Пошук

23.06.2026 20:54   Тэкст: Кс. Аляксандр Амяльчэня / Паводле: Vatican News BY / Catholic.by

Падчас кансісторыя ў студзені 2026 года. Фота: Vatican Media

Напярэдадні ўрачыстасці святых апосталаў Пятра і Паўла ў Ватыкане пачнецца надзвычайны кансісторый, падчас якога Калегія кардыналаў засяродзіцца на галоўных выкліках сучаснасці.

Надзвычайная сустрэча ў Ватыкане, запланаваная на 26 і 27 чэрвеня, збярэ членаў Калегіі кардыналаў для глыбокага аналізу праблем сучаснасці і жыцця Касцёла.

Для сумеснай працы іерархаў падзеляць на 20 груп паводле сінадальнага метаду. 9 супольнасцей утвораць кардыналы-выбаршчыкі, якія з'яўляюцца дыяцэзіяльнымі біскупамі, а астатнія адзінаццаць — прадстаўнікі Рымскай курыі і кардыналы без права голасу.

Ад удзельнікаў патрабуецца поўная канфідэнцыяльнасць, таму пасяджэнні пройдуць без прысутнасці прэсы для захавання братэрскай атмасферы.

Метадалогія працы ў групах будзе складацца з трох строгіх фаз, падзеленых хвілінамі маўчання. На першым этапе кожны кардынал выступіць з прамовай працягласцю да трох хвілін па праграме сустрэчы. Пасля гэтага пачнецца супольнае слуханне, дзе кожнаму дадуць па дзве хвіліны для вылучэння асноўных тэз без унясення новых прапаноў. На заключнай стадыі сакратар пры дапамозе іншых членаў групы складзе выніковую справаздачу, якую кардыналы атрымаюць па электроннай пошце. Такі падыход павінен дапамагчы пазбегнуць фармалізму і забяспечыць жывы касцёльны дыялог.

Сустрэча распачнецца раніцай 26 чэрвеня 2026 года са святой Імшы ў Базыліцы Святога Пятра, пасля якой кардыналы перамесцяцца ў Залу Паўла VI. Першая працоўная сесія пачнецца з пытання: «У якім свеце мы пакліканы абвяшчаць Евангелле?». Пасля біблійнай медытацыі, якую правядзе кракаўскі арцыбіскуп Гжэгаж Рысь, іерархі пачнуць абмеркаванне ў сваіх групах.

У другой палове дня кардынал Віктар Мануэль Фернандэс прадставіць даклад па пятым раздзеле папскай энцыклікі «Magnifica humanitas». Гэтае пасяджэнне будзе цалкам прысвечана тэме «Культура магутнасці і цывілізацыя любові».

Падчас кансісторыя кардыналаў. Фота: ANSA

У суботу, 27 чэрвеня 2026 года, пасля літургіі пад кіраўніцтвам дэкана Калегіі кардыналаў Джавані Батыста Рэ, адкрыецца трэцяя сесія сустрэчы. Паўднёваафрыканскі кардынал Стывен Брыслін прапануе паразважаць над сацыяльнымі расколамі і патрэбамі людзей, якіх Касцёл закліканы слухаць больш уважліва.

Заключнае пасяджэнне ў Новай сінадальнай зале прысвецяць рэалізацыі сінадальнага шляху, а кардынал Марыё Грэк пазнаёміць прысутных з планам падрыхтоўкі да будучых асамблей.

У праграме вечара запланаваны прамы дыялог з Папам, пасля якога пройдуць свабодныя выступленні кардыналаў працягласцю да трох хвілін кожнае. Падагульняючая прамова Льва XIV завершыць працоўную частку кансісторыя, які ўвянчаецца сумеснай вячэрай у Зале Паўла VI. Урачыстым фіналам сустрэчы стане святая Імша 29 чэрвеня ва ўрачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла.

Такі інтэнсіўны фармат адпавядае жаданню Папы, які яшчэ падчас мінулай студзеньскай сустрэчы прызнаўся іерархам:

«Адчуваю, спазнаю на вопыце неабходнасць мець магчымасць разлічваць на вас».

Абноўлена 23.06.2026 21:35
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.