ПАВЕДАМЛЕННЕ
Біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі
з нагоды пасвячэння дапаможнага біскупа
і распачацця святкавання 100-й гадавіны з часу заснавання Пінскай дыяцэзіі
Вернікам Пінскай дыяцэзіі
Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры, людзі добрай волі!
У ліпені бягучага года Святы Айцец Папа Францішак прызначыў дапаможнага біскупа для нашай Пінскай дыяцэзіі. Мы ўдзячныя Яго Святасці за гэтае прызначэнне асабліва цяпер, калі Паўсюдны Касцёл рыхтуецца да Юбілею Адкуплення ў наступным годзе, а наш мясцовы Касцёл неўзабаве распачне святкаванне сотай гадавіны заснавання Пінскай дыяцэзіі.
Мы дзякуем Святому Айцу Папу Францішку за яго служэннне і ўвагу да патрэбаў Касцёла на нашай зямлі. Дзякуючы Добраму Богу за дар Пантыфіка, узносім таксама малітву падзякі за плённую працу ў Беларусі Апостальскага Нунцыя Арцыбіскупа Антэ Ёзіча, які завяршае сваю місію ў нашай краіне. Молімся аб далейшым Божым благаслаўленні для яго на новым месцы служэння.
Запрашаю ўсіх вернікаў дыяцэзіі і ўсіх людзей добрай волі да ўдзелу ў біскупскім пасвячэнні Яго Эксцэленцыі Андрэя Зноскі, якое адбудзецца 7 верасня а 16-й гадзіне ў Пінскім катэдральным касцёле.
Прашу таксама ўсіх душпастыраў, каб у бліжэйшыя нядзелі 1 і 8 верасня падчас кожнай святой Імшы ў Малітве вернікаў узнеслі да Усемагутнага Бога просьбу аб неабходных дарах і ласках для новага дапаможнага біскупа нашай дыяцэзіі, каб яго служэнне прыносіла шчодры плён.
Запрашаю таксама да ўдзелу ва ўрачыстым распачацці святкавання юбілею 100-годдзя Пінскай дыяцэзіі, якое адбудзецца 28 верасня ў Ружанах.
Урачыстасць распачнецца а 11-й гадзіне са святой Імшы з пасвячэннем адноўленай гістарычнай капліцы святога Казіміра ў гэтым мястэчку і працягнецца ў мясцовым парафіяльным касцёле Найсвяцейшай Тройцы. Падрабязная праграма ўрачыстасці будзе апубулікавана ў бліжэйшы час на інтэрнет-старонках pcd.by, catholic.by, а таксама на дошцы аб’яваў каля кожнага касцёла і капліцы ў нашай дыяцэзіі.
З пастырскім благаслаўленнем,
✠ Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі
Пінск, 26 жніўня 2024 г.
P.S. Святарам належыць абвясціць гэтае Паведамленне вернікам падчас кожнай святой Імшы 1 верасня 2024 г. і размесцяць на дошцы аб’яваў да 30 верасня 2024 г.