![]()
7-8 студзеня 2026 года Леў XIV запрасіў усіх кардыналаў свету ў Ватыкан для ўдзелу ў надзвычайным кансісторыі, мэтай якога стала ўмацаванне супрацоўніцтва і еднасці ў кіраванні Касцёлам.
Гэтая сустрэча была паклікана не толькі ўзмацніць камунію паміж Біскупам Рыма і яго бліжэйшымі паплечнікамі, але і стаць дзейсным інструментам супрацоўніцтва ў вырашэнні маштабных задач сучаснага пантыфікату.
Папа і кардыналы: разам вызначаючы будучыню Касцёла
Да ўдзелу ў форуме былі запрошаны ўсе без выключэння члены Калегіі кардыналаў — агулам 245 чалавек, у тым ліку тыя іерархі, якім ужо споўнілася 80 гадоў. Такі фармат сустрэчы з’яўляецца рэдкім і адрозніваецца ад звычайных кансісторыяў, якія збіраюць толькі кардыналаў, якія знаходзяцца ў Рыме, для вырашэння бягучых пытанняў, такіх як кананізацыі. Леў XIV разглядае кардыналаў як сваіх найбліжэйшых супрацоўнікаў, таму сустрэча была накіравана на абмеркаванне галоўных вектараў яго пантыфікату. Скліканне поўнага складу Калегіі кардыналаў сугучна з ранейшымі крокамі Льва XIV у бок калегіяльнага кіравання. Ужо падчас майскай аўдыенцыі ў Сінадальнай залі Пантыфік адмовіўся ад пратакольных прамоў на карысць вольнага абмену думкамі і дыскусій.
На сёння ў Калегіі кардыналаў налічваецца 245 членаў: 122 выбаршчыкі і 123 кардынала без права голасу. Упершыню ў гісторыі Касцёла колькасць апошніх перавысіла колькасць выбаршчыкаў. Гэта адбылося 5 студзеня 2026 года, калі кардыналу Марыё Дзэнары, апостальскаму нунцыю ў Сірыі, споўнілася 80 гадоў.
Сярод тэм, на якіх засяродзілі увагу ўдзельнікі надзвычайнага кансісторыя, — апостальская адгартацыя «Evangelii gaudium» і місійнае вымярэнне Касцёла, апостальская канстытуцыя «Praedicate Evangelium», роля Рымскай курыі і яе ўзаемадзеянне з мясцовымі Касцёламі, сінадальнасць і літургія. Два дні малітвы, дыскусій і разважанняў пад знакам братэрства і камуніі, якія Леў XIV правёў разам з членамі Калегіі кардыналаў, многія з якіх прысутнічалі на абрадзе закрыцця Святой Брамы і Эўхарыстыі з нагоды ўрачыстасці Аб'яўлення Пана. Мэта сустрэчы — садзейнічанне агульнаму распазнанню і аказанне падтрымкі Святому Айцу ў ажыццяўленні яго місіі па кіраванні Паўсюдным Касцёлам.

Леў XIV на кансісторыі: прыцягвае не Касцёл, а Хрыстус
Каб сведчыць пра прыцягальную сілу любові Хрыста, мы павінны ў першую чаргу жыць Яго запаведдзю: «Як Я палюбіў вас, так і вы любіце адзін аднаго», — нагадаў Леў XIV, адкрываючы першы надзвычайны кансісторый свайго пантыфікату.
Хрыстус – святло народаў
На пачатку звароту Папа працытаваў словы Другога Ватыканскага Сабора: «Хрыстус — святло народаў. Таму Святы Сабор, сабраны ў Духу Святым, моцна жадае, абвяшчаючы Евангелле ўсякаму стварэнню (пар. Мк 16, 15), асвятліць усіх людзей святлом Хрыста, якое ззяе на абліччы Касцёла. У сваю чаргу Касцёл, паколькі з’яўляецца ў Хрысце як бы сакрамэнтам, або знакам і прыладай унутранага яднання з Богам і еднасці ўсяго чалавецтва, жадае, верна працягваючы вучэнне папярэдніх Сабораў, дакладней растлумачыць вернікам і ўсяму свету сваю сутнасць і паўсюдную місію. Умовы нашага часу робяць гэты абавязак Касцёла асабліва актуальным: каб усе без выключэння людзі, цесна аб’яднаныя сёння грамадскімі, тэхнічнымі і культурнымі сувязямі, дасягнулі таксама поўнай еднасці ў Хрысце» (Lumen gentium, 1).
Прыцягальная сіла Божай любові
Святы Айцец нагадаў таксама словы Бэнэдыкта XVI пра прыцягальную сілу «Божай любові, якая ўвасобілася ў Езусе Хрысце і ў Святым Духу дадзена Касцёлу». «Насамрэч, прыцягвае не Касцёл, а Хрыстус, і калі хрысціянін ці касцельная супольнасць прыцягваюць да сябе, то толькі таму, што праз гэты «канал» прыходзіць жыццядайная лімфа Любові, што выцякае з Сэрца Збаўцы», — дадаў ён.
«У той меры, у якой любім адзін аднаго, як Хрыстус палюбіў, мы з’яўляемся Ягонымі, з’яўляемся Яго супольнасцю і Ён можа прыцягваць праз нас. Насамрэч, толькі любоў пераканаўчая, толькі любоў годная веры»,
— дадаў Пантыфік.
Святы Айцец падкрэсліў, што «адзінства – прыцягвае, а падзелы – рассейваюць». «Такім чынам, каб быць Касцёлам па-сапраўднаму місіянерскім, гэта значыць здольным сведчыць пра прыцягальную сілу любові Хрыста, мы павінны ў першую чаргу жыць Яго запаведдзю, адзінай, якую Ён нам даў, пасля таго, як абмыў ногі вучням: «Як Я палюбіў вас, так і вы любіце адзін аднаго». І дадаў: «Па гэтым усе пазнаюць, што вы Мае вучні, калі будзеце мець любоў адзін да аднаго» (Ян 13,34-35)», — сцвердзіў Папа.
Разам служыць Касцёлу
Леў XIV заўважыў, што Калегія кардыналаў — вельмі разнастайная група, у якую ўваходзяць людзі рознага паходжання, культур, касцельных і грамадскіх традыцый, фармацыйных і акадэмічных шляхоў, душпастрыскага досведу і асабістых характарыстык.
«Мы пакліканы ў першую чаргу пазнаваць адзін аднаго і весці дыялог, каб мець магчымасць разам служыць Касцёлу. Я спадзяюся, што мы зможам узрастаць у адзінстве, каб даваць прыклад калегіяльнасці», — сказаў Пантыфік, падкрэсліўшы, што кожная сустрэча такога роду — «гэта магчымасць, каб паглыбіць наша супольнае разуменне каштоўнасці сінадальнасці».
Чатыры ключавыя тэмы
Леў XIV прадставіў кардыналам чатыры ключавыя тэмы для рэфлексіі. Першая — «Evangelii gaudium» — праграмная Апостальская адгартацыя пантыфікату Францішка, прысвечаная місійнаму вымярэнню Касцёла. Другая – Апостальская канстытуцыя «Praedicate Evangelium», роля Рымскай курыі і яе ўзаемадзеянне з мясцовымі Касцёламі. А таксама «Сінод і сінадальнасць, інструмент і стыль супрацы» і «Літургія, крыніца і вяршыня хрысціянскага жыцця».
З прычыны недастатковай колькасці часу для глыбокага разважання над усімі гэтымі тэмамі, Папа прапанаваў іерархам выбраць з іх толькі дзве. Кардыналы аддалі перавагу тэме місіі Касцёла ў сучасным свеце і сінадальнасці.
На заканчэнне першай сесіі надзвычайнага кансісторыя Пантыфік падзяліўся сваім бачаннем будучыні Касцёла, падкрэсліўшы важнасць супольнага распазнавання. У спантанным выступленні ён адзначыў, што шлях, пройдзены разам, не менш важны за выніковыя рашэнні, паколькі Калегія кардыналаў дае свету сведчанне адзінства і гатоўнасці слухаць Духа Святога. Папа заклікаў не баяцца навізны і пазбягаць замкнёнасці ў мінулым, ставячы ў прыклад радасць Евангелля, якая вызваляе і робіць вернікаў творчымі.
Паводле яго слоў, Касцёл не існуе сам для сябе або для іерархіі — яго сапраўдная місія заключаецца ў абвяшчэнні Хрыста свету праз сінадальнасць і місіянерскі запал.
Святы Айцец падкрэсліў, што гэты працэс з’яўляецца працягам дыскусій, распачатых яшчэ падчас генеральных кангрэгацый перад майскім канклавам 2025 года.
Пантыфік на заканчэнне кансісторыя: дыялог працягнецца
У Ватыкане быў апублікаваны тэкст звароту Льва XIV да кардыналаў, прамоўленага на заканчэнне надзвычайнага кансісторыя. У ім Папа заахвоціў іерархаў працягваць крочыць шляхам узаемнага знаёмства, супрацоўніцтва і дыялогу.
Леў XIV абвясціў пра намер склікаць кансісторый штогод, пацвердзіўшы сустрэчу кардыналаў у чэрвені 2026 года, напярэдадні ўрачыстасці святых Пятра і Паўла, і правядзенне агульнакасцельнай асамблеі ў кастрычніку 2028 года.
Наступныя сустрэчы
Пантыфік расказаў, што прыняў прапанову кардыналаў праводзіць такія сустрэчы кожны год, а таксама ў далейшым павялічыць іх працягласць да трох-чатырох дзён. Ён адзначыў, што першы дзень можа быць прысвечаны разважанню, малітве і сустрэчы, а наступныя могуць насіць рабочы характар. Святы Айцец заклікаў кардыналаў да салідарнасці і дапамогі тым, каму складана прыехаць у Рым з эканамічных прычын.
Працяг дыялогу
Леў XIV папрасіў іерархаў падзяліцца ў пісьмовай форме меркаваннямі адносна кансісторыя, а таксама чатырох тэм, якія ён прапанаваў для рэфлексіі: евангелізацыі, сінадальнасці, служэння Рымскай курыі і літургіі. Ён запэўніў, што паступова азнаёміцца з заўвагамі кардыналаў і дасць ім адказы, каб дыялог працягваўся.
Барацьба са злоўжываннямі
Гаворачы пра тэмы, якія закраналіся ў ходзе дыскусій, Пантыфік заклікаў працягваць рашучыя дзеянні па выкараненні сексуальных злоўжыванняў у Касцёле. Ён адзначыў важнасць належнага суправаджэння ахвяр, нагадаўшы, што асаблівы боль ім прычыняе закрытасць з боку Касцёла і нежаданне біскупаў выслухаць іх.
Важнасць фармацыі
Леў XIV звярнуў увагу на важнасць фармацыі як духавенства, так і свецкіх вернікаў. У прыватнасці, ён адзначыў патрэбу ў навучанні слуханню. Па словах Папы, фармацыя павінна быць «укаранёная ў штодзённае і канкрэтнае жыццё мясцовага Касцёла, парафіяльных супольнасцей і многіх іншых месцаў, дзе сустракаемся з людзьмі, асабліва тымі, хто пакутуе».
Хрыстус – у цэнтры місіі Касцёла
Папа нагадаў, што цэнтральнае месца ў місіі Касцёла павінен займаць Езус Хрыстус і абвяшчэнне Яго Евангелля.
«Мы хочам абвяшчаць Яго слова, і таму таксама і нам важна весці сапраўднае духоўнае жыццё, якое можа быць сведчаннем для сучаснага свету»,
— сцвердзіў Пантыфік.
Сінадальнасць дзеля місіянерскай крэатыўнасці
Святы Айцец адзначыў важнасць далейшага ўмацавання адзінства і сінадальнасці для місіянерскай дзейнасці Касцёла. Ён падкрэсліў, што сінадальныя сустрэчы паміж біскупамі, святарамі і свецкімі вернікамі ці паміж мясцовымі Касцёламі павінны дапамагаць прасоўваць сапраўдную місіянерскую крэатыўнасць.
Несці надзею свету
Пантыфік заўважыў, што ўдзельнікі кансісторыя не абыякавыя да беднасці, пакут, вайны і гвалту, якія закранаюць многія мясцовыя Касцёлы. «Маючы іх у сваіх сэрцах, мы блізкія да іх»,
— сказаў ён, заклікаючы прыкладаць намаганні, каб несці надзею ў свет.





