Пошук

19.06.2024 23:23   Тэкст і фота: Мікола Гракаў / Catholic.by

19 чэрвеня ў парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Старых Васілішках (Гродзенская дыяцэзія, Шчучынскі дэканат) адбылося развітанне са спачылай у панядзелак Зоф’яй Казлоўскай, мамай ксяндза каноніка Антонія Казлоўскага, дэкана Смаргонскага.

Апошнія гады свайго доўгага, 88-гадовага жыцця, яна жыла ў плябаніі разам са сваім старэйшым сынам святаром, пробашчам парафіі святога Юды Тадэвуша ў Вішневе (Гродзенская дыяцэзія, Смаргонскі дэканат).

У развітанні са спачылай узялі ўдзел больш за 90 святароў з розных парафій і дыяцэзій Беларусі, большасць з якіх ведалі маму свайго сабрата асабіста.

Цэлебрацыю пахавальнай святой Імшы ўзначаліў у касцёле на малой радзіме спачылай Зоф’і каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Уладзімір Гуляй. На пачатку цэлебрацыі іерарх перадаў ксяндзу Антонію і яго родным спачуванні ў сувязі са смерцю мамы ад біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча.

У запоўненым пераважна духавенствам касцёле гамілію прамовіў пробашч суседняй парафіі ў Васілішках ксёндз Станіслаў Пытэль CSMA. Святар перадусім адзначыў, што сабраныя пры труне дзякуюць Богу за дар жыцця спачылай Зоф’і, які найбольш перадае слова «мама».

Рана страціўшы мужа, калі старэйшаму сыну было ўсяго 13 гадоў, жанчына прысвяціла сваё жыццё дзецям: Антонію і яго брату Юзафу. Разам з малодшым сынам яны шмат у чым сабе адмаўлялі, каб старэйшы мог вучыцца. У выніку Антоній Казлоўскі скончыў з адзнакай школу, паступіў у Ваўкавыскае падагагічнае вучылішча, пасля — у Гродзенскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт, які паспяхова скончыў. Аднак, адчуўшы пакліканне, пайшоў у духоўную семінарыю, пасля заканчэння якой стаў святаром.

«Зоф’я аддала Богу сына, а атрымала ў дар святара», — падкрэсліў ксёндз Станіслаў, дадаўшы, што і з гэтым складаным заданнем — быць маці святара — спачылая справілася як найлепш.

Свае спачуванні з прычыны смерці маці даслаў касяндзу Антонію Казлоўскаму Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

«Мне пашчасціла пазнаёміцца са светлай памяці Зоф’яй, наведваючы парафію ў Вішневе, дзе яна трывала ў малітоўнай падтрымцы тваёй душпастырскай працы. Памятаю яе радаснае стаўленне да жыцця, нягледзячы на пажылы ўзрост. Пры размове з ёй адчувалася вялікая радасць з твайго паклікання і з унучак, якіх падарыў ёй твой брат з яго жонкай.

Святой памяці Зоф’я жыла для дзяцей, дапамагала табе ў хатніх працах на плябаніі. Напэўна, надоўга застанецца ў нашай памяці яе звонкі голас, якім яна дадавала бадзёрасці прысутным», — напісаў арцыбіскуп Станеўскі.

Іерарх дадаў, што апошняе развітанне са спачылай — гэта «дзень нараджэння вашай мамы на нябёсах».

«Не парушаючы супакою і цішыні смутку ад страты вашага любімага чалавека, я дасылаю вам словы суцяшэння, малітвы і добрай памяці пра спачылую Зоф’ю», — такімі словамі завяршыў свой спачувальны адрас арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

На заканчэнне святой Імшы біскуп Гуляй прамовіў кароткае жалобнае слова. Ён прызнаўся, што асабіста не быў знаёмы з мамай ксяндза Антонія, але затое добра ведае яго самога.

«Гэта святар, гэта чалавек з вялікім сэрцам. Дык якім жа велізарным павінна было тады быць сэрца яго мамы!» — адзначыў біскуп каад’ютар.

Іерарх дадаў, што мама аднаго святара становіцца мамай для ўсіх святароў, і што цяпер з ёй развітваюцца не двое, а больш за 90 сыноў, якіх ёй даў Бог.

На заканчэнне біскуп каад’ютар заўважыў, што мамы не паміраюць: яны адыходзяць, каб і надалей, будучы бліжэй да Бога, працягваць клапаціцца пра сваіх дзяцей на зямлі.

Пасля Імшы адбыліся абрады апошняга даручэння і развітання ў касцёле і на парафіяльных могілках, дзе цела памерлай Зоф’і Казлоўскай знайшло апошні спачынак побач з магілай мужа, з якім яна зноў з’ядналася амаль праз 40 гадоў.

 

Абноўлена 20.06.2024 07:10
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця