Пошук

18.06.2026 11:25   Кс. Аляксандр Амяльчэня, Аляксандр Панчанка / Vatican News BY
Кардынал Каміла Руіні. Фота: Vatican Media

Леў XIV запэўніў у малітве аб вечным супакоі для кардынала Каміла Руіні, былога папскага вікарыя для Рымскай дыяцэзіі і старшыні Канферэнцыі Біскупаў Італіі, які адышоў у вечнасць 16 чэрвеня ва ўзросце 95 гадоў. У 2000 годзе ён наведваў Мінск з нагоды заканчэння Сіноду Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Пінскай і Віцебскай дыяцэзій.

«Паведамленне пра смерць кардынала Руіні, ганаровага Генеральнага вікарыя Рымскай дыяцэзіі, выклікае ў маёй душы пачуцці глыбокага смутку разам з удзячнасцю Пану за дар гэтага шанаванага чалавека Касцёла», напісаў Папа ў спачувальнай тэлеграме, скіраванай на імя кардынала Бальдасарэ Рэйна, папскага вікарыя для Рымскай дыяцэзіі.

Пантыфік адзначыў, што кардынал Руіні з вялікай ахвярнасцю выконваў сваё служэнне спачатку ў дыяцэзіі Рэджа-Эмілія-Гуастала, дзе быў дапаможным біскупам, а потым  «да канца свайго доўгага жыцця» на карысць Рымскай дыяцэзіі і ўсяго Касцёла ў Італіі.

«Успамінаючы гэтага дасведчанага і мудрага брата, умацаванага глыбокай верай, вострым розумам і дальнабачным позіркам, які са сціпласцю і самаадданасцю служыў Евангеллю і Касцёлу, я думаю пра яго плённую працу на карысць Канферэнцыі Біскупаў Італіі і развіцця плённага дыялогу са светам культуры»,

напісаў Святы Айцец.

«Прашу Пана, праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі, прыняць яго ў Нябесным Ерузалеме, і ад усяго сэрца ўдзяляю апостальскае благаслаўленне ўсім, хто аплаквае яго адыход, з удзячнасцю думаючы пра тых, хто клапатліва даглядаў яго», дадаў Леў XIV.

Пахавальная літургія адбудзецца ў чацвер, 18 чэрвеня, у 17.30 па мінскім часе каля Алтара Катэдры ў Базыліцы Святога Пятра. Яе ўзначаліць Леў XIV.

Пасля смерці кардынала Руіні змяніўся склад Калегіі кардыналаў. Цяпер яна налічвае 241 іерарха, сярод якіх 117 з'яўляюцца выбаршчыкамі, паколькі яны маладзейшыя за 80 гадоў, і таму захоўваюць права голасу на магчымым канклаве.

Абноўлена 18.06.2026 11:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.