
Леў XIV скіраваў ліст кардыналу Клаўдыё Гуджэроці, Прэфекту Дыкастэрыі па справах Усходніх Касцёлаў, якога прызначыў сваім легатам на святкаванні 100-годдзя Пінскай дыяцэзіі.
Як падае Беларуская рэдакцыя Vatican News, Пантыфік выказаў удзячнасць Богу за шматлікія духоўныя дары, якія дыяцэзія прынесла за стагоддзе свайго існавання, падкрэсліўшы, што гэта «духоўнае зерне, пасеянае калісьці, з дапамогай Божай ласкі змагло ўзрастаць і ў спрыяльныя, і ў цяжкія часы, даючы багаты плён».
Папа патлумачыў, што прызначыў кардынала Клаўдыё Гуджэроці сваім прадстаўніком, бо ён добра пазнаёміўся з пастырскім жыццём мясцовага Касцёла на працягу чатырох гадоў служэння Апостальскім нунцыем у Беларусі.
Святы Айцец асабліва заклікаў іерарха заахвоціць усіх удзельнікаў святкавання скіраваць сваё жыццё да Бога ― першай ісціны і найвышэйшага дабра.
Леў XIV заахвоціў кардынала Гуджэроці перадаць яго благаслаўленне біскупам, духавенству, кансэкраваным асобам, свецкім вернікам і ўсім, хто будзе ўдзельнічаць ва ўрачыстасцях. Папа таксама пажадаў, каб яго добразычлівыя словы былі скіраваны да прадстаўнікоў грамадзянскіх уладаў і ўсіх, хто рупліва ставіцца да паняцця рэлігійнай свабоды, нагадаўшы, што яна з’яўляецца прынцыпам сапраўднага міру і дабра чалавечай асобы.
Пантыфік запэўніў свайго спецыяльнага пасланніка ў малітве аб добрым выкананні яго місіі, а таксама аб атрыманні ўсімі ўдзельнікамі святкавання ў Пінску шчодрых дароў Божай ласкі.
Пінская дыяцэзія была заснавана 25 кастрычніка 1925 года папам Піем XI. Цяпер яна з’яўляецца адной з чатырох каталіцкіх дыяцэзій у Беларусі і ахоплівае тэрыторыю Брэсцкай і Гомельскай абласцей.
Нагадаем, што галоўныя ўрачыстасці з удзелам пасланніка Святога Айца адбудуцца 25 кастрычніка ў Пінску і 26 кастрычніка ў Брэсце.







