Пошук


25 кастрычніка, у другі дзень святкавання галоўных урачыстасцей 100-годдзя Пінскай дыяцэзіі, якія праходзілі ў пінскай катэдральнай базыліцы Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, праграма дня распачалася за гадзіну перад поўднем з унясення рэліквій святога Андрэя Баболі, галоўнага заступніка дыяцэзіі. Кульмінацыяй стала святая Імша, якую ўзначаліў спецыяльны пасланнік Папы Льва XIV кардынал Клаўдыё Гуджэроці, Прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Касцёлаў.

Першым абрадам сталася ўнясенне ў старадаўнюю катэдральную святыню рэліквій святога мучаніка Андрэя Баболі, прывезеных з дыяцэзіяльнага санктуарыя святога ў Іванаве. Усе прысутныя сталі на калені, каб прамовіць словы Літаніі да святога і выпрасіць для сябе і для ўсёй дыяцэзіі патрэбныя Божыя ласкі.

Прадстаўнікі беларускага епіскапату ў поўным складзе, а таксама шматлікія святары з Пінскай дыяцэзіі і прадстаўнікі з усіх дыяцэзій Беларусі, апранутыя ва ўрачыстыя арнаты, чакалі высокапастаўленага госця, заняўшы свае месцы ў прэзбітэрыі.

Каля ўваходу ў катэдральны касцёл кардынала Гуджэроці ў вершаванай форме прывіталі наймалодшыя вернікі разам са старэйшымі, якія трымалі ў руках духмяны каравай.

Усцешаны іерарх, пытаючыся дарослых, колькі дзецям гадоў, задаў таксама пытанне, ці тыя з іх, якія прыступілі да Першай святой Камуніі, маюць чыстыя сэрцы. Бацькі запэўнілі дастойнага госця, што дзеці ўжо скарысталіся з сакрамэнту пакаяння і гатовыя прыняць Цела Хрыста.

Прыбылага пасланніка Папы напачатку прывітаў біскуп Пінскі Антоній Дзям'янка. У сваёй прамове ён падкрэсліў, што горад Пінск багаты сваёй гісторыяй і касцёльнай традыцыяй. Ардынарый Пінскай дыяцэзіі нагадаў гісторыю паўстання Пінскай дыяцэзіі, калі Папа Пій XI, які раней быў апостальскім нунцыем у дзяржаве, булай Vixdum Poloniae unitas правёў рэарганізацыю касцёльных структур, вылучыўшы асобную дыяцэзію з цэнтрам у Пінску.

На самым пачатку святой Імшы быў прачытаны Ліст Папы Льва XIV, які ён скіраваў да кардынала Клаўдыё Гуджэроці.

Гамілію прамовіў сам пасланнік Папы, распачынаючы яе так, як Леў XIV пасля свайго абрання біскупам Рыма: «Найдаражэйшыя, супакой няхай будзе з вамі!»

Поўны тэкст гаміліі ТУТ>>>

Напрыканцы ўрачыстай святой Імшы словы падзякі для дастойнага госця і ўсіх прысутных скіраваў біскуп Антоній Дзям'янка. Затым павіншавалі пінскіх дыяцэзіян з іх юбілеем прадстаўнік Праваслаўнай Царквы і мясцовай улады розных узроўняў, консул Расійскай Федэрацыі ў Брэсце, а таксама Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Аляксандр Румак.

Урачыстасці ў Пінску завяршыліся апостальскім благаслаўленнем, якое ўдзяліў пасланнік Папы кардынал Клаўдыё Гуджэроці.

Абноўлена 26.10.2025 00:44
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.