Пошук

Фота: BELTA

9 мая па ўсёй Беларусі прайшлі ўрачыстыя мерапрыемствы з нагоды Дня Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і 81-годдзя вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Першым усклаў вянок да манумента Перамогі на аднайменнай плошчы ў Мінску кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка. Да помніка ўскладзены таксама вянкі і кветкі ад кіраўнікоў рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання, прадстаўнікоў Усебеларускага народнага сходу і Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, судовага корпуса, ветэранскіх арганізацый, сілавых структур, грамадскіх аб'яднанняў і палітычных партый, актывістаў з ліку прадстаўнікоў грамадскасці.

Разам з прадстаўнікамі вядучых канфесій і рэлігій Беларусі — праваслаўя, юдаізму і ісламу, — у ліку тых, хто аддаў даніну памяці і малітвы, быў і Старшыня ККББ, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.


У Гродне таксама прайшла ўрачыстая цырымонія ўскладання кветак да помніка савецкім воінам і партызанам, загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны. У ліку прысутных кіраўнікі вобласці і горада, прадстаўнікі працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый і розных канфесій.

Каталіцкі Касцёл прадстаўляў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, якому спадарожнічаў яго сакратар ксёндз Анджэй Ганчар.

У мемарыяльным комплексе «Брэсцкая крэпасць-герой» адбыўся святочны мітынг, прысвечаны Дню Перамогі. Біскуп Антоні Дзям'янка прысутнічаў на цырымоніі ўскладання кветак у межах рэспубліканскай акцыі «Беларусь памятае».

Дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска таксама прыняў удзел у святкаванні Дня Перамогі. Запрошаны старшынёй Пінскага гарвыканкама Валерыем Рэбкаўцом, іерарх прысутнічаў на ваенным парадзе войскаў Пінскага гарнізона і разам з грамадскасцю горада на Піне прайшоў вуліцамі сталіцы Палесся ў гарадскі парк, дзе каля Вечнага агню ўсклаў кветкі і памаліўся за салдат, якія загінулі ў 1944 годзе, вызваляючы Пінск ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

У Віцебску святочныя мерапрыемствы пачаліся з акцыі-шэсця «Беларусь памятае», у якой прынялі ўдзел віцябляне розных пакаленняў: кіраўнікі вобласці і горада, ветэраны працы і Узброеных Сіл, воіны-інтэрнацыяналісты, прадстаўнікі сілавых структур, навучэнцы ваенна-патрыятычных класаў, кадэты, а таксама прадстаўнікі розных рэлігійных канфесій. Каталіцкі Касцёл прадстаўляў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

Абноўлена 11.05.2026 15:19
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця