Пошук

07.09.2024 17:17   Catholic.by

7 верасня арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, першы біскуп у сучаснай гісторыі Беларусі, які знаходзіцца ў Казахстане на святкаванні юбілею Карагандзінскай дыяцэзіі, кіруе віншаванні дапаможнаму біскупу Пінскай дыяцэзіі Андрэю Зноску, наймалодшаму каталіцкаму іерарху ў нашай краіне, з нагоды яго біскупскага пасвячэння.

Ваша Эксцэленцыя!

Знаходзячыся ў далёкім Казахстане на святкаванні юбілею 25-годдзя з часу заснавання Карагандзінскай дыяцэзіі, сардэчна віншую з прыняццем біскупскага пасвячэння.

Сказаныя Хрыстом у сінагозе ў Назарэце словы «Дух Пана на мне, бо ён намасціў мяне» (пар. Лк 4, 18) вельмі добра адпавядаюць духу ўрачыстасці, якая адбываецца ў Пінскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Дух Святы намасціў цябе, дарагі сабрат, каб ты ў біскупскім пасвячэнні атрымаў паўнату святарства і стаў наступнікам апосталаў (гл. LG 20).

Дзякуючы гэтаму ты яшчэ мацней злучыўся з Хрыстом і Касцёлам, а як наступнік Апосталаў стаў членам калегіі біскупаў на чале з біскупам Рыма — Папам (гл. LG 20. 22; ChD 4).

Шчыльная лучнасць з Езусам фармуе тоеснасць біскупа, а таксама ўказвае на евангельскі дынамізм і місійнае захапленне ў выкананні заданняў навучаць, асвячаць і кіраваць народам Божым (гл. LG 21).

Лучнасць з Касцёлам абавязвае быць бачнай крыніцай і падмуркам адзінства ў ім, а прыналежнасць да калегіі біскупаў — будаваць як мясцовы, так і паўсюдны Касцёл як містычнае цела Езуса (гл. LG 27; ChD 5).

Для паспяховага выканання ўскладзеных Божым Провідам заданняў кіруйся настаўленнямі святога апостала Паўла з Пасланняў да Цімафея і Ціта, а менавіта, будзь бездакорным сведкам для іншых, адзначайся пабожнасцю, моцнай верай, любоўю, трываласцю, лагоднасцю, справядлівасцю, разважлівасцю, цнатлівасцю, устрыманасцю, праўдзівасцю вучэння, негняўлівасцю, бескарыслівасцю (пар. 1 Цім 3, 2. 7; 6, 11–12; Ціт 1, 7–9).

Злучаны з Хрыстом, умацоўвай вернікаў словам Божым і жыццядайнымі сакрамэнтамі. Прымай мудрыя рашэнні. Будзь айцом для святароў і клапаціся аб кансэкраваных асобах. Шукай згубленых авечак. Памятай пра моладзь — надзею Касцёла і свету. Паказвай міласэрнае аблічча Бога хворым, слабым і патрабуючым. Май заўсёды адкрытае сэрца для тых, хто шукае праўды і сэнсу жыцця, і абуджай у іх надзею.

Цябе чакае Пінская дыяцэзія, якая рыхтуецца да юбілею 100-годдзя з часу яе заснавання. Няхай з тваім прыйсцем у яе ўвальецца новы подых Святога Духа, каб у ёй настала новая вясна.

Хрыстус, які заўсёды з табой, з’яўляецца крыніцай тваёй моцы і лагоднасці, мудрасці і святасці, жыцця і служэння, каб ты, паклаўшы руку сваю на плуг (пар. Лк 9, 62), ішоў толькі наперад, не азіраючыся назад.

Будзь Gaudium et spes — радасцю і надзеяй пінскага і беларускага Касцёла (пар. GS 1), якім быў сведка веры, легендарны пінчук кардынал Казімір Свёнтак. Няхай добры Бог праз заступніцтва Маці Божай благаславіць цябе на доўгія і святыя гады!

З павагай і малітвай,

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця