне родавай сімволікі ў падставе біскупскага герба азначае памяць пра свае карані і ўдзячнасць за перададзены продкамі скарб каталіцкай веры і шляхецкай велікадушнасці.

Абноўлена 02.09.2024 11:44
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа