
26-27 чэрвеня ў Ватыкане адбыўся надзвычайны кансісторый з удзелам Льва XIV і калегіі кардыналаў. З гэтай нагоды раніцай у Базыліцы святога Пятра адбылася святая Імша, якую ўзначаліў Пантыфік.
Папа: Бог даў нам розум, каб вырашаць канфлікты як людзі, а не як звяры
Звяртаючыся да кардыналаў, якія сабраліся ля алтара Пана і магілы святога Пятра, каб распачаць кансісторый, Святы Айцец падкрэсліў, што яны прыбылі з розных краін свету, каб разам з сваім жыццём прысвяціць Богу свае супольнасці і народы, пастырскія праекты, радасці і трывогі.
Па словах Папы, разнастайнасць пачуццяў і думак кардыналаў аб’ядноўваецца ў Хрысце, як у сапраўднай вінаграднай лазе (пар. Ян 15, 1). Праз Езуса ласка і праўда струменяць у іх жыццё, як жыватворны сок у галіны. З аднаго боку, Настаўнік кажа: «Заставайцеся ўва Мне, а Я ў вас», «бо без Мяне нічога не можаце зрабіць» (пар. Ян 15, 5), з другога боку, жадае, каб Ягоныя вучні прыносілі багаты плён», — адзначыў Леў XIV.
«Знамянальна, што Кансісторый адбываецца напярэдадні ўрачыстасці святых апосталаў Пятра і Паўла — стаўпоў Каталіцкага Касцёла, місіянераў-мучанікаў, якія сведчылі Евангелле сваім жыццём»,
— заўважыў Папа.
Спасылаючыся на словы святога Паўла (1 Кар 12, 4–7) і іх сугучнасць з евангельскім урыўкам пра вінаградную лазу, Пантыфік адзначыў, што ўсе харызмы і служэнні ў Касцёле, як галіны адной лазы, паходзяць ад аднаго Пана, а іх арганічнаму адзінству адпавядае крытэрый агульнага дабра.
Сапраўдная свабода дасягаецца праз веру

Святы Айцец прапанаваў кардыналам паразважаць у гэтыя дні над некалькімі думкамі.
Па-першае, прыклад святых Пятра і Паўла заахвочвае вучыць сапраўднай свабодзе праз веру. Адносіны з Езусам вызваляюць ад граху і страху. Вера дае Касцёлу жыццё, бо адпавядае той ласцы, якая корміць галіны адной лазы.
«Жывы Касцёл, які верыць, дзякуючы дару пралітага ў сэрцы Духа Святога, прыносіць шмат плёну»,
— сказаў Папа, заахвочваючы кардыналаў з запалам сведчыць пра веру Касцёла і абвяшчаць збаўленне Хрыста ўсім народам (пар. Пс 96, 2–3).
Мір як абавязак адзінай чалавечай сям'і
«Па-другое, просім аб дары міру ў адзінстве», — зазначыў Пантыфік. Міжнародная напружанасць, войны і канфлікты глыбока раняць чалавечую сям’ю, але імкненне да чалавечай годнасці, справядлівасці, права і чалавечнасці дае надзею, бо сведчыць пра прыгажосць справы Бога, які стварыў людзей па сваім вобразе і падабенстве. «Творца надзяліў нас розумам і воляй, каб вырашаць канфлікты як чалавечыя істоты, а не як дзікія звяры, няхай і ўзброеныя гіпертэхналагічнай зброяй», — сцвердзіў Леў XIV.
Леў XIV заклікаў працягваць шлях, акрэслены святым Паўлам VI: будаваць «цывілізацыю любові».
Калі ён увёў гэты выраз, свет быў пазначаны халоднай вайной, гонкай узбраенняў і моцным эканамічным дысбалансам. Касцёл прапаноўваў альтэрнатыўны шлях — такі сацыяльны лад, у якім спалучаюцца справядлівасць і міласэрнасць.
Згода ў паслухмянасці Божаму слову

Па-трэцяе, Папа заклікаў да згоды ў паслухмянасці Божаму слову. Дух Святы вядзе Касцёл, указваючы на душпастырскія праблемы і магчымасці, ачышчаючы намеры і выпраўляючы тое, што аддаляе ад сумеснага шляху. Сінод Біскупаў заклікае Касцёл ісці разам: захоўваць адзінства ў веры, будаваць мір і жыць паводле Евангелля. Але свет вельмі хутка мяняецца, таму спрадвечныя праўды веры неабходна тлумачыць зразумелай людзям мовай. Хрыстус, як сапраўдная вінаградная лаза, адзін і той жа для ўсіх народаў. Яго слова можа быць абвешчана на ўсіх мовах і ў любых культурах, якія хрысціяне перамяняюць знутры святлом Евангелля. І калі свецкія ідэалогіі з часам губляюць сваю сілу, Дух Святы ў Касцёле дазваляе квітнець такім каштоўнасцям, як братэрская згода, міласэрнасць і місіянерскае жаданне несці Евангелле іншым.
Сінадальнасць і братэрства калегіі кардыналаў
Пантыфік назваў супрацоўніцтва калегіі кардыналаў «сінтэзам сінадальнасці» усяго народа Божага. Сінадальнасць і калегіяльнасць — гэта формы хрысціянскага братэрства, якое звязвае іх як ахрышчаных і як біскупаў. Ён падкрэсліў, што чакае ад кардыналаў дапамогі ў здзяйсненні яго служэння, а не проста паслухмянасці, і што ў ім яны знойдуць таго, хто слухае і вучыцца, а не толькі вучыць іншых і загадвае.

Адкрыццё кансісторыя: Леў XIV вызначыў галоўныя тэмы
Леў XIV адкрыў надзвычайны кансісторый у Зале Паўла VI, заклікаўшы кардыналаў да супольнага роздуму над місіяй Касцёла і развіцця сінадальнасці.
Папа нагадаў пра сваё жаданне, выказанае падчас кансісторыя ў студзені бягучага года, каб такога роду форумы дапамагалі вучыцца працаваць разам на карысць касцёльнай місіі. Паводле яго слоў, камунія патрабуе штодзённага навяртання, якое нараджаецца ў малітве, узаемным даверы і здольнасці слухаць адзін аднаго.

Ад супольнай малітвы да канкрэтных выклікаў сучаснасці
Святы Айцец прапанаваў кардыналам засяродзіцца на чатырох узаемазвязаных тэмах, пачынаючы з погляду на свет, у якім Касцёл пакліканы абвяшчаць Евангелле. Ён заклікаў спачатку спыніцца перад рэчаіснасцю і паглядзець на яе вачыма веры, згадаўшы сваю гамілію ў Мадрыдзе 7 чэрвеня: «Езус ходзіць па вуліцах, перасякае плошчы, наведвае нашы кварталы».
Адна з рабочых сесій была прысвечана разважанням пра культуру ўлады і цывілізацыю любові ў кантэксце шматлікіх канфліктаў і насілля. Папа адзначыў, што яго энцыкліка Magnifica humanitas прапануе каштоўныя ключы для разумення гэтага часу. Ён выказаў жаданне пачуць, як змест яго першага такога роду дакумента адгукаецца ў розных мясцовых Касцёлах.

Трэцяя сесія Надзвычайнага кансісторыя была прысвечана сацыяльнаму вучэнню і ўкладу Касцёла ў будаўніцтва агульнага дабра. Леў XIV звярнуў увагу на 86-ы пункт энцыклікі Magnifica humanitas, які нагадвае пра патрэбу ў празрыстасці, ацэнцы і сумеснай адказнасці пры прыняцці рашэнняў.
Заключная частка працы была прысвечана рэалізацыі Сінода, што аб’яднала ўсе папярэднія дыскусіі. Папа падкрэсліў, што сінадальнасць — гэта перш за ўсё «ўнутраны настрой, адкрытасць, гатоўнасць зразумець». Яна не змяншае аўтарытэт, а дапамагае глыбей усвядоміць яго сапраўднае значэнне, якое заключаецца ў захаванні еднасці і арыентацыі супольнага шляху Касцёла.
Місія як галоўны арыенцір і патрэба ў братэрскай падтрымцы
Усе абмеркаваныя тэмы ядналіся вакол аднаго галоўнага пытання: як дапамагчы Касцёлу абвяшчаць Евангелле з большай вернасцю, свабодай і пераканаўчасцю. Папа падкрэсліў, што місія — гэта не адна з многіх задач, а сама прычына існавання Касцёла і галоўны крытэрый супольнага распазнавання.
Для выканання гэтага служэння Пантыфіку патрэбны досвед і пастырская мудрасць кардыналаў.
«Мне патрэбна ваша падтрымка: моцная, выразная і публічная. Мне патрэбна адчуваць вашу падтрымку як ад братоў»,
— звярнуўся да прысутных Святы Айцец.
Ён заклікаў іерархаў да свабоды, шчырасці і вернасці, заўважыўшы, што сумленная парада заўсёды застаецца жэстам камуніі.
Напрыканцы Пантыфік заахвоціў кардыналаў да плённай працы ў групах, нават калі для Калегіі гэта пакуль нязвыклы фармат.
Сучасны чалавек і Евангелле: рэфлексія на кансісторыі

Падчас надзвычайнага кансісторыя кардынал Гжэгаж Рысь прадставіў біблійную медытацыю пра абвяшчэнне Евангелля ў сучасным свеце праз прызму прыпавесці пра Добрага Самараніна.
Звяртаючыся да прамовы Папы Паўла VI на заканчэнне Другога Ватыканскага Сабора, польскі іерарх нагадаў, што біблійная гісторыя пра Самараніна з'яўляецца парадыгмай і нормай для Касцёла. Ён заклікаў адмовіцца ад абстрактных сацыялагічных паняццяў і засяродзіцца на канкрэтным чалавеку, які, паводле святога Антонія Падуанскага, уяўляе сабой «малы свет». Менавіта чалавек застаецца першым і фундаментальным шляхам Касцёла, як сцвярджаецца ў энцыкліцы Redemptor hominis.
Аналізуючы постаць параненага чалавека, які ішоў з Ерузалема ў Ерыхон, кардынал Рысь акрэсліў галоўныя беды сучаснасці. Гэты чалавек з'яўляецца ахвярай гвалту і абыякавасці, ён абрабаваны, пазбаўлены годнасці і пакутуе ад жудаснай адзіноты.
Іерарх адзначыў, што сучаснае грамадства часта выбірае кірунак, супрацьлеглы сакральнаму, шукаючы велічы ў свабодзе ад рэлігіі або выкарыстоўваючы яе для чужых мэт. «Тое, што на паверхні здаецца рэлігійным, у рэчаіснасці з'яўляецца глыбокім і згубным блюзнерствам», — папярэдзіў кардынал. Сённяшні чалавек, паранены фізічна і духоўна, востра мае патрэбу ў «палявым шпіталі», якім павінен быць Касцёл.
Другім тварам сучаснага свету становіцца «Самаранін-падарожнік» — чужынец, ад якога Езус заклікае вучыцца пакоры. Кардынал Рысь падкрэсліў, што каштоўнасці міласэрнасці і любові могуць стаць месцам сустрэчы Касцёла і свету. Самаранін вылівае алей і віно на раны чалавека, які пакутуе, здзяйсняючы сапраўдны жэст пабожнасці па-за сценамі святыні.
«Святар і левіт наведваюць храм, але Самаранін ёсць храмам, святыняй Адзінага, чыё імя — Міласэрнасць»,
— адзначыў іерарх.
Кардынал Брыслін: прагрэс патрабуе духоўных каштоўнасцей

«Ці суправаджаецца тэхнічны прагрэс ростам адказнасці, ці, наадварот, стварае новыя формы выключэння чалавека?», — прапанаваў задумацца ўдзельнікам надзвычайнага кансісторыя кардынал Стэфан Брыслін.
Паўднёваафрыканскі іерарх выступіў з уступным дакладам на пачатку трэцяй сесіі кансісторыя, якая прайшла ў першай палове дня 27 чэрвеня ў ватыканскай Зале Паўла VI.
Кардынал Брыслін заўважыў, што чалавецтва сёння «будуе» сваю будучыню, у якой асаблівае значэнне набываюць новыя тэхналогіі і штучны інтэлект. Паводле яго слоў, чалавек атрымаў вельмі магутныя інструменты, але не заўсёды разумее, у якім кірунку іх выкарыстоўвае.
Тэхнічны прагрэс можа зрабіць жыццё больш зручным, але разам з гэтым узнікае небяспека, што чалавек пачне лічыць тэхналогіі галоўнай мэтай і страціць увагу да самога чалавека. У выніку частка людзей можа быць выключана з гэтага «прагрэсу», а паняцце шчасця можа звесціся толькі да камфорту і эфектыўнасці, адзначыў ён.
Кардынал Брыслін лічыць важным глядзець не толькі на магчымасці тэхнікі, але і на тое, якое грамадства яна фарміруе. Ён падкрэсліў важнасць супольнага будаўніцтва будучыні, у якім кожны нясе адказнасць, а таксама чатырох асноўных прынцыпаў: сапраўднага разумення шчасця, прызнання чалавечых межаў, супольнай адказнасці і разважлівага падыходу да прыняцця рашэнняў.
Іерарх падкрэсліў, што без унутраных арыенціраў чалавек лёгка губляецца ў свеце тэхналогій.
Хрысціянства прапануе адказ праз тры асноўныя цноты: веру, любоў і надзею. Вера дапамагае бачыць сэнс гісторыі і давяраць Божаму плану, любоў стварае сапраўдную еднасць паміж людзьмі, а надзея дае сілу будаваць будучыню нават у складаных умовах.
Асаблівае месца ў гэтым кантэксце, паводле кардынала Брысліна, займае Эўхарыстыя, якая становіцца крыніцай адзінства і вучыць бачыць у іншым брата.
Сапраўднае будаўніцтва добрай будучыні, паводле іерарха, магчыма толькі тады, калі тэхнічны прагрэс спалучаецца з адказнасцю, адзінствам і духоўнымі каштоўнасцямі.
Кардынал Грэк: сінадальнасць павінна служыць місіі Касцёла

Кардынал Марыё Грэк прысвяціў сваё выступленне на надзвычайным кансісторыі пытанню рэалізацыі рашэнняў Сінода Біскупаў і падрыхтоўцы да касцёльных асамблей 2027-2028 гадоў.
Генеральны сакратар Сінода Біскупаў нагадаў, што за апошнія гады ў сінадальным працэсе прынялі ўдзел мільёны вернікаў па ўсім свеце. Гэты досвед спрыяў развіццю ўзаемнага слухання, духоўнага распазнання і большай адказнасці Божага народа за жыццё Касцёла. Пры гэтым у розных мясцовых Касцёлах сінадальны шлях праходзіў па-рознаму: у адных краінах яго прынялі з энтузіязмам, у іншых ён сустрэў супраціў, цяжкасці і пытанні.
Кардынал Грэк падкрэсліў, што шлях, які вядзе да асамблеі 2028 года, не азначае паўторнага правядзення кансультацый або простага выканання прынятых рашэнняў. Яго галоўная мэта — дапамагчы мясцовым Касцёлам асэнсаваць атрыманы досвед, распазнаць плёны, вызначыць неабходныя навяртанні і паступова ўвасобіць вынікі сінадальнага шляху ў звычайным касцёльным жыцці.
Іерарх звярнуў увагу на ўзаемны абмен досведам паміж мясцовымі Касцёламі. На яго думку, нацыянальныя, рэгіянальныя і кантынентальныя асамблеі павінны стаць не месцам сустрэчы епіскапатаў, каардынацыйных органаў або касцёльных структур, а хутчэй, месцамі сустрэч саміх Касцёлаў, прадстаўленых ва ўсёй разнастайнасці пакліканняў, служэнняў і харызм.
Кардынал Грэк адзначыў незаменную ролю біскупаў у гэтым працэсе. Менавіта яны пакліканы захоўваць касцёльную еднасць, падтрымліваць духоўнае распазнаванне і заахвочваць удзел кожнага верніка ў адпаведнасці з пакліканнем, харызмай і адказнасцю. Бок аб бок з біскупамі працуюць многія іншыя людзі і арганізацыі: сінадальныя групы, грамадскія арганізацыі, святары, кансэкраваныя асобы, асацыяцыі, рухі, адукацыйныя ўстановы, сем'і, моладзь і мясцовыя супольнасці.
Іерарх таксама акрэсліў чатыры асноўныя этапы працэсу: пераасэнсаванне досведу, тлумачэнне, накіраванне і святкаванне.
Ён растлумачыў, што гэтыя крокі павінны дапамагчы Касцёлу ператварыць назапашаны вопыт у агульную мудрасць, паглыбіць яго тэалагічнае асэнсаванне, вызначыць прыярытэты будучай дзейнасці і падзякаваць Богу за пройдзены шлях.
Кардынал Грэк таксама адзначыў, што сінадальнасць не з'яўляецца самамэтай, але павінна служыць місіі Касцёла. Ва ўмовах войнаў, росту сацыяльнай няроўнасці, міграцыі і хуткіх тэхналагічных змен Касцёл павінен яшчэ больш уважліва слухаць людзей, распазнаваць знакі часу і даваць пераканаўчае сведчанне Евангелля.
Папа на завяршэнне кансісторыя: Касцёл не ігнаруе раны свету

Завяршаючы надзвычайны кансісторый, Леў XIV заклікаў развіваць сінадальны стыль у Касцёле і не заставацца абыякавым да ран сучаснага свету, асабліва да пакут моладзі.
Святы Айцец даручыў кардыналам увасабленне ў жыццё плёнаў Сінода пра сінадальнасць, пажадаўшы, каб пытанні ўлады, сумеснай адказнасці і прыняцця рашэнняў разглядаліся ў святле місіі Касцёла і вернасці Евангеллю. Ён нагадаў, што сінадальнасць з'яўляецца духоўным стылем, развіваецца дзякуючы слуханню і сталее ў распазнаванні. Леў XIV падкрэсліў, што ўзаемнае слуханне патрабуе пакоры і свабоды, а таксама пакідання месца для дзеяння Духа Святога.
Пантыфік падзякаваў кардыналам за разважанні пра крызісы і пакуты сучаснага чалавека, за тое, што праз іх Касцёл не адварочвае позірку ад ран свету, але імкнецца знайсці іх карані.
Папа прызнаўся, што яго асабліва кранулі сведчанні пра моладзь, яе пытанні і пакуты, якія часам прыводзяць да роспачы і самагубства. Святы Айцец назваў гэта адной з самых глыбокіх ран нашага часу. Ён заўважыў, што менавіта Евангелле дае адказ на пошукі маладых сэрцаў, і заклікаў уважліва слухаць моладзь і не пакідаць без падтрымкі сем'і, асабліва тыя, якія перажываюць цяжкі перыяд.
Закранаючы тэму міру, Папа звярнуў увагу на тое, што гэта пытанне глыбока датычыць сэрца чалавека, бо вайна, яшчэ да таго, як праявіцца ў гісторыі, нараджаецца ўнутры нас, калі падазронасць займае месца даверу, страх выцясняе надзею, а іншы чалавек успрымаецца як пагроза.
Пантыфік нагадаў, што пагрозу міру нясе распаўсюджаны культ сілы, які пранікае ў лад мыслення людзей, адносіны, ажыццяўленне ўлады, эканоміку, тэхналогіі і нават рэлігію. Адказам на гэту з'яву павінна стаць культура супрацоўніцтва і дыялогу, дзякуючы якой народы будуць вучыцца разам шукаць агульнае дабро.
Святы Айцец заахвоціў кіравацца пасхальнай логікай, у якой любоў аказваецца мацнейшай за нянавісць, а прабачэнне перарывае спіраль помсты.
«Такой ёсць моц Укрыжаванага і Уваскрослага — моц, якая не знішчае ворага, але дазваляе нанова адкрыць у ім брата»,
— сказаў Пантыфік.
Леў XIV падкрэсліў каштоўнасць досведу кансісторыя — прасторы сустрэчы, дзе іерархі могуць слухаць адзін аднаго, маліцца, распазнаваць і разам крочыць шляхам веры. Ён паведаміў, што наступная сустрэча кардыналаў адбудзецца ў наступным годзе. Яе дата будзе абвешчана напрыканцы бягучага года.






