Пошук


7 верасня ў катэдральнай базыліцы Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пінску адбылося біскупскае пасвячэнне ксяндза каноніка Андрэя Зноскі, якога Папа Францішак прызначыў дапаможным біскупам Пінскай дыяцэзіі.

Галоўным пасвячаючым біскупам стаў Апостальскі нунцый арцыбіскуп Антэ Ёзіч, які завяршае сваё служэнне ў Беларусі і цяпер будзе прадстаўніком Святога Айца ў Грузіі і Арменіі. Яму асіставалі біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка і Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, а таксама біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Уладзімір Гуляй, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, біскуп Казімір Велікаселец з Гомеля.

Свае віншаванні новапасвячанаму біскупу Зноску даслаў таксама арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, які цяпер знаходзіцца ў Казахстане, дзе бярэ ўдзел у святкаванні юбілею 25-годдзя з часу заснавання Карагандзінскай дыяцэзіі.

На пачатку ўрачыстай святой Імшы, падчас якой адбываліся абрады пасвячэння, была абвешчана намінацыйная була — дакумент Папы Францішка, якім ён прызначыў ксяндза Андрэя Зноску дапаможным біскупам Пінскай дыяцэзіі і тытулярным біскупам Скардоны.

Пераклад папскай булы на беларускую мову прачытаў адзін з асістуючых святароў ксёндз канонік Антоній Казлоўскі, дэкан Смаргонскі.

Святы Айцец, звяртаючыся ў гэтым сваім лісце да Андрэя Зноскі, між іншым, напісаў:

«Пан, які ў сваёй любові паказаў блукаючым святло праўды, каб усе, хто вызнаюць сябе хрысціянамі, маглі вярнуцца на шлях міру і шчыра імкнуліся да таго, што яму спрыяе, паслаў у гэты свет наступнікаў апосталаў, каб яны як мага старанней выконвалі абавязак абвяшчэння Евангелля.

З увагі на тое, што вялебны брат Антоні Дзям’янка, біскуп Пінскай дыяцэзіі лацінскага абраду, прасіў, каб яму быў дадзены дапаможны біскуп, які падтрымаў бы яго сваёй дапамогаю і руплівасцю, і маючы ў сэрцы трывалае дабро Касцёла ў Беларусі, Мы ахвотна схіляемся да ягонай просьбы. Таму Мы мяркуем, умілаваны Сыне, чые чалавечыя і святарскія здольнасці жывяць нашую надзею, што ў гэтай важнай справе ты належна і верна, а менавіта ў згодзе з Біскупам дыяцэзіі, зможаш несці сваё служэнне. Таму, параіўшыся з Дыкастэрыяй па справах Біскупаў і беручы пад увагу меркаванне Дзяржаўнага Сакратарыяту, Мы ўстанаўліваем цябе Дапаможным біскупам Пінскай дыяцэзіі лацінскага абраду і адначасова мянуем тытулярным біскупам Скардонскім, надаючы ўсе неабходныя правы і ўскладаючы на цябе адпаведныя абавязкі. Што датычыцца твайго біскупскага пасвячэння, то яго ты зможаш прыняць ад каталіцкага біскупа, якога выбярэш, у любым месцы па-за Рымам, з захаваннем літургічных нормаў. Але спярша неабходна, каб ты даў вызнанне веры, а таксама прысягу вернасці Нам і Нашым Наступнікам на гэтым Пасадзе. Нарэшце, умілаваны Сыне, даручаем цябе і тваё служэнне заступніцтву Найсвяцейшай Панны Марыі і Яе Абранніка святога Юзафа, а таксама заклікаем і просім, каб ты навучаў Хрыстовых вернікаў усім сэрцам любіць усемагутнага Бога, імя Якога — любоў (пар. 1 Ян 4, 8), якую Ён нам ясна выявіў ва ўцелаўленні Хрыста, каб у праўдзе Святога Духа, які сапраўды перамяняе аблічча зямлі і свету, падтрыманы ўсімі неабходнымі ласкамі ты прыносіў гэтую любоў у штодзённае жыццё».

Була была падпісана Папам Францішкам 19 ліпеня 2024 года.

Абноўлена 09.09.2024 14:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.